Алесь Пушкін

Над маім пісьмовым сталом вісіць карціна – партрэт вялікай беларускай патрыёткі Зоські Верас на фоне старога Гродна. Прычым горад выпісаны так мініяцюрна-падрабязна, што лёгка пазнаюцца дзясяткі гістарычных будынкаў – ад падмытай Нёманам Каложы да Фары Вітаўта, узарванай у хрушчоўскія часы. Такое ўражанне, што мастак месцамі маляваў не пэндзлем, а адной-адзінай валасінкай ад пэндзля! Думаецца, Зосьцы Верас, якую пры жыцці пісалі Пётра Сергіевіч і Аляксей Марачкін, Вячка Целеш і Яўген Кулік, «гродзенскі» партрэт спадабаўся б асабліва – і гістарычнасцю сваёй, і падабенствам. Падабаецца ён і мне.

Аўтар партрэта – Алесь Пушкін, які амаль два месяцы знаходзіцца за кратамі. Ён быў арыштаваны проста на рыштаваннях Белрэстаўрацыі, зняты адтуль сілавікамі. У іх, як мы ведаем, рукі доўгія – і да пасажырскага самалёта на вышыні дзесяць кіламетраў могуць пры патрэбе дацягнуцца.

Прычынай арышту мастака стаў партрэт Аўгена Жыхара – чалавека, які пасля Другой сусветнай вайны вёў збройнае змаганне з савецкай уладай на Пастаўшчыне. Я прыглядаўся да таго партрэта і злева, і справа, стараючыся зразумець, у чым віна Пушкіна. На партрэце – паясная выява дзецюка з аўтаматам на грудзях (з савецкім ППШ), лозунгаў там ніякіх няма. Але Генеральная пракуратура чамусьці палічыла: гэтым творам Алесь Пушкін апраўдвае нацызм (ні больш ні менш!), што падпадае пад артыкул 130 Крымінальнага кодэкса. На мастака заведзена справа, следчыя, відаць, начамі не спяць, шукаючы, як абгрунтаваць абвінавачанне.

Але шукаюць яны леташні снег. Бо немагчыма знайсці тое, чаго няма. На карціне Пушкіна і пад мікраскопам не заўважыш ніякага апраўдання нацызму. Той партрэт – як канстатацыя. Быў такі Аўген Жыхар у гісторыі? Быў. Прызнаны ён Нюрнбергскім трыбуналам ці хоць бы беларускім местачковым судом ваенным злачынцам? Не прызнаны. То чаму ён не можа з’явіцца на жывапісным палатне?

Ах, Жыхар запляміў сябе супрацоўніцтвам з немцамі. А хіба мастак гэты малапрыемны факт на карціне адмаўляе? Не адмаўляе. То якім чынам ён апраўдвае нацызм? На грудзях у Жыхара Жалезны крыж не намаляваны.

Прабачце, на карцінах славутага пейзажыста Вітольда Бялыніцкага-Бірулі – нямецкія танкі са свастыкай. А на палотнах не менш славутага Міхаіла Савіцкага (уганараванага, дарэчы, званнем Герой Беларусі) – эсэсаўцы. А аўтар герба БССР Валянцін Волкаў жыў у акупаваным Мінску і маляваў партрэты нямецкіх афіцэраў.

Калі сыходзіць з логікі тых, хто сёння кіруе Генпракуратурай, іх усіх таксама трэба асудзіць, хай сабе і пасмяротна. Публічна зганьбаваць ды забраць у Бялыніцкага-Бірулі персанальны музей у Магілёве, у Савіцкага – музей-галерэю ў Мінску, у Волкава – герб, які паслужыў правобразам тых, што красуюцца паўсюль на дзяржаўных фасадах.

Вось так – даць у зубы і звесці рахубы. Зразумела, на падобныя «рахубы» кіраўніцтва Генпракуратуры не пойдзе і даўно памерлых мастакоў з магіл «выкопваць» не будзе. Але чаму яно імкнецца «закапаць» Пушкіна?

Між іншым, сітуацыю з партрэтам Жыхара ўлада ўжо выкарыстала ў сваіх інтарэсах – у Гродне судовым рашэннем быў закрыты недзяржаўны Цэнтр гарадскога жыцця, дзе партрэт выстаўляўся. Той цэнтр для абласной вертыкалі быў як бяльмо на воку – аб чым задоўга да суда заяўлялі ў СМІ новаспечаны старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік і яго намеснік па ідэалогіі Віктар Пранюк.

Непадкантрольная пляцоўка, дзе прапагандавалася выключна нацыянальная культура і гісторыя, ім, відаць, дужа муляла. І цэнтр закрылі, і мастака закрылі – у следчым ізалятары. Мастака таленавітага, пра такіх у народзе здаўна гаварылі: пацалаваны Богам.

Кім пацалаваныя Каранік з Пранюком? У лепшым выпадку – жонкамі. Адчуйце, як кажуць, розніцу.

Што яшчэ абурае ў гэтай сітуацыі – спалоханае маўчанне Саюза мастакоў. За амаль два месяцы яго кіраўнік Глеб Отчык публічна не сказаў ні слова ў абарону арыштаванага калегі, які трапіў за краты менавіта за сваю творчасць. Падкрэслю: не за бел-чырвона-белы сцяг над сваёй хатай у Бабры (яго міліцыянты знялі ціхенька), не за мірныя шэсці (у якіх браў удзел), нават не за «экстрэмісцкія» шкарпэткі на нагах, а – за мастацкі твор.

Пра ганебнае маўчанне самай масавай творчай арганізацыі ў краіне я пагаварыў нядаўна з адным мастаком. «А хто на тыя пратэстныя заявы сёння зважае?» – пачуў ад суразмоўцы. І мусіў пагадзіцца: для ўлады, ачмурэлай у сваім ваяўнічым цемрашальстве, заточанай на пагром усяго, што яшчэ варушыцца, заявы тыя – як мёртваму прыпаркі.

Але ж апроч заяў ёсць і іншыя спосабы падтрымкі. Хай бы Саюз мастакоў, напрыклад, зладзіў выставу Алеся Пушкіна. Ці – арганізаваў у ягоным Бабры міжнародны пленэр. Ці – папрасіў сусветна вядомых мастакоў паўдзельнічаць у акцыі «Свабоду Пушкіну!». Усё гэта мела б шырокі розгалас і, магчыма, прынесла б хоць нейкі станоўчы вынік.

Калі паэта Іосіфа Бродскага саслалі ў Архангельскую вобласць, Жан-Поль Сартр не пагрэбаваў напісаць ліст Хрушчову. І будучага нобелеўскага лаўрэата тут жа вызвалілі.

Хто той аўтарытэтны сучасны Сартр, які заступіцца за Пушкіна? Ці шукае яго хто-небудзь? Відаць, не. Маўляў, Алесь і раней трапляў у падобныя сітуацыі, і гэтым разам неяк усё абыдзецца.

На жаль, хутчэй за ўсё не абыдзецца. Злапомная ўлада, відаць, вырашыла паквітацца з мастаком за ўсё – і за вазок гною ля Адміністрацыі прэзідэнта, і за «пякельную» фрэску ў Бобраўскай царкве. І, будзьце пэўныя, паквітаецца – пры ўсеагульным маўчанні, і ў першую чаргу з боку кіраўніцтва Саюза мастакоў. Як паквіталася ўжо шмат з кім. Былі б магчымасці – яна і Алесевага аднафамільца пасадзіла б на лаву падсудных. За што? А хіба не могуць падпасці пад сумнавядомы дэкрэт №5 яго радкі: «Властитель слабый и лукавый, / Плешивый щеголь, враг труда, / Нечаянно пригретый славой, / Над нами царствовал тогда»?

Яшчэ як могуць. Гэтаксама, як падпаў пад артыкул 130 партрэт Аўгена Жыхара.

Так што пракурорам да адказнасці варта прыцягваць абодвух Пушкіных. А то аднаму – «бронзы мнагапуддзе» на беразе Свіслачы, а другому – глухая камера ў вязніцы. У якой пакуль, на вялікі жаль, не чуцён гучны голас сяброўскай салідарнасці.

Публікацыя – з № 38 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»