Сяргей Ціханоўскі

Суддзя Савецкага раёна Гомеля Ларыса Казырэвіч  разглядала скаргу Сяргея Ціханоўскага на рашэнне падатковай інспекцыі спагнаць павышаны падатак з часткі  нібыта знойдзеных ў яго на лецішчы за канапай 900 тысяч долараў.

Сакратарка суддзі Хрысціна Гарбузава і памочніца старшыні суда Юля Сычова папярэдзілі журналістаў, што ім у судовай зале нельга  прысутнічаць, бо суд  пройдзе ў закрытым рэжыме. Такі парадак  на хадайніцтва  адказчыка быў вызначаны на папярэднім пасяджэнні, якое адбылося тыдзень таму. Падаткоўцы спаслаліся на тое, што «сілы, сродкі, мэтады і спосабы працы падатковай інспекцыі з’яўляюцца таямніцай, якая ахоўваецца законам». Падатковай таямніцай з’яўляецца  таксама  інфармацыя пра маёмаснае становішча Ціханоўскага, якая ёсць у справе.

Адвакатка Ціханоўскага Наталля Мацкевіч  прапаноўвала  слуханне справы зрабіць часткова закрытым, аднак суд не ўлічыў яе меркавання. Публічным вырашана зрабіць толькі абвяшчэнне рашэння суду па скарзе. Аднак 24 траўня сакратарка суддзі Гарбузава выбачылася і паведаміла журналісту “Народнай Волі”, што ніякай інфармацыі наконт рашэння суда не будзе, бо ён – закрыты.

Яшчэ  да папярэдняга пасяджэння адвакатка Мацкевіч паведамляла, што падатковая інспекцыя палічыла, што ў Ціханоўскага з улікам знойдзеных за канапай 900 тысяч долараў выйшла перавышэнне даходаў над выдаткамі  на суму 1 мільён 612 тысяч рублёў.  З гэтай прычыны яму налічылі амаль 258 тысяч рублёў падатку. Блогер, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА, піша ў  скарзе ў суд, што гэта не ягоныя грошы, ён не ведае іх паходжанне і не мог іх патраціць з прычыны арышту.

Праваабаронцы звяртаюць увагу, што судом не даказана, што “грошы за канапай” менавіта Ціханоўскага. Таму прэтэнзіі падатковай інспекцыі выглядаюць дачаснымі і могуць разглядацца як яшчэ адзін спосаб ціску на блогера, які заяўляў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.

Самога Сяргея Ціханоўскага, паводле інфармацыі праваабаронцаў, 22 мая этапавалі з Мінска ў Гомель. У абласным судзе неўзабаве мае пачацца суд над Ціханоўскім. Пра гэта паведаміла прэс-служба Вярхоўнага суда Беларусі. Блогера і кіраўніка перадвыбарчага штаба сваёй жонкі Святланы Ціханоўскай вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса), распаўсюджванні групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК), пагрозах у адрас старшыні ЦВК (ч. 2 арт. 191 КК), арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з прымяненнем гвалту ў дачыненні прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

Адначасова з Ціханоўскім будуць судзіць  палітыка Мікалая Статкевіча, блогераў Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгновіча, а таксама аператара Ціханоўскага Арцёма  Сакава і мадэратара сацсетак Дзмітрыя Папова. Статкевіча і Лосіка таксама ўжо этапавалі ў Гомельскае СІЗА. Дата пачатку суду яшчэ не абвяшчалася.

Анатоль ЛІПСКІ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»