«Толькі на аднаўленне даху касцёла спатрэбіцца каля 2 мільёнаў 200 тысяч рублёў…»
Будслаўскі касцёл пасля пажара

Пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік распавёў «Народнай Волі» пра тое, як ідзе аднаўленне касцёла.

Нагадаем, што раніцай 11 мая загарэўся касцёл у Будславе, у якім знаходзіцца адна з найважнейшых святынь Беларусі – абраз Маці Божай Будслаўскай.

Пажар удалося патушыць, але галоўнае яго наступства – дах выгарэў і абваліўся.

«Мы агледзелі ўсе канструкцыі касцёла яшчэ на мінулым тыдні, – кажа сёння дырэктар НВУП «Будрэканструкцыя» Генадзь Малашук. – Трэба было вызначыцца адносна пагрозы абрушэння. Скляпенні касцёла ў парадку, аднак на купал падымацца нельга.

Да канца мая мы дадзім папярэдняе заключэнне па ацэнцы агнявога ўздзеяння і рэкамендацыі. Потым праекціроўшчыкам спатрэбяцца 3–4 месяцы на падрыхтоўку дакументацыі.

Калі будслаўскі касцёл застанецца пад дажджом, як было і ў выпадку з Нясвіжскім замкам, то ўсё будзе дрэнна. Яго трэба тэрмінова накрываць. Цяпер ідзе размова пра часовы дах. Ужо ёсць прапанова, як гэта зрабіць з мінімальнымі выдаткамі і найхутчэй па часе, таму што лета ў нас таксама дастаткова халоднае і дажджлівае».

– Спецыялісты пачалі абследаванне касцёла, але пакуль што гэтаму перашкаджаюць дажджы, – дадае ксёндз Дзмітрый Дубовік. – Зверху ўжо амаль усё расчысцілі. Таксама падалі заяўку на праектную дакументацыю.

– Ці падлічана, колькі агулам спатрэбіцца грошай на аднаўленне касцёла?

– Паводле папярэдніх падлікаў, каб зрабіць толькі дах, неабходна прыкладна 2 мільёны 200 тысяч рублёў. І, наколькі разумею, гэтая сума не ўлічвае праектавання. Акрамя таго, спатрэбяцца выдаткі і на іншыя работы.

– Валанцёры ў вас таксама працуюць?

– І працавалі, і ў бліжэйшую суботу іх чакаем. На нашым сайце ёсць анкета, якую могуць запоўніць тыя, хто жадае дапамагчы аднаўленню касцёла. А працы тут яшчэ хапае.

P.S. Як вядома, быў распачаты збор сродкаў на аднаўленне касцёла. Па стане на 21 мая (на 9.00) было сабрана больш за 435 тысяч рублёў.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»