Развітанне з Вітольдам Ашуркам
Фота: Радыё Свабода

Труну з Вітольдам Ашуркам прывезлі ў Бярозаўку. Развітацца з ім ідуць людзі. Аб тым, што яны кажуць пра смерць актывіста і тлумачэнні ўладаў даведалася Радыё Свабода.

Андрэй Ашурак, брат Вітольда Ашурка, расказаў, што так да канца і не вядома, як і чаму памёр Вітольд:

«Папярэдняя версія была спыненне сэрца.
Потым – цалкам забінтаваная галава.
Потым – відэа з карцара, дзе ён паваліўся. Як і што рабілася з чалавекам, які ня можа стаяць на нагах, хоць да гэтага быў цалкам здаровы?
Плюс незадоўга да з’яўлення гэтага відэа – калі мы забіралі цела, [нам сказалі], што, прабачце, на жаль, мы даставалі яго з маразільнай камеры і незнарок ударылі галавой.
Варыянты – на выбар. Выбірайце.
Я лічу, што, хутчэй за ўсё, гэта банальнае забойства. Нават не банальнае, а проста злачынства», – сказаў Андрэй Ашурак.

Вольга Быкоўская, сяброўка Вітольда Ашурка, лічыць, што ў смерці Вітольда Ашурка ня можа ня быць вінаватых, «бо Вітольд знаходзіўся ў закрытай калоніі, дзе за ім сочаць увесь час».

«Пытанне толькі – што гэта было: давядзенне да смерці, неаказанне медычнай дапамогі, ці самы, напэўна, страшны варыянт, калі яго білі, пакуль яму ня стала настолькі кепска, што ён памёр. У гэтай відэастужцы камітэту, на жаль, пацверджанне гэтай трэцяй версіі», – сказала Вольга Быкоўская.

Яна лічыць, што ў фрагменце, дзе чалавек хістаецца і падае, можа сапраўды быць Вітольд. Але ў фрагменце, дзе чалавеку зняволенаму аказваюць медычную дапамогу, яна Вітольда не пазнала. Гэтак жа казаў і сябра Вітольда Ашурка Сяргей Пантус.

Узгадваючы Вітольда, ён адзначыў, што для яго былі святымі беларуская мова і дзяржава.

«У лісце ён напісаў, што адзін ахоўнік абражаў беларускую мову – і ён яго проста праз кармушку ўдарыў. Яму далі за гэта 5 сутак карцара. Я здзіўляюся, як не завялі яшчэ адну крыміналку. У гэтым увесь Вітольд».

«Чаму яго не паказваюць у санчастцы?»

Вольга Быкоўская звярнула ўвагу на тое, што тлумачэнне супрацоўнікаў моргу супярэчыць версіі Следчага камітэту.

«Мне хацелася б спытаць, якім чынам так атрымалася? Якая версія з гэтых версіяў праўдзівая? Чаму, калі ён сапраўды сябе так кепска адчуваў, пра гэта нічога ня ведала судмедэкспертыза, а распавядала байкі пра тое, што яны бінтавалі галаву, бо яго стукнулі?»

Яна сказала, што нават калі паверыць у сапраўднасць відэа Следчага камітэту, застаецца пытанне да дзеянняў турэмнікаў.

«Бачна, што чалавеку вельмі кепска. Ён некалькі разоў падае на падлогу, і яму толкам не аказваюць дапамогу. Яму фактычна здымаюць сімптомы. Яму забінтоўваюць галаву, і ніхто асабліва не заварочваецца, што з ім адбылося, чаму ён падае, чаму ён траціць прытомнасць. Чаму яго не паказваюць у санчастцы?»

«Гэта можа здарыцца з усімі палітвязнямі»

Вольга Быкоўская лічыць, што грамадства павінна ведаць, што адбывалася з Ашуркам да паказанага відэа.

«Мы пабачылі на гісторыі Вітольда Ашурка, што гэта можа здарыцца з усімі [палітвязнямі]. Мы ня толькі прызвычаімся чакаць гэтых людзей з калоніі. Мы ў выніку вымушаныя прызвычаіцца іх ніколі не пабачыць. Атрымліваецца, гэта быў смяротны вырак для Вітольда Ашурка».

Да турмы Вітольд Ашурак на здароўе ня скардзіўся

Сяргей Пантус ведаў Вітольда Ашурка як моцнага здароўем чалавека. «Так, ён быў худы, але падцягнуты, жылісты». Ён дапускае, што пасля карантыну Вітольд Ашурак увесь час быў у карцары, бо ад яго перасталі прыходзіць лісты.

Вольга Быкоўская расказала, што ў лістах Вітольд Ашурак на здароўе ня скардзіўся.

«Нават калі мы вырашылі, што ён захварэў, бо папрасіў перадаць лекі, калі адпраўляўся з Ліды ў Горадню пасля прысуду, – аказалася, што ён проста падстрахаваўся. Прынамсі, ён так напісаў».

«Людзі ішлі за ім і верылі яму»

Сяргей Пантус назваў Вітольда Ашурка чалавекам з вялікай літары, шчырым сябрам, справядлівым і сумленным.

«Мы з ім часцяком спрачаліся, але ўсё адно заставаліся сябрамі. У кампаніях ён заўсёды спыняў сварку – не любіў канфлікты».

