Мацвей Волкаў

Перспектыўны расійскі скакун з шастом будзе выступаць за зборную Беларусі.

Мацвей пераехаў разам з сям’ёй з Іркуцка ў Беларусь летам мінулага года. Дарэчы, бацька спартсмена Канстанцін Волкаў – сярэбраны прызёр Алімпіяды-80 па скачках з шастом.

– Атрыманне грамадзянства – гэта дастаткова складаная працэдура, – распавядаў Канстанцін Волкаў. – Паскорыць яе можа толькі кіраўнік краіны, калі ён вырашыць у адмысловым парадку даць грамадзянства.

Але, паводле правіл федэрацыі, аднаго грамадзянства недастаткова, то бок хто-небудзь з бацькоў таксама павінен атрымаць яго. Гэта не ад нас залежыць. Мы вось прыехалі – усё, мы вашы. Справа ў тым, што юрысты федэрацыі думалі, што па спрошчаным варыянце можна пайсці, але аказалася, што нельга. Трэба рабіць поўнае грамадзянства.

У выказваннях Мацвея пра змену грамадзянства гучала пэўная крыўда на расійскіх спартыўных чыноўнікаў.

– Усё адбылося на глебе таго, што нам не давалі трэніравацца ў сувязі з каранавірусам, – адзначае спартсмен. – Не пускалі ні на адзін стадыён, хаця ў іншых краінах лёгкаатлеты працягвалі падрыхтоўку.

Вось бацька і патэлефанаваў у Беларусь – там атлеты маглі рыхтавацца без якіх-небудзь праблем. Ужо на наступны дзень яму ператэлефанаваў кіраўнік федэрацыі. Неўзабаве бацькі з’ездзілі туды, усё паглядзелі, ім вельмі спадабалася. Яны і вырашылі, што трэба пераязджаць.

Я разумею, што ў Беларусі мая будучыня. А ў Расіі мне лавіць няма чаго. Шкада толькі, што ўсе сябры і сваякі застаюцца ў Іркуцку. У астатнім – маю тое, што маю. Так на гэты момант трэба.

16-гадовага спартсмена лічаць вельмі перспектыўным: сёлета ён паставіў сусветны рэкорд сярод юніёраў.

Зараз усе фармальнасці вырашаны, і Мацвей Волкаў афіцыйна атрымаў права прадстаўляць Беларусь на ўсіх міжнародных спаборніцтвах.

Былы старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі з гэтай нагоды выказаўся так:

– Лёгкая атлетыка ў Беларусі на высокім узроўні, але мы рады падставіць плячо сябрам з Расіі.

Публікацыя – з № 38 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»