Палітвязень Ігар Лосік. Фота з адкрытых крыніц

Жонка палітвязня распавяла «Народнай Волі», што ўчора Ігара перавялі з Жодзіна ў Гомель, дзе і адбудзецца суд.

Нагадаем, што Ігара Лосіка затрымалі дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 года. На яго пачалі крымінальныя справы паводле ч.1 арт.342 («Падрыхтоўка да парушэння грамадскага парадку») і ч.2 арт.293 («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках») Крымінальнага кодэкса.

У знак пратэсту супраць незаконнага знаходжання за кратамі Ігар Лосік каля 40 дзён трымаў галадоўку.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачанне, але сутнасць яго невядомая – з адваката ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

– 20 мая ў Ігара быў дзень нараджэння, яму споўнілася 29 гадоў, таму вырашыла ў ізалятар Жодзіна адвезці перадачу, – кажа Дар’я Лосік. – Там і даведалася, што мужа этапіравалі ў СІЗА Гомеля. Такі вось «падарунак» яму зрабілі да святочнага дня.

Дарэчы, па тэлефоне ў ізалятары не даюць інфармацыю аб тым, дзе зараз знаходзіцца вязень, таму ехаць давялося б у любым выпадку. І як прыехала з перадачай у Жодзіна, так і вярнулася з ёй дадому.

– Якія былі апошнія навіны ад Ігара?

– На мінулым тыдні прыйшлі ад яго адразу пяць лістоў. Асаблівых навін няма, але ўсё перажывае, што мне будзе далёка ездзіць у Гомель на суд.

А вось дата пачатку судовага працэсу пакуль невядомая. Мяркую, мы пра яе даведаемся ўжо ў самы бліжэйшы час.

Публікацыя – з № 37 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»