Глядзім на Рыгу і бачым Чэмпіянат свету па хакеі
Фота: hockey.by

Сёння ўвечары беларускія хакеісты згуляюць са славакамі. Матч пачнецца ў 20.15 у Рызе — месцы 84-га чэмпіянату свету ў элітным дывізіёне. Цягам бліжэйшых двух тыдняў у Латвіі не будзе падзеі больш яскравай і значнай, чым 84-ы чэмпіянат свету, які пачынаецца з 21 траўня, піша “Новы Час”.

У элітным дывізіёне — 16 мацнейшых хакейных зборных планеты. Канада, ЗША, Расія, Фінляндыя, Швецыя, Чэхія, Германія, Швейцарыя, Славакія, Данія, Вялікабрытанія, Латвія, Італія, Нарвегія, Казахстан… І Беларусь. У іх матчах будуць трашчаць барты, чубы, будуць ламацца клюшкі, а, можа, нават і косці. Заўзятары розных краін збіраюцца правесці гэтыя дні, не адыходзячы ад тэлевізараў, каб нічога не прапусціць. Каб не страціць ні адну эмоцыю, не праглядзець ні адзін небяспечны момант ля чужых брам.

Замежных гледачоў зразумець лёгка. У іх унутры абсалютная гармонія, падагрэтая спрадвечнымі заўзятарскімі прадчуваннямі і салодкімі трывогамі. Іх зборная — гэта тое, што яны лёгка атаясамліваюць са свёй радзімай. Іх хакеісты — гэта хлопцы, у якіх яны ясна бачаць саміх сябе. Перажываць за іх, зычыць ім удачы і поспеху — гэта ў чалавечай прыродзе. На тым спорт стаіць ужо шмат стагоддзяў і будзе стаяць надалей.

З беларускімі заўзятарамі — намі з вамі — сёння нашмат складаней. У нас гармоніі няма, а душа — нібыта на разрыў. Бо такі ён, сучасны айчынны хакей — ці не самы праўладны від спорту ў краіне, глыбока стыгмазаваны апошнімі палітычымі падзеямі. Тымі самымі, што дапамаглі нават самым памяркоўным беларусам канчаткова вызначыцца са сваім стаўленнем да ўладаў.

Глядзім на Рыгу і бачым Чэмпіянат свету па хакеі
Фота: hockey.by

Калі вы сёння завітаеце ў Фэйсбук ці адкрыеце каментары пад хакейнымі артыкуламі на спартыўных парталах, то наўрад ці знойдзеце там уцямную эмпатыю да бягучых вынікаў айчынных майстроў клюшкі і шайбы. Выключэнні здараюцца, аднак хутчэй толькі пацвярджаюць правілы — як у выпадку з беларускімі юнакамі, якія сенсацыйна ўвайшлі ў топ-8 на нядаўнім чэмпіянаце свету сярод 18-годак. За гэтых хлопцаў на радзіме непрыхавана заўзелі, бо ні ў чым дрэнным не запрыкмечаная маладосць заўсёды выклікае сімпатыю — простую, чалавечую, якая па-за межамі грамадскіх дыскурсаў і кантэкстаў.

Да дарослага хакея рахункі прынцыпова іншыя. Бо праз вядомыя — драматычныя, а месцамі і трагічныя — эксцэсы ў шырокім грамадстве надта ж змяніліся светапоглядныя акцэнты і маральныя ацэнкі. І, напрыклад, Дзмітрый Баскаў у масавай свядомасці цяпер не толькі кіраўнік нацыянальнай федэрацыі, але і асоба, якую падазраюць у датычнасці да смерці мастака-пратэстоўца Рамана Бандарэнкі. І якога, дарэчы, зрабілі неўязным у Латвію — і на ЧС ён проста фізічна не можа паехаць. Міхаіл Захараў цяпер таксама не толькі галоўны трэнер зборнай, а яшчэ і набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Дый самі гульцы, што казаць, занадта падкрэслена яшчэ мінулым летам схавалі галаву ў пясок.

Дый сам чэмпіянат нясе вядомае адценне — і беларускі бок на гэтым свяце нібыта ў ролі адрынутых. Праз тыя самыя гвалт, рэпрэсіі і іншае дзяржаўнае цемрашальства турнір са скандалам забралі ў Мінска. І з гэтым адчуваннем гульцы каманды Захарава будуць кожны раз выходзіць на латвійскі лёд. І з гэтым усведамленнем мы будзем назіраць — і за імі, і за іх супернікамі.

Ну, паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Заўзець ці не — асабістая справа кожнага. Але ж тэлевізар гэтымі днямі ўсё ж уключыць варта. Спорт здаўна быў аддушынай людзей — беларусам сёння аддушына дакладна не зашкодзіць.

Глядзім на Рыгу і бачым Чэмпіянат свету па хакеі
Фота: hockey.by

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»