Уладзімір Мацкевіч

— Амаль у кожным сваім блогу вы крытыкуеце і грамадскасць, і апазіцыю за поўную бездапаможнасць. А што канкрэтна вы маглі б прапанаваць і рэалізаваць? – з такім пытаннем «Народная Воля» звярнулася да вядомага філосафа Уладзіміра МАЦКЕВІЧА.

– Я не буду паўтараць усё тое, што прапаноўваў раней, – адказаў наш суразмоўца. – Старыя прапановы ўжо не маюць значэння, хаця частку з іх нават хтосьці падхопліваў і імкнуўся выканаць. Праўда, досыць бязглузда.

– А сёння што вы прапаноўваеце?

– На сённяшні дзень застаецца актуальнай мая прапанова аб тым, што патрэбна аб’яднанне ўсіх палітычных сіл, прыняцце на сябе абавязкаў адносна адзін аднаго і сінхранізацыя супольных дзеянняў.

Сам па сабе народны пратэст, які з’яўляецца проста энергетыкай, не прыводзіць да вынікаў. Вынікі павінны быць запланаваны палітычнымі сіламі і палітычнымі лідарамі. А калі гэтыя лідары, як кажуць, «жуюць соплі» і толькі ўхваляюць тое, што адбываецца ў грамадстве, то гэта – не палітыка. Гэта – піяр, нешта яшчэ, але толькі не палітыка.

Усе мае прапановы, якія былі зроблены на падставе глыбокай аналітыкі, тычыліся палітычных цэнтраў і палітычных лідараў. Але гэтая аналітыка аказалася нікім не запатрабаваная.

– Да каго канкрэтна вы звярталіся са сваімі прапановамі?

– Да ўсіх лідараў апазіцыі, я знаходзіўся ў кантакце з усімі, пачынаючы са штаба Віктара Бабарыкі і да астатніх.

Але сёння я і сам прыпыніў кантакты з імі, бо яны бязглуздыя. Яны ўсе апраўдваюцца перада мной: маўляў, нехта ім замінае скарыстацца тым, што я прапаную. Абвінавачваюць адзін аднаго і гэтак далей.

Дарэчы, мяне блакіруюць і сродкі масавай інфармацыі, у мяне практычна няма магчымасці выступаць у СМІ перад вялікай аўдыторыяй.

– Адным словам, тое, што вы прапануеце, практычна рэалізаваць немагчыма?

– Магчыма. Для гэтага патрэбна толькі воля і кемлівасць. І я разумею, чаму мае прапановы адфутбольвае апазіцыя. Яны ў палітыцы – адэпты папулісцкай накіраванасці, лічацца толькі з тым, што гаворыць большасць. А ў большасці такі плюралізм, што на аднаго чалавека прыпадае дзесяць меркаванняў.

Народная маса не мае ні аналітыкі, ні магчымасці стратэгічна паглядзець на тое, што адбываецца наўкол. І ім прасцей адфутболіць аднаго Мацкевіча і не лічыцца з ім. У вялікіх тусоўках так здараецца.

Таму, паўтаруся, усе мае ідэі сёння – у выглядзе аналітыкі. Спадзяюся, што нарэшце апазіцыйныя палітыкі заўважыць, як яны губляюць папулярнасць і ўплыў, і зацікавяцца тымі прапановамі, якія робяцца на падставе рэальнага аналізу сітуацыі, а не мар і фантазій.

Публікацыя – з № 38 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»