Крысціна Дробыш

Чым займаюцца зараз нашы «Вольныя Купалаўцы»?

Як іх самаадчуванне – псіхалагічнае, эмацыйнае, прафесійнае?

Ці рыхтуецца новы спектакль?

Сёння мая суразмоўніца – яркая, таленавітая актрыса Крысціна ДРОБЫШ. За яе плячыма – сем гадоў службы ў Купалаўскім тэатры. І ні хвіліны сумненняў у тым, дзе яе месца ў сённяшняй Беларусі.

– Якія настроі зараз пераважаюць у вольных купалаўцаў? Захапленне барацьбой працягваецца ці нешта мяняецца?

– Як сказаў мне адзін чалавек: няма трагедыі, ёсць змена правіл гульні. Яны, канешне, у нейкім плане змяніліся кардынальна, але яны павінны прывесці да тых вынікаў, на якія мы ўсе разлічваем.

– Рэжысёр Мікалай Пінігін па зразумелых прычынах не дае зараз інтэрв’ю. Можа быць, ён нават адчувае віну за тое, што павёў вас за сабой?

– Я, канешне, не магу адказваць за пачуцці Мікалая Мікалаевіча, але зараз у нас няма часу на рэфлексіі, мы вельмі заняты – трупа працуе. Хтосьці ў кадры, хтосьці за кадрам, мы самі сабе цяпер усё: і акцёры, і рэквізітары, і касцюмеры… Напрыклад, у новым відэа спектакля, які – увага! – мы выкладзем у YouTube праз некалькі дзён, я не занята, але ўвесь час працавала за кадрам, прасавала адзенне, гатавала каву і гарбату… Трэба будзе – і ўнітазы буду мыць.

А як мужчынам-акцёрам? Мне здаецца, ім зараз цяжэй.

– Цяжка. Хтосьці гаворыць аб гэтым услых, хтосьці не. У нас зараз «беларускія горкі»: то «мы перможым!», то «ўсё прапала!». Ад дэпрэсіі да натхнення адзін шаг – гэтыя стадыі так ці інакш мы праходзім усе. Я працавала ў Купалаўскім сем гадоў, а хтосьці ж 25…

– Які быў самы цяжкі перыяд з тых часоў, як звольніліся? Ужо дзевяць месяцаў прайшло…

– Я лічу дні, каб аднойчы пачаць новую гісторыю. За гэты час былі два самыя цяжкія моманты. Першы – пасля таго, як напісала заяву на звальненне, а потым прыйшла і не змагла ўвайсці ў будынак і забраць свае рэчы. Заўважу: я пісала чатыры заявы на звальненне з Купалаўскага. Адміністрацыя мянялася, і паперкі павінны былі адпавядаць прозвішчу дырэктара. А ў тэатры то адзін, то другі часовы кіраўнік пасля Паўла Паўлавіча Латушкі. Гэты момант быў самы цяжкі, бо ты не паспяваў зразумець, што вакол адбываецца. І ў краіне таксама ўсё ляцела хутчэй, чым твае думкі. Мы не паспявалі аналізаваць – ні сітуацыю ў тэатры, ні ў краіне ў цэлым. А другі момант – калі з’язджала з арэнднай кватэры, першага дома, створанага сваімі рукамі. Я рабіла там рамонт тры разы, там нарадзілася дзіця, там яно нават вырасла… Сын – яму пяць з паловай – пытаўся: чаму мы мусім з’язджаць? Патлумачыць яму было цяжка. Не сцен кватэры было шкада, не каробкі. Для сына гэта быў Дом.

– А зараз вы з роднымі пад адным дахам? Вы ж мінчанка…

– Не, я здымаю кватэру. Пастаралася зацікавіць сына, яму ўжо і новая кватэра падабаецца.

– Вы не адчуваеце на сабе ціск: званкі, сачэнне? Цяпер ад сілавых органаў усяго можна чакаць.

– Канкрэтных прыкладаў няма. Але ўсё можа здарыцца ў любы момант, з жніўня 2020 года мы зразумелі: калі ёсць чалавек, артыкул знойдзецца. Трэба будзе – прыйдуць. Ты ў нашай краіне не абаронены законом.

– Як вы думаеце: у якім лагеры цяпер была б Стэфанія Міхайлаўна Станюта?

– Я, канешне, яе асабіста не ведала, але старэйшыя акцёры кажуць, што ўпэўнены: яна была б побач з моладдзю і рэжысёрам Пінігіным. І Станюта, і Макарава… Але і зараз сярод нас ёсць артысты таго ж узроўню: Георгій Рафаілавіч Маляўскі, Аляксандр Станіслававіч Падабед, Алена Юр’еўна Сідарава, Наталля Рыгораўна Качаткова, Зоя Валянцінаўна Белахвосцік, Арнольд Кандрацьевіч Памазан, Віктар Сяргеевіч Манаеў – наш залаты фонд з намі.

– А вы глядзелі «Паўлінку», якая ідзе зараз у Купалаўскім?

– Не, і не хачу. Зірніце на мае валасы – я і так за апошнія месяцы ледзь не стала сівой у 30 гадоў. І навошта мне тая «Паўлінка»? Ну робяць людзі нешта на сцэне і хай робяць, абы не кралі. Ім гэта трэба, каб жыць. Няхай. Добра, калі гэта яшчэ каму-небудзь патрэбна. У мяне ні нянавісці, ні азлобленасці няма. Хутчэй – страшнае непаразуменне. Кожны з нас розны, і крутасць у тым, што, будучы нязгодным, у цябе хапае сіл прыняць меркаванне іншага. Добрае, кепскае – усё гэта так адносна… Старыя акцёры, якія засталіся ў Купалаўскім, яны пражылі там ўсё сваё жыццё, і я па-чалавечы не маю права іх асуджаць, калі хачу, каб маё жыццё таксама паважалі. Канешне, страшна, што мы вымушаны падзяліцца…

– Як і ўсё грамадства!

– Што некаторыя нашы калегі аказаліся на іншым баку – відавочна гэта бок зла… Але прыйдзе час, калі ўсе ўсё зразумеюць. І дзе былі нашы памылкі, спадзяюся, нам таксама хопіць сіл прызнаць. Але гэта ўжо мудрасць наступнага ўзроўню.

– А асабіста ў вас у жыцці было шмат памылак, якія былі вамі сумленна прызнаны?

– Ой, да чорта! Памылкі – гэта і ёсць жыццё. Справа не ў тым, каб ніколі не падаць, а ў тым, каб, упаўшы, зноў падняцца. І прызнаць памылку – гэта як падняцца, зрабіць крок наперад.

– А вы часта крыўдзіліся на рэжысёраў? А потым вялі бясконцыя начныя ўнутраныя маналогі…

– Крыўдзіцца не крыўдзілася. Не разумела – так. Спрачалася. Але гэта не з Мікалаем Мікалаевічам.

– Вашым мастацкім кіраўніком у акадэміі, я чытала, быў купалавец народны артыст Мікалай Кірычэнка.

– Ён быў наш павадыр! Распавядаў тонкасці існавання ў прафесіі, а таксама тонкасці жыццёвыя і чалавечыя. Помню, другі курс – заняткаў вельмі шмат, пекла. Ты, здаецца, не вылазіш з акадэміі суткамі, не паспяваеш нават паесці. Мікалай Міхайлавіч прыйшоў на заняткі, пабачыў, што мы стомленыя, галодныя, і пайшоў купіў нам здаравенную торбу піражкоў. І потым заўсёды насіў цукеркі і яблыкі. А Зоя Валянцінаўна Белахвосцік – яна выкладала на 1–2-м курсах – спякла аднойчы пірог. Мы з імі былі, як дома.

– Цяжка было адразу пасля студэнцкай лавы апынуцца ў калектыве Купалаўскага?

– Я ўсведамляла, куды іду. Канешне, увесь кантэкст адразу зразумець не магла, бо тэатр звонку і тэатр знутры – гэта розныя рэчы.

– А што, Пінігін жорскі кіраўнік?

– Ён прамы, кажа як ёсць. Часам з моцным словам, але, што не адняць, ён умее паставіць акцёрскую задачу так, што ты будзеш вельмі дакладна разумець, якую ролю іграеш. Гэта вельмі важна.

– Якія ў вас былі, з вашага пункту гледжання, лепшыя ролі ў тэатры?

– Мне здаецца, я сыграла ўсё, аб чым магла марыць маладая артыстка. Толькі прыйшла ў трупу, і ў той жа дзень было размеркаванне па «Пане Тадэвушы». Я атрымала ролю Зосі (а ў п’есе ўсяго дзве жаночыя ролі!). Памятаю, што нашы рэпетыцыі былі, як урокі гісторыі. Мікалай Мікалаевіч даваў нам такі шырокі кантэкст, столькі распавядаў – гэта наогул заўсёды адзін з плюсаў яго рэпетыцый. А потым я атрымала ролю ў спектаклі «Сымон-музыка» (яго вырашылі аднавіць праз год прастою). Ну, гэта была мегаадказнасць. Я ж тады адпрацавала толькі пару месяцаў. Ну і масоўка ў «Паўлінцы» – зразумела, гэта святое, гэта як пасвячэнне.

– Вы адразу пасля школы паступілі ў Акадэмію мастацтваў?

– Не, не адразу. Была страшна стомленая пасля выпускных экзаменаў, падрыхтоўчых курсаў. Плюс я яшчэ падпрацоўвала на той момант.

– Вы працавалі школьніцай? У вас жа забяспечаная сям’я.

– Сям’я звычайная, нармальная. Але я пачала шукаць працу яшчэ ў 14 гадоў, мне было гэта важна. Была патрэба ў працы з дзяцінства, а зараз гэта перарасло ў працагалізм. Пайшла тады па ўсіх суседніх з домам крамах: вазьміце хоць на якую работу… У 14 гадоў мяне не ўзялі. А ў 15 выпадкова патрапіла ў рэкламнае агенцтва і затрымалася там надоўга – спачатку раздавала ўлёткі, а потым дарасла да асістэнта менеджара. Працавала, нават калі стала студэнткай акадэміі. Але аднойчы заснула на занятках. Проста адключылася… І зразумела, што сумяшчаць вучобу і работу не атрымаецца.

– Ці сустракаліся вы, маладая актрыса, з харасментом? Захад бурліць, а ў нас усё шыта-крыта. Або ў нас у тэатральным асяроддзі няма сексуальных дамаганняў?

– У нашым тэатры харасменту не было адназначна. І наогул ніякіх дыскрымінацый па палавой прыкмеце. Яшчэ на тэатральным факультэце нас вучаць, што акцёр – істота бясполая, так што забудзьцеся пра сваё цела. Я разумею, што тэма вострая, неадназначная, але праз 30 гадоў прад’яўляць прэтэнзіі… Аднак, калі я выкажуся па гэтым пытанні больш адкрыта, мяне парвуць. А зараз лавіць і адбіваць дзіды ў мяне няма сіл.

Публікацыя – з № 37 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: