Ігар Барысаў. Фота: Радыё Свабода

Апошнім часам, ня гледзячы на вострую сітуацыю у краіне, з боку палітычных партый не адчуваецца ніякіх прынцыповых крокаў. Чаму?

«Народная Воля» пацікавілася меркаваннем на гэты конт кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава.

– Такое ўражанне, што зараз сапраўды ўсе рты пазакрывалі ў нейкай ступені, – пацвярджае Ігар Барысаў. – Немагчыма весці амаль ніякую палітычную дзейнасць, актыўнасць нейкую праяўляць. На жаль, палітычнае жыццё зараз вельмі небяспечнае… Усё складана…

Бяда ў тым, што ты не ведаеш, што рабіць у гэтай сітуацыі, і не можаш нічога рабіць, бо скаваны па руках і нагах. І сёння такая сітуацыя амаль у кожнай арганізацыі. За выключэннем некаторых эміграцыйных актывістаў, якія жывуць кожны дзень нейкімі рэвалюцыямі. Тут, у Беларусі, усё ўспрымаецца зусім па-іншаму. Час упушчаны…

А ўлада зараз займае пазіцыю пакрыўджанага падлетка і дзейнічае абсалютна неправавымі і немаральнымі метадамі, каб адбіць ахвоту да ўсялякай палітычнай актыўнасці.

Між іншым, цяпер беларускі рэжым ужо не трапляе пад класічную фармулёўку «аўтарытарная ўлада». На маю думку, зараз мы бачым ужо сапраўдны султанізм. Гэта такі цікавы паваротны момант чарговай трансфармацыі палітычнага рэжыму ў Беларусі: ён сапраўды трансфармуецца ў бок пагаршэння і набывае класічныя выражэнні і прыкметы султанізму. А паводле паліталагічнай класіфікацыі султанісцкі рэжым, як і таталітарны, зрынуць вельмі складана. І гэтая памылковасць ацэнкі сітуацыі, што ў Беларусі толькі аўтарытарны рэжым, можа быць, і прывяла да той сітуацыі, якую мы цяпер маем. Але, як бы там ні было, спроба была цікавая…

Галіна РУТ

***

АД РЭДАКЦЫІ

Сёння, як ніколі, павінен набатам гучаць голас партыі!

Упэўнены: прачытаўшы разважанні старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава, хто-ніхто скажа: ці не лепш было б прызнацца, што не за сваю справу ты ўзяўся, даражэнькі? Прамаўляць толькі, што «палітычнае жыццё зараз вельмі небяспечнае… усё складана», – ці не азначае гэта распісацца ў асабістай бездапаможнасці? Сёння, як ніколі раней, павінен набатам гучаць голас партыі, голас кожнага яе сябра! Якія ж вы змагары за ўладу (а любая палітычная партыя павінна ўсімі сіламі імкнуцца да гэтага), калі з вашага боку фактычна няма ніякіх практычных дзеянняў, калі не лічыць стандартных заяў агульнага кшталту, якія прымаюцца час ад часу. Не ведаеце, што рабіць у сённяшняй сітуацыі? А вы, шаноўныя партыйцы, зазірніце ў адзін закон, другі, трэці… Парыруеце: не вучыце нас, законы мы добра ведаем, але ж, груба кажучы, уладам на іх напляваць? Няхай яны, тыя ж улады, плююць, а вы рабіце сваю сур’ёзную справу. І варыянтаў у вас шмат. Што, усе вашы сталічныя і рэгіянальныя структуры не могуць у адзін дзень аб’явіць, што ў знак нязгоды з той ці іншай пазіцыяй урада, прэзідэнцкай каманды, так званых парламентарыяў плануецца зладзіць па ўсёй краіне адпаведныя пікеты? Вядома ж, вырваць дазвол на іх правядзенне не так проста. На якія толькі хітрасці не ідуць мясцовыя і мінскія чыноўнікі! Але любы іх беспадстаўны адказ вы, сацыял-дэмакраты, можаце выкарыстаць на сваю карысць, а дакладней – на павышэнне іміджу партыі. Ды і маеце магчымасць узняць градус агульнаграмадскай актыўнасці. Для гэтага трэба не змаўчаць пасля атрымання бюракратычных адпісак ад канкрэтных чыноўнікаў уладных структур, а данесці іх бязглуздзіцу да як мага больш шырокіх колаў насельніцтва. Так, для гэтага ў вас сваіх сродкаў масавай інфармацыі няма. Да дзяржаўных газет, радыё, тэлебачання не падпускаюць. Але ж, дзякуй Богу, пакуль не ўсе незалежныя СМІ, а таксама інтэрнэт-сайты знаходзяцца ў палоне лукашэнкаўскага рэжыму, у кожным раёне існуе хоць адзін дзейсны канал, па якім можна данесці аб’ектыўную інфармацыю да шырокіх людскіх мас. Выкарыстоўвайце іх! Выкрывайце беззаконне з боку ўлад! На жаль, давайце скажам шчыра: асаблівай напорыстасці ў гэтым плане ды, магчыма, і прынцыповай зацікаўленасці з боку як лідараў, так і шараговых сябраў сацыял дэмакратычнай партыі не заўважаецца. Дарэчы, калі ўлады нахабна правалілі вашу спробу масава правесці пікеты па ўсёй краіне, ці ж трэба адчайвацца? Праз тыдзень другі бамбардзіруйце рай- і гарвыканкамы новымі заяўкамі. Мяркуем, на паперу сродкі можаце знайсці. А вада, як кажуць, і камень точыць.

