Да 100-годдзя БДУ выйшаў дакументальны фільм пра яго першага рэктара «Пічэта. Жыццё і лёс», піша “Звязда“.

У 15-хвілінным роліку расказваецца пра жыццёвы шлях вучонага, акадэміка акадэмій навук БССР і СССР Уладзіміра Іванавіча Пічэту. Гледачоў знаёмяць з цікавымі фактамі з яго дзяцінства, малалецтва і перыяду рэктарства, раскрываюць біяграфію бацькоў. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць успаміны яго бацькі Івана Хрыстафоравіча. Акрамя таго, у стужку ўключаны ўнікальныя архіўныя дакументы і фатаграфіі. Сярод іх — рэдкія партрэты Уладзіміра Іванавіча, фота дома, дзе ён правёў дзіцячыя гады, яго бацькоў, братоў і сясцёр, выкладчыкаў, а таксама дыплом аб завяршэнні навучання на гісторыка-філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта і першыя навуковыя выданні з аўтографам. Дарэчы, усе скарыстаныя ў фільме матэрыялы і дакументы захоўваюцца ў музеі гісторыі ўніверсітэта і аддзеле гуманітарна-асветніцкай работы і папулярызацыі кніжных помнікаў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.

Дакументальны фільм размешчаны на афіцыйным канале гістарычнага факультэта ў YouTube. Ініцыятыва і рэалізацыя ідэі па яго стварэнні належыць студэнтам, выкладчыкам факультэта і супрацоўнікам Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.

Уладзімір Іванавіч Пічэта (1878–1947) — беларускі гісторык, першы рэктар БДУ (1921–1929), акадэмік АН БССР з 1928 года, заслужаны прафесар БССР, акадэмік Акадэміі навук СССР з 1946 года. Дзякуючы ўкладу Уладзіміра Іванавіча ў Беларусі быў створаны ўніверсітэт класічнага ўзору. Значным дасягненнем Пічэты стала прыняцце ўрадам у 1928 годзе рашэння аб будаўніцтве студэнцкага гарадка. З імем Пічэты звязана станаўленне беларускай савецкай гістарычнай навукі, гісторыі права і эканомікі. Тэмы яго даследаванняў уключалі пытанні этнагенезу беларускага народа, гісторыі беларускіх гарадоў, археалогіі і краязнаўства, гісторыі беларускай мовы і літаратуры. З 500 работ вучонага больш за 150 прысвечаны гісторыі Беларусі.

Поделиться ссылкой: