Эдуард Занкавец

У расійскіх СМІ з’явілася інфармацыя, што вядомы беларускі трэнер узначаліць новакузнецкі «Металлург».

У мінулых двух сезонах 51-гадовы Эдуард Занкавец працаваў галоўным трэнерам «Дынама» з Санкт-Пецярбурга.

У 2020 годзе піцерскае «Дынама» заваявала «серабро» ў першынстве ВХЛ, хаця з-за пандэміі турнір прайшоў у скарочаным варыянце. У гэтым сезоне падначаленыя Занкаўца дайшлі да паўфіналу Кубка Пятрова, дзе ў сямі матчах у драматычнай барацьбе саступілі будучаму чэмпіёну «Югры».

Адным словам, камандзе не хапала зусім трохі, каб святкаваць перамогу, але не атрымалася. Эдуард Занкавец не хавае, што мэта не дасягнута.

– У любым выпадку заўсёды можна выступіць лепш, – кажа Эдуард Канстанцінавіч. – Калі браць сезон у цэлым, то рэдка бывае так, што каманда праходзіць яго на адной хвалі па нарастаючай. У нас былі няпростыя часы, але мы змаглі іх пераадолець. У першую чаргу – з-за класнага калектыву.

Мы ведалі, якія кампаненты ў нас кульгаюць, і іх трэба падцягнуць. Былі пэўныя змены ў складзе, якія не заўсёды хутка даюць вынік, таму прыйшлося дзесьці пацярпець.

Але апошнія 15 матчаў чэмпіянату былі аднымі з лепшых у лізе. Цяжкасці ў рэгулярным сезоне нас загартавалі, гэта нам пайшло на карысць.

У СМІ пасля гэтага з’явілася інфармацыя, што «Дынама» не падоўжыць кантракты адразу з чатырма беларускімі спецыялістамі – галоўным трэнерам Эдуардам Занкаўцом, яго асістэнтам Сяргеем Громавым, а таксама двума трэнерамі па агульнафізічнай падрыхтоўцы: Дарынай Былінай і Уладзіславам Занкаўцом – сынам настаўніка каманды.

І амаль адразу ж прыйшло паведамленне, што Эдуард Занкавец без працы не застанецца – ён узначаліць новакузнецкі «Металлург», які таксама выступае у ВХЛ. Маўляў, на гэтай пасадзе беларус павінен змяніць Яўгена Папіхіна.

Праўда, на гэты момант на сайце «Металлурга» галоўным трэнерам каманды пакуль значыцца Папіхін, а на сайце піцерскага «Дынама» – Занкавец. Самі спецыялісты пакуль устрымліваюцца ад каментарыяў, каб не бегчы наперадзе цягніга, але, мяркую, у бліжэйшы час кропкі над «і» будуць расстаўлены…

Публікацыя – з № 38 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»