Вітольд Ашурак. Фота https://politring.com

21 мая стала вядома, што ў Шклоўскай калоніі №17 памёр 50-гадовы гродзенскі абласны каардынатар руху «За Свабоду», сябра Партыі БНФ Вітольд АШУРАК. Папярэдне прычынай смерці назвалі спыненне сэрца, праводзіцца праверка.

Вітольд Ашурак жыў у невялікім гарадку Бярозаўка Лідскага раёна. 18 студзеня 2021 года яго асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Суд прызнаў яго вінаватым у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ў нападзе на міліцыянера падчас акцыі пратэсту ў Лідзе 9 жніўня 2020 года.

Яго смерць ускалыхнула многіх людзей у Беларусі. Сеціва запоўнена каментарыямі і здагадкамі. «Народная Воля» звярнулася да яго найбліжэйшых сяброў і пацікавілася, што яны думаюць пра яго смерць, а таксама якім Вітольд быў сябрам і наогул чалавекам.

Сяргей ПАНТУС, адзін з найбольш блізкіх сяброў Вітольда:

– Мы разам працавалі. Побач жылі. Вельмі цяжка прамаўляць гэтыя словы, разумею, што яго ўжо няма, а сэрца не прымае, не верыць.

Што датычыцца прычыны смерці, то варта пачакаць, калі з’явіцца хоць нейкая інфармацыя. Ніколі раней на сэрца ён не хварэў. Ён у шпіталі толькі адзін раз ляжаў недзе на пачатку 1990-х, як вярнуўся з войска. А так ніколі на здароўе не скардзіўся.

А вось чалавечыя якасці Вітольда былі ўнікальныя. Спакойны, інтэлігентны, начытаны, сціплы, з ім было цікава размаўляць, асабліва на гістарычную тэматыку. Чалавек зусім неканфлікты, і калі мы часам спрачаліся, то было бачна, як моцна ён усё гэта перажываў. А тое, што жыў Беларуссю, змагаўся за Беларусь і памёр за яе, – гэта дакладна пра Вітольда.

Цяпер, калі людзі выкладваюць у сеціве лісты Вітольда з турмы, бачна, што ён ніколі не пісаў пра сябе, а толькі пра Беларусь. У гэтым і была яго сутнасць.

Юрый ДЗЯШУК, жыхар г.Бярозаўка:

– Я шмат часу праводзіў разам з Вітольдам, мы блізка сябравалі. Адносна яго смерці скажу, што цяпер ніхто не верыць у тое, што агучана афіцыйна. А праўда вельмі патрэбна ўсім нам.

Ён усё жыццё працаваў на будоўлі, быў здаровым мужчынам, ніколі не скардзіўся на сэрца і наогул на здароўе.

Вітольд быў Чалавекам з вялікай літары. Паводле яго слоў, ён меў не стальны, а тытанавы стрыжань у сабе.

Нават з палітычнымі апанентамі ён заўсёды размаўляў карэктна, стрымана, усіх заўсёды называў на «вы». Людзі з іншымі поглядамі паважалі яго за гэтую прыстойнасць. І ён ніколі не адыходзіў ад правілаў чалавечай прыстойнасці.

А яшчэ Вітольд быў вельмі працавіты, калі патрабавалася, мог зняць апошнюю кашулю і аддаць таму, каму яна была больш патрэбна.

Цудоўны сябра быў, таварыскі, ніколі нікога не падмануў, чужога ні ў кога не ўзяў і хацеў для Беларусі, для Бярозаўкі, для Лідчыны толькі лепшай долі…

Віталь КАРАБАЧ, сябра Вітольда:

– Цяжка сказаць, што здарылася ў той калоніі, але думаю, што раней ці пазней усё стане вядома.

Я ж адзначу: сябрам і чалавекам Вітольд быў сапраўдным, больш такіх людзей сярод знаёмых я не ведаю.

Шчыры чалавек, што думаў, тое і казаў. У яго не было ніякіх хітрыкаў, ён нікога не падманваў. Я напачатку нават яго не разумеў, а потым стаў яго за прынцыповую пазіцыю паважаць.

Вітольд шмат мне дапамагаў у будаўніцтве, і ўсё па-сяброўску, без усякай карысці для сябе.

Вадзім САРАНЧУКОЎ, кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ:

– Смерць Вітольда – гэта вялікая страта як для Гродзеншчыны, так і для ўсёй Беларусі.

Абсалютна спакойны, упэўнены, перакананы ў тым, што ўсё робіць правільна, – вось такім Вітольд быў для ўсіх нас.

Што датычыцца яго смерці, то пакуль усе выказваюць здагадкі, а дакладнай інфармацыі няма. Я ж ведаю толькі тое, што раней у яго не было ніякіх сур’ёзных праблем са здароўем.

Публікацыя – з № 38 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»