Павел Севярынец. Фота: БХД

Павел Севярынец несправядліва змешчаны за краты і знаходзіцца там ужо больш за 11 месяцаў. Ён даслаў ліст, у якім звяртаецца да кожнага беларуса. Гэта яго зварот перад неправедным судом.

– Скрозь жалеза кратаў мы бачым сонца. Мы чуем, як за акном ціўкаюць птушкі. Мы ўдыхаем свежасць, ад якой круціцца галава: там воля. Хтосьці ў лістах адчайваецца. Кажа: ужо няма сіл.

Тут патрэбна разуменне. Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, – справа Божая. Ад пачатку і да канца. Бог абудзіў Беларусь не для таго, каб яна зноў заснула. Бог не робіць бяссэнсіцы.

Але чаму Ён дапускае, каб мы, беларусы, дагэтуль заставаліся ў стане болю і роспачы?

Прычыны адчаю і слушныя адказы – амаль заўсёды ў нас саміх. Відаць, нягледзячы на леташні прарыў, мы як народ яшчэ не да канца зрабілі працу ўнутры сябе.

Усе мы хочам змяніць Беларусь да лепшага. І пачаць давядзецца з падмуркаў. З нацыянальнай свядомасці. Уласна кажучы, з сябе.

Толькі народ, які ўсведамляе сябе адзінствам, здольны прыняць найважнейшыя рашэнні адносна свайго лёсу. Узяць на сябе адказнасць за краіну. Зацвердзіць справядлівыя законы. Абараніць незалежнасць.

Мы мусім быць у ясным розуме і цвёрдай памяці – менавіта як беларусы. Таму найпершая наша справа – ачомацца. Апрытомнець. Адказаць сабе: хто мы? Адчуць сваю лучнасць з беларускім народам – нашымі продкамі, якія жылі на гэтай зямлі ад першай дзяржавы, і нашымі нашчадкамі, якія будуць пасля. Палачане, ліцвіны, беларусы. Беларускі народ – гэта больш як 200 мільёнаў чалавек за тысячу гадоў. Вялікі еўрапейскі і хрысціянскі народ. Большасць з якога размаўляла па-беларуску і верыла ў Бога. А мы?

Такім чынам, беларус, размаўляй па-беларуску, чытай і ведай сваю гісторыю. Мы можам выдатна валодаць расійскай, англійскай, кітайскай, свабодна гаманіць з рускімі, англічанамі ды іншым светам. Але, калі мы, беларусы, не будзем у Беларусі размаўляць па-беларуску – Беларусі не стане.

Зараз людзі гатовы чуць, як ніколі. Беларусізацыя ў нашай краіне ўжо ідзе. Глыбока, павольна, але ўладна – з той сілай, з якой узыходзіць сонца.

Беларуская асвета і евангелізацыя – гэта наша поле на бліжэйшыя гады. Пад сцягам Хрыста. З гімнам «Магутны Божа». З «Пагоняй» на гербе.

Калі мы зменім сябе – Беларусь непазбежна зменіцца. Простая формула веры і мовы – Ісус Хрыстос, Які гаворыць па-беларуску. На сёння гэта наша жывая нацыянальная ідэя.

А таксама мы мусім быць мужнымі і цвёрдымі, не баяцца і не жахацца. Верыць у Бога. Маліцца. Любіць свой народ. Жыць не ў ілжы. Супрацьставіць злу дабро. На страх адказваць верай. На гвалт – законам. На бязглуздзіцу – сэрцам і розумам. На нянавісць – любоўю.

Як і ўсе тысячу гадоў беларускай гісторыі нам патрэбна вера, якая дзейнічае любоўю.

Чысціня мае быць найперш не на вуліцах, а ў сэрцах.

А побач з сумленным і чыстым народам, які верыць і размаўляе на роднай мове, любое зло рассыплецца ў прах.

Народам нельга стаць у нейкі момант. Народам трэба быць. Абараняць праўду, свабоду, справядлівасць – гэта ж як дыхаць. Перастаў дыхаць – усё.

Таму ў Беларусі і доўгія роды. Бо волю трэба выпакутаваць, каб цаніць яе. Што даецца лёгка – лёгка і губляецца. 

А цяпер балюча? Значыць, жывыя. Нясцерпна? Значыць, глыбока ідзе пералом. Крыж? Значыць, неўзабаве Уваскрасенне.

Публікацыя – з № 37 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»