Анатоль Лябедзька, фота bnp.by
Анатоль Лябедзька, фота bnp.by

У жонкі вядомага палітыка «Народная Воля» пацікавілася, ці ёсць якія-небудзь навіны ад мужа, які адбывае адміністрацыйны 30-сутачны арышт.

Нагадаем, што Анатоля Лябедзьку затрымалі 14 мая ў Мінску каля будынка Дома правасуддзя. У гэты дзень пачаўся суд над групай студэнцкіх актывістаў, і палітык прыйшоў іх падтрымаць.

У выніку Анатоль Лябедзька атрымаў 30 сутак арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве».

– За тыя дзесяць сутак, што муж знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, з ім не было абсалютна ніякай сувязі, – кажа Святлана ЛЯБЕДЗЬКА. – Адвакат спрабуе патрапіць да свайго кліента, але да гэтага часу не атрымлівалася. Наколькі мне вядома, на Акрэсціна адвакатаў апошнім часам не пускаюць да падабаронных. Хаця, магчыма, не да ўсіх.

– Лісты таксама не даходзяць?

– Поўны інфармацыйны вакуум! Лісты і ручкі вязням ЦІП не даюць, таму пра якое ліставанне можна казаць? Я ўсё гэта хацела перадаць Анатолю, але аказалася, што не дазволена.

– У мінулы чацвер вы адносілі мужу перадачу…

– Так, перадачы прымаюць толькі па чацвяргах. Дазволілі перадаць зефір, мармелад, канфеты, сушкі, сухую садавіну і нейкія сродкі гігіены. Больш нічога! Напрыклад, кілбаса, а таксама садавіна і гародніна – забаронены. Купіла кавалак сала, яго таксама не ўзялі. І чаму так адбываецца – абсалютна незразумела.
Дарэчы, каб перадаць перадачу давялося стаяць у чарзе пад дажджом з 9.30 да 15.30. Такія вось умовы ствараюць і для тых, хто за кратамі, і для іх блізкіх…

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»