Гродзенскі прадпрымальнік Віталь Варановіч распавядае аб тым, чаму быў вымушаны спыніць дзейнасць у Беларусі і перавесці бізнес у Расію.

Стаць на ногі было вельмі няпроста

Віталю Варановічу няма яшчэ і пяцідзесяці. Паводле адукацыі ён інжынер-механік. Нарыхтоўкай і распілоўкай лесу займаецца з 2001 года. Праца гэта даволі цяжкая, нездарма ў савецкія часы на нарыхтоўцы лесу працавалі, як правіла, зэкі. Сваю фірму Віталь назваў «Аўтарытэт», як бы падкрэсліваючы, што занятак гэты няпросты і той, хто ім займаецца, заслугоўвае павагі.

Варановіч згадвае, што ў 2001 годзе, калі стваралі фірму, пачыналі з некалькіх бензапіл. Спатрэбілася нямала часу, пакуль здолеў набыць трактар для тралёўкі, пілараму. Даводзілася браць крэдыты, пазычаць і перапазычаць.

– 20 гадоў я займаюся нарыхтоўкай лесу, і за гэты перыяд не памятаю ніводнага года, каб была нейкая пэўная стабільнасць, – згадвае Варановіч. – То цэны скачуць, то інфляцыя, то дзялянкі выдзяляюць і тут жа забараняюць, то кідаюць на ельнікі альбо буралом.

Як у такіх умовах весці бізнес?

Кіраўнікі лясгасаў казалі: будзеш мець тэхніку, каб распрацоўваць балотныя дзялянкі, – заўсёды будзеш мець працу. Давялося зноў улазіць у крэдыты, тэхніку з часам набыў, але расцэнкі за больш складаную працу не павялічыліся, ды і працы не паболела. А самае прыкрае: дзяржаўныя лясгасы ніколі своечасова не разлічваліся за зробленае.

– Нам яны не плацілі, а за гэтыя грошы набывалі сабе тэхніку. Нам пачалі даваць толькі такую працу, якую самі не хацелі выконваць, а то і наогул пераставалі выдзяляць нават цяжкадаступныя дзялянкі, – распавядае мой суразмоўца. – А крэдыты трэба было аддаваць, заробак у людзей зніжаўся.

Варановіч распавядае, як гэта ўсё адбывалася: лясгас купляе лес сам у сябе, бо, каб выразаць дзялянку, ён павінен яе купіць, то бок проста пераганяе грошы з адной сваёй кішэні ў другую. Наймае фірму кшталту «Аўтарытэта» Варановіча, каб яна спілавала гэтую дзялянку. У сярэднім за нарыхтоўку аднаго куба лесу лясгас плаціць фірме 14 рублёў.

– Напрыклад, мы нарыхтавалі тысячу кубоў, я прыходжу да кіраўніка лясгаса: разлічыцеся са мной за працу. А мне адказваюць: грошай няма, але ты можаш узяць заробак лесам.

Прадпрымальнік быў бы згодны ўзяць гэты лес па прэйскурантным кошце, бо ён ніжэйшы за біржавы, але пра гэта і гаворкі няма: маўляў, удзельнічай у біржавых таргах і забірай лес.

– Але мне няма сэнсу купляць на біржы лот у трыста кубоў, калі мне патрэбна ўсяго 30, – тлумачыць Варановіч. – А лясгас, патраціўшы 9 рублёў за набыццё кубаметра дзялянкі і яшчэ 14 рублёў заплаціўшы за нарыхтоўку фірме, на біржы прадае гэты лес па 230 рублёў за кубаметр.

Такая вось арыфметыка атрымліваецца, падсумоўвае прадпрымальнік. А дамова паміж лясгасам і фірмай складзена так, што дапускае адтэрміноўку па аплаце 180 дзён. Хочаш – падпісвай такую дамову, не хочаш – не падпісвай.

– Атрымліваецца, ты робіш паслугу, нарыхтоўваеш лес, лясгас яго прадае ў 100 разоў даражэй, чым уклаў грошай, а потым на законных падставах дзевяць месяцаў можа табе не плаціць за выкананую працу.

Вось таму, тлумачыць Варановіч, і давялося перавозіць фірму ў Расію, каб там зарабляць і разлічвацца за крэдыты з беларускімі банкамі. Дарэчы, у Расіі, са слоў майго суразмоўцы, працы – «на гады і без перапынку», і плацяць лепш.

– Шкада толькі сваіх людзей, якія страцілі працу, – уздыхае прадпрымальнік. – Нехта пайшоў працаваць у лясгас, нехта – у калгас, некаторыя ў горад ездзяць. У Расію паехалі толькі пяць чалавек.

Ці патрэбна Міністрэрства лясной гаспадаркі?

Прадпрымальнік Варановіч, адпрацаваўшы 20 гадоў на нарыхтоўцы лесу, прыйшоў да высновы, што не. Паводле яго пераканання, міністэрства стала спажыўцом лесу, а лес – гэта не рэсурс, не валюта, як лічаць нашы ўлады, а аснова экалогіі, здаровай і бяспечнай жыццядзейнасці! Прыклад: у ваколіцах Азёраў Гродзенскага раёна навыразалі дзялянак, а ў вясковых студнях знікла вада.

– Едзеш па дарозе праз лес – ён, здаецца, стаіць суцэльнай сцяной без канца. А варта зайсці ў глыбіню на 100 метраў – там усё высечана, голы палігон. І так паўсюль.

Некаторыя лясгасы, распавядае Варановіч, у пагоні за прыбыткам выразаюць свае фонды ледзь не на год наперад, і ўсё гэта застаецца незаўважаным.

– Міністэрства лясной гаспадаркі варта было б ліквідаваць, – лічыць Варановіч, – а лясніцтвы перадаць у ведамства Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Інакш для нашых нашчадкаў лесу ў Беларусі не застанецца.

Публікацыя – з № 38 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»