Фота: pixabay.com

Гэтую далікатую праблему доўгі час замоўчвалі. Проста спецыялістаў, якія маглі б яе вырашыць, не было. Але, на шчасце, цяпер палегчыць стан пацыентаў з генітальным варыкозам могуць флеболагі, піша “Звязда“.

Лёгка здагадацца з назвы, што гэты від варыкознага пашырэння вен фарміруецца ў вобласці геніталіяў. Хоць пачынаецца ён у малым тазе. Вянозная сістэма там вельмі разгалінаваная і кантактуе са многімі ўнутранымі органамі: прамой кішкай, похвай, мачавым пузыром… Гэта цэлая сетка, якая мае мноства пунктаў выхаду вен у вобласці геніталіяў.

Часта прычынай такой хваробы становяцца эстрагены – жаночыя палавыя гармоны. Яны паслабляюць сценкі сасудаў, робяць іх тонкімі, высокаэластычнымі і лёгка расцяжнымі. Таксама правакуюць любы від варыкозу цяжарнасць і роды. Але калі пашыраныя вены малога таза – нічога страшнага ў гэтым да пэўнай ступені няма. А вось калі вены пашыраюцца на вонкавых палавых органах, гэта не толькі псуе знешнюю эстэтыку, але і прычыняе клінічныя нязручнасці. Геніталіі могуць балець, цягнуць, ацякаць… Бывае, пашкоджаныя вены настолькі шматлікія, што яны сыходзяць углыб, ва ўнутраную сценку похвы, і цягнуцца ажно да малога таза. Гэта звязана з вялікай колькасцю крыніц кровазабеспячэння, якія выходзяць у прамежнасць і запаўняюць генітальныя вены.

Які ўрач вырашае такую далікатную і складаную праблему? На першы погляд, незразумела. Таму доўгі час гэтую хваробу наогул ніхто не лячыў. Гінеколагі не працуюць з сасудамі, а хірургаў не навучаюць гінекалогіі. Уролагі таксама займаюцца сваімі праблемамі, іх сфера – мачавы пузыр, ныркі. У выніку за вырашэнне пытання ўзяліся… флеболагі. Перш за ўсё ім давялося асвоіць УГД-дыягностыку. Трансвагінальную ў тым ліку, бо глыбіннае даследаванне вен на нагах дазволіла зрабіць высновы, што не толькі ў ніжніх канечнасцях сасуды запаўняюцца крывёй. Часта асноўны іх шлях – генітальны рэгіён.

Лячыць такі варыкоз можна і трэба. Склератэрапія «склейвае» пашыраныя вены, якія з цягам часу проста разыходзяцца і знікаюць. Часам у лячэнні выкарыстоўваецца лазер. У цяжкіх выпадках, калі на палавых губах утвараецца тромб, даводзіцца звяртацца да хірургічнага высячэння. Любая з гэтых працэдур доўжыцца 10-15 хвілін, выконваецца пад мясцовай анестэзіяй. Пасля яе рэкамендуецца актыўна пахадзіць паўгадзіны-гадзіну.

Супрацьпаказанняў да лячэння генітальнага варыкозу няшмат: гэта цукровы дыябет, анкалагічныя захворванні ў актыўнай стадыі, цяжарнасць, лактацыя, гнайнічковыя запаленні ў зоне меркаваных ін’екцый і ляжачыя хворыя, бо пасля працэдуры трэба адразу актыўна хадзіць.

Часта ў пацыентаў узнікае пытанне: а што, калі пасля выдалення адной вены, тут жа вылезе другая, трэцяя? На самай справе, проста так вены не пашыраюцца. Для гэтага павінна быць прычына. На першым месцы гэта, як ужо было сказана, эстрагены (так што трэба ўзважыць усе «за» і «супраць», пагаджаючыся на гарманальную кантрацэпцыю). На другім – цяжарнасць і роды (таму ў жанчын гэта захворванне сустракаецца ў чатыры разы часцей, чым у мужчын.) Калі падоўгу сядзець нага за нагу – гэта таксама правакуе застой крыві. Што да абцасаў – яны на адным з самых апошніх месцаў у топе прычын развіцця варыкозу.

Таблеткамі пашыраныя вены не звузіць. Але для прафілактыкі варыкознай хваробы пажадана перыядычна прымаць венатонікі. Інтымная гімнастыка, пра якую апошнім часам усё часцей гавораць, часткова ўздзейнічае на вянозны адток, але ў цэлым праблему не вырашае. Вянозныя спляценні вельмі масіўныя, і ніякай гімнастыкай іх дужа не разгоніш.

А яшчэ ёсць варыкоз верхніх канечнасцяў і ўнутраных органаў. Але для развіцця такой хваробы павінны быць важкія прычыны. Напрыклад, цыроз печані, калі орган перастае выконваць функцыю «фільтра», скрозь які кроў не можа цячы. І ёй даводзіцца шукаць абыходныя шляхі: гемарой, вены страваводу, вены пярэдняй брушной сценкі… Але такія праблемы, на шчасце, сустракаюцца рэдка, бо ў чалавечым арганізме ўнізе – самы вялікі ціск, а зверху – самы слабы.

Увогуле, трэба разумець, што арганізм – гэта адзіная сістэма. І калі аднойчы пастаўлены дыягназ «варыкознае пашырэнне вен ніжніх канечнасцяў», то не варта ігнараваць стан вен малога таза і нават геніталій. Усё гэта звёны аднаго ланцуга.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»