Наталья Херше
Фото: TUT.BY

У брата палітзняволенай Наталлі Хершэ Генадзя Касьяна зрабілі ператрус. Яго падазраюць паводле 341 артыкулу («Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці») Крымінальнага кодэксу.

Генадзь Касьян жыве ў Маладзечна. Як паведамляе Радыё Свабода, 25 траўня а 3-й гадзіне дня да яго прыехала следчая група на чале з начальнікам крымінальнага вышуку. Яны паказалі пастанову аб пачатку крымінальнай справы па 341-м артыкуле.

«Нібыта я размаляваў Дом быту ў Маладзечна. Гэта поўная лухта. Яны правялі ў маёй кватэры ператрус, нічога не знайшлі. Шукалі фарбы, балончыкі, патроны, зброю. Прапанавалі аддаць тэлефон і паказаць графічны ключ да яго. Тэлефон яны забралі і апячаталі. І вось сказалі чакаць выкліку ў аддзел да следчага, – кажа Генадзь. – Я стаўлюся да гэтага як да псіхалагічнага ціску. Бо спачатку выклікаюць на допыт, а потым нешта прад’яўляюць».

Паводле Генадзя, у пастанове не было ніякіх падрабязнасцяў, калі і што было напісана на Доме быту на вуліцы Будаўнікоў.

«Гэта псіхалагічны ціск, магчыма, за тое, што я даю каментары ў незалежных СМІ пра сястру Наталлю. Каб мяне запалохаць. Я ня ведаю, што яны мне могуць прадʼявіць па гэтым абвінавачанні, бо я рэальна ў гэтым ня браў удзелу. Хіба што сфабрыкаваць, калі так будзе».

Паводле Генадзя, супрацоўнікі, якія праводзілі ператрус, вялі сябе карэктна.

«Начальнік крымінальнага вышуку паказаў пастанову; я, зразумела, быў уражаны, – кажа Генадзь. – Гэта былы будынак Дома быту, вялікі будынак. Я знарок учора, калі быў у тым раёне, абышоў яго і абсалютна нічога там не знайшоў. Яшчэ следчыя спыталі, ці ведаю я Паўла Кучко, гэта мой сябра, які жыве ў суседнім доме. Яго 9 траўня затрымалі, калі ён ездзіў у кабрыялеце з бел-чырвона-белым сцягам. Цяпер ён адбывае 25 сутак у ізалятары ў Маладзечна».

Генадзь Касьян кажа, што не рабіў таго, што яму інкрымінуюць.

«Я ня ведаю, якія доказы ў іх ёсць. Але гэта абсалютная лухта. Тое, што мне прад’яўляюць, гэта няпраўда».

«Я думаю, што Наталля знаходзіцца ў ШЫЗА»

Ад сястры Наталлі Хершэ, якая адбывае пакаранне ў гомельскай калоніі, Генадзь апошнім часам ня мае ніякай інфармацыі.

«Я мяркую, што яна знаходзіцца ў ШЫЗА, бо ўсё пра гэта сведчыць. Цягам апошніх трох тыдняў ніякіх лістоў ці тэлефанаванняў, якія раней былі рэгулярна, штотыдзень. Я думаю, што яна знаходзіцца ў ШЫЗА, яе так пакаралі, хутчэй за ўсё, за адмову шыць форму сілавікам», – кажа Генадзь.

Паводле Генадзя, учора па «прамой лініі» ён меў гутарку з начальнікам упраўлення Дэпартаменту выканання пакаранняў Гомельскай вобласці. Ён задаў тры пытанні аб Наталлі:

  • Чаму яе пазбаўляюць перыядычных выданняў, на якія яна падпісаная – «Рэгіянальнай газеты» і «Новага часу»?
  • Чаму канфіскуюць лісты да Наталлі? Яна іх вельмі рэдка атрымлівае.
  • Ці абавязаны дэпартамент альбо адміністрацыя яму паведаміць, што Наталля пераводзіцца ў ШЫЗА?

На трэцяе пытанне начальнік адказаў адразу, што не абавязаныя. Маўляў, пра гэта Генадзь зможа даведацца, калі Наталля напіша ліст.

У чым вінавацяць Наталлю?

Наталлю Хершэ 7 снежня пакаралі двума з паловай гадамі зняволення за супраціў супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу). 19 верасня падчас жаночага маршу каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца. Паводле прысуду, яна мусіць выплаціць пацярпеламу тысячу рублёў. Сваёй віны Хершэ не прызнала. Яна адбывае пакаранне ў жаночай калоніі № 4 Гомля.

У красавіку стала вядома, што грамадзянка Швейцарыі, палітзняволеная Наталля Хершэ звярнулася да прадпрыемстваў, каб яны заказалі шыць цывільнае адзенне ў гомельскай калоніі № 4, дзе яна адбывае пакаранне. Наталля заявіла, што адмаўляецца шыць форму для сілавікоў на вытворчасці ў калоніі.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»