«У свабоднай дэмакратычнай Беларусі з яго атрымаўся б сапраўдны, добры моцны палітык, – сказала Вольга Быкоўская. – Людзі бачылі, што ён сапраўдны лідар, і таму ішлі за ім і верылі яму».

«Сыночак, што ж ты нарабіў?»
У Бярозаўцы пачалі развітвацца з Вітольдам Ашуркам

Цела Вітольда Ашурка прывезлі ў родную Бярозаўку ўвечары 25 траўня. Людзі да ночы ішлі, каб развітацца з памерлым у калоніі палітвязнем.

Каб дабрацца на другі край Беларусі, сваякі выехалі з Бярозаўкі ноччу на аўторак. Цела ім аддалі з перабінтаванай галавой. У моргу судмэдэкспэртызы Магілёва патлумачылі, што выпадкова ўдарылі галаву, калі даставалі цела з адмысловай лядоўні.

Пазней следчы камітэт паказаў відэа, з іхных словаў, датычнае да смерці Ашурка, дзе відаць, як чалавек ідзе ў туалет, падае і бʼецца тварам аб сцяну і трубу туалета.

У пахавальны касцюм, які родныя прывезлі з сабой, Ашурка апраналі супрацоўнікі морга.

Магілёўскія міліцыянты папярэдзілі, што будуць суправаджаць машыну, маўляў, «вы самі разумееце, што настрой у народа неспакойны». Аднак «хваста» за сабой родныя ня бачылі, у машыну да іх таксама ніхто з міліцыянтаў не сядаў.

Цела Вітольда па дарозе не аглядалі, павязку не здымалі. Труну адразу па прыездзе выставілі адкрытай у рытуальнай залі Бярозаўкі ў будынку Дому быту.

«Ён жа стаў, як падлетак, плечы худзенькія, жывата няма», – усё паўтарала маці Вітольда Алена Міронаўна.

«Вы ж самі ведаеце, як там кормяць», – выказвалі здагадку прысутныя.

Ніжняя частка твару Вітольда, якую відаць з-пад бінтоў, і шыя ссінелыя. Відаць пашкоджаньні на твары нібыта засохлыя ранкі. Твар густа пакрыты грымам.

«Няўжо ён падаў і так разбіў сабе твар, што і шыя пасінела і апухла? У яго ж не такая тоўстая шыя была», – здзіўлялася маці.

На ранак 26 траўня, калі прызначылі развітанне і пахаванне Ашурка, ягонага брата і сябра выклікалі ў міліцыю ў справе аб хуліганстве. Яе завялі пасля абвяшчэння прысуду Ашурку ў студзені, бо нехта выгукнуў «Ганьба» і «Верым, можам, пераможам». Цяпер праводзяць фанетычную экспертызу, каб высветліць, каму належыць голас воклічаў у судовай залі.

Вядома, што таксама гарадзенская міліцыя цікавілася ў актывістаў, ці плануюць падчас пахавання ўздымаць бел-чырвона-белыя сцягі і ладзіць мітынг.

Нягледзячы на тое, што развітанне прызначылі на раніцу, людзі прыязджалі яшчэ ўвечары нават з іншых гарадоў, каб правесці актывіста ў апошні шлях.

«Сыночак, што ж ты нарабіў? Навошта гэта ўсё? Прыняў пакутніцкую смерць, паміраў у болі. Не было там цябе каму пашкадаваць. Я па табе буду сумаваць. Апошняя ночка мне з табой засталася. Больш ніколі цябе ня ўбачу», – пяшчотна паўтарае маці каля труны.

Развітанне ўвечары праходзіла спакойна. Пеўчыя пелі каталіцкія пахавальныя спевы, маліліся разам з прысутнымі за супакой душы Вітольда. Групы людзей змянялі адна адну. Заходзіла шмат мужчын, плакалі, маўчалі. Нехта выказваўся пра нябожчыка.

«Гэта, відаць, з Ліды прыехалі ці з Наваградку. Вітольд жа для іх такі лідар быў», – перагаворваюцца прысутныя.

Успаміналі жартаўлівыя гісторыі з маладосці, з часоў, калі Вітольд яшчэ ня трапіў у турму, як ён балатаваўся ў дэпутаты, як будаваў плыты з паплечнікамі і катаў па Нёмане амерыканскую амбасадарку ў Беларусі, як лазілі дзецьмі за мёдам, і як ставілі крыжы паўстанцам.

«Мы бярозаўскія, – з гонарам кажа Андрэй Ашурак. – У Бярозаўцы жыве 140 тысяч чалавек. Але калі адкінуць спальныя раёны Ліду і Наваградак, то ў самым цэнтры – каля 10 тысяч», – нават на пахаванні сваякі ўспамінаюць добрае і жартуюць.

Яны кажуць, што Вітольд ніколі ня скардзіўся. Ён пісаў звычайна аптымістычныя лісты, верыў, што ня будзе сядзець 5 гадоў.

«Гэта ён нам пісаў «трымайцеся», нібыта мы ў турме, а ён на волі», – кажа сябар Ашурка.

А 14:00 пройдзе пахавальная імша ў касцёле. Потым Вітольда пахаваюць на гарадскіх могілках.

«Пахаваем яго, і ўсе на яго забудуцца», – перажывае маці.

«На Вітольда не забудуцца. Ён хацеў паставіць у Бярозаўцы помнік заснавальніку шклозавода Столе, але цяпер больш актуальна ставіць тут помнік Вітольду Ашурку», – адказваюць людзі.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»