Паразважаем з іншага боку. У палітычных структур ёсць нямала самых розных варыянтаў дасягнення сваіх мэтаў. Добра было б, калі б на кожным вялікім прадпрыемстве існавала, скажам, філія сацыял-дэмакратычнай партыі. Але ж для гэтага павінна быць праведзена добра спланаваная арганізацыйная і агітацыйныя работа. Памятаеце: у савецкія часы ў кожнага сакратара партыйнага камітэта быў намеснік па арграбоце. І амаль на кожным сходзе ён рабіў справаздачу і даваў дакладную інфармацыю аб сваёй дзейнасці. Спадар Барысаў, а ці можаце вы наогул сказаць, колькі сябраў вашай партыі працуе, напрыклад, на тым жа Мінскім трактарным заводзе ці аўтазаводзе, што ў Жодзіне? Ды мала мець такія звесткі, важна, каб партыя праз сваіх сябраў уплывала на жыццё тых ці іншых вытворчых калектываў. Нешта не чуваць, каб прыхільнікі сацыял-дэмакратычных ідэй праяўлялі актыўнасць на нейкiх заводах, фабрыках, ва ўніверсітэтах, інстытутах, ва ўстановах аховы здароўя… Ці не замыкаецца ўся арганізацыйна-партыйная работа ў галоўным офісе партыі?

Рэдакцыйны каментарый – вядома ж, не інструкцыя для Ігара Барысава. Ні ў якім разе не хочам вучыць ні яго, ні каго-небудзь іншага. Але ж і пагадзіцца з тым, што ні ён, лідар партыі, ні яго актывісты не могуць нічога зрабіць, таму што «скаваны па руках і нагах», не можам. Таму падказваем яшчэ адну невыкарыстаную магчымасць публічнай дзейнасці партыі. Амаль кожны тыдзень на сайтах з’яўляецца інфармацыя пра «Прамыя лініі» чыноўнікаў розных узроўняў. Няўжо яны не ўяўляюць ніякай цікавасці для партыйцаў? Цяжка трапіць на персанальны прыём да нейкага высокага праўладнага начальніка, а вось датэлефанавацца падчас «Прамой лініі» ўсё ж можна. І задаць пару вострых пытанняў. Чыноўнік кіне слухаўку альбо скажа нешта абразлівае, закаламуціць сэнс пытання – што ж, гэта можа вылезці яму бокам. Зноў жа праз тыя незалежныя сродкі масавай інфармацыі прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай партыі маюць магчымасць расказаць усяму народу, як яны звярталіся да высокiх чыноўнікаў і як непрыстойна яны сябе паводзілi. Адным словам, намаляваць iх партрэты чорнымі фарбамі.

Сёння вельмі востра стаіць пытанне аб новых прэзідэнцкіх выбарах. Чаму Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) не праявіць такую ініцыятыву: разам з іншымі палітычнымі структурамі не стварыць каардынацыйную групоўку па арганізацыі збору подпісаў выбаршчыкаў за правядзенне як мага хутчэй новай электаральнай кампаніі? Няўжо трэба патураць уладам і рабіць выгляд, што 9 жніўня мінулага года нічога страшэннага не адбылося? Калі сам Лукашэнка не аднойчы вымушаны быў прызнацца ў тым, што вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах былі сфальсіфікаваны, калі цывілізаваны свет не лічыць яго легітымным кіраўніком дзяржавы, то чаго маўчаць, чаму не зрабіць самых рашучых захадаў па правядзенні новых, сапраўды дэмакратычных выбараў ужо ў гэтым годзе?

Можна было б яшчэ многае раіць спадару Барысаву і сябрам яго партыі. Але ж, прызнаемся, гэта сапраўды не місія рэдакцыі. А тое, што «Народная Воля» ў нейкай ступені калюча адрэагавала на інтэрв’ю лідара Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), – мяркуем, мы маем такое права. Не трэба крыўдзіцца, шаноўнае спадарства. Час і сітуацыя патрабуюць ад нас і ад вас не пасіўнасці, не апускання рук, а прынцыповасці і актыўнай дзейнасці. І сапраўды, калі тая ці іншая работа каму небудзь не пад сілу – трэба аб гэтым адкрыта сказаць і знайсці магчымасць больш поўна выкарыстаць свае сілы ў іншым месцы.

Хочацца спадзявацца, што Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) усё ж дакажа канкрэтнымі справамі, што яна па праве займае сваю нішу ў палітычным жыцці краіны. Бяздзейнасць у сённяшніх надзвычай драматычных умовах, калі вырашаецца лёс краіны, калі пад пагрозай будучыня нацыі, гэта не што іншае, як здрада партыйным ідэям, здрада народу.

Публікацыя – з № 37 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: