У 18-ці гадовым узросце гэтага шляхціча жорстка пакаралі расейскія ўлады за ўдзел у беларускім вызваленчым паўстанні, а пазней назвалі ў ягоны гонар вуліцу Масквы. «Будзьма» вырашыла узгадаць жыццё і навуковую дзейнасць славутага беларускага даследчыка Яна Чэрскага.

Паўстанне і высылка

Пра ступень значнасці навукоўца Яна Чэрскага добра сведчыць хацяб той факт, што славутага беларускага даследчыка спрабавалі да сябе прыпісаць і расейцы, і палякі, і літоўцы, хоць ён нарадзіўся ў Беларусі, паходзіў з беларускага роду ды размаўляў па-беларуску. І не дзіва, бо ён стаў першаадкрывальнікам шмат у чым ды, не гледзячы на кароткае жыццё, пакінуў пасля сябе багатую даследчыцкую спадчыну.

Ян (Іван) Чэрскі нарадзіўся ў 1845 годзе ў заможнай шляхецкай сям’і ў фальварку Свольна. Сам род Чэрскіх быў вядомы яшчэ з XVIII стагоддзя, а ягоныя прадстаўнікі ў розныя часы займалі досыць высокія дзяржаўныя пасады. Бацька Яна сканаў, калі хлопчыку было дзесяць гадоў і яго выхаванне цалкам паклалася на маці. Яно было добрым і насіла выключна шляхецкі характар. У гэты перыяд хлопчык ужо авалодаў некалькімі замежнымі мовамі: латынню, нямецкай, ангельскай і французскай, а таксама маляваў, навучаўся танцам, валодаў музычнымі інструментамі, фехтаваў.

У дванадцаць гадоў Ян паступіў у віленскую гімназію, а пасля ў Віленскі шляхецкі інстытут. Малады чалавек выявіў сябе выдатным навучэнцам ды, імаверна, меў перспектыву атрымаць пазней добрую дзяржаўную пасаду. Але ў той час у Вільне, асабліва ў навучальных установах, зноў фармаваліся гурткі патрыётаў і інтэлектуалаў, зноў віравалі ідэі і разгортваліся дыскусіі пра нацыянальнае і сацыяльна-палітычнае вызваленне.

Заканамерна, што і Ян, як узорны беларускі шляхціч, не застаўся ў баку, не прамяняў свае каштоўнасці і ідэалы на кар’еру. Амаль у васемнаццаць гадоў, ужо на апошнім курсе, малады чалавек далучыўся да атрада паўстанцаў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Але амаль праз месяц Ян трапіў у палон да расейскіх карнікаў.

Па прысудзе ваенна-палявога суда, малады паўстанец быў пазбаўлены дваранскага звання, уся маёмасць канфіскавалася — так, ягоныя маці і сястра засталіся без жытла і без сродкаў, у канфіскаванай бацькоўскай сядзібе стварылі чыгуначную кантору, зямлю параздавалі ў арэнду, — а ён сам быў накіраваны ў Сібір на бестэрміновую службу.

Неверагодныя знаходкі

Ян Чэрскі мусіў трапіць у горад Благавешчанск, але змог даць хабар, каб яго перавялі ў Омск. На шляху ён пазнаёміўся з даследчыкам, вядомыі геолагам Аляксандрам Чаканоўскім, які таксама за ўдзел у паўстанні быў асуджаны да высылкі ў Сібір. Можна сцвярджаць, што гэтае знаёмства стала для маладога чалавека не проста адметным, але перадвырашыла ўсё далейшае жыццё і дзейнасць. Дзякуючы Чаканоўскаму, Ян зацікавіўся новай сферай, захапіўся новай для сябе навукай, якая дазволіла паглядзець на свет па-іншаму ды не згубіць у цяжкіх умовах жаданне ставіць і дасягаць мэты. Ян Чэрскі пачаў захоплена вывучаць геалогію, заалогію, анатомію, палеанталогію, шмат часу ён праводзіў як у бібліятэцы, так і ў вандроўках па наваколлі, падчас якіх вывучаў і збіраў экспанаты для ўласных калекцый.

Праз шэсць гадоў Чэрскі быў вызвалены ад рэкрутарскай службы і пераведзены ў статус вольнага пасяленца. Вярнуцца на радзіму ці хоць бы паступіць у Казанскі ўніверсітэт яму не дазволілі, а таму ён мусіў працягваць жыць у Омску, дзе зарабляў выкладаннем у якасці рэпетытара.

Самаадукацыя і аматарскія даследванні дазволі Чэрскаму ўразіць адмыслоўцаў. І новы, так бы мовіць, прафесійны этап, яго дзейнасці пачаўся з запрашэння ў Іркуцк на працу ва Усходне-Сібірскі філіял Рускага геаграфічнага таварыства. Там ён атрымаў пасаду кансерватара і бібліятэкара іркуцкага музея. У гэты перыяд ён не толькі працягнуў займацца самаадукацыяй, наведваць лекцыі, але і заняўся разнастайнымі даследванні ў галіне геалогіі, палеанталогіі, заалогіі, этнаграфіі, анатоміі і метэаралогіі. Адначасова з тым вынікі працы Чэрскага ўжо рэгулярна публікуюцца ў часопісе «Известия Сибирского отдела Географического общества».

Надзвычай важныя вынікі далі экспедыцыі Чэрскага, у якіх ён: знайшоў стаянку першабытнага чалавека (апынулася першай на тэрыторыі Расеі стаянкай эпохі палеаліта), даследваў Усходні Саян, знайшоў біўні маманта, выкапні дагэтуль невядомых жывёл, разгадаў тайну з’яўлення возера Байкал ды склаў яго геалагічную мапу (якую пазней прэзентавалі на міжнародным кангрэсе ў Венецыі). Ужо ў гэты перыяд Чэрскі за сваю даследчыцкую дзейнасць атрымаў срэбны і залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства.

Аэрапорт і вулкан

Напрыканцы жыцця Ян Чэрскі нарэшце быў амніставаны. У 1885 годзе ён пераехаў у Санкт-Пецярбург, куды яго запрасілі на працу ў Акадэмію навук. Некалькі гадоў у сталіцы імперыі ён сумяшчаў навуковую дзейнасць з выступамі і чытаннем лекцый. Але ўжо праз шэсць гадоў даследчык выправіўся ў новую экспедыцыю, падчас якой цяжкасці са здароўем яшчэ больш абвастрыліся. Нягледзячы на тое, што Чэрскі нават не мог стаяць на нагах, ён не змяніў планаў, ды працягваў кіраваць экспедыцыяй седзячы. У 1892 годзе, там жа, у экспедыцыі Ян Чэрскі сканаў ва ўзросце сарака сямі гадоў.

Значнасць навуковых дасягненняў адлюстравалася і ў шматлікіх назвах, якія атрымалі імя ў гонар Чэрскага: выкапні, рыбы, горныя храбты, вулкан, вяршыня, гара. даліна, пасёлак, аэрапорт, вуліцы (у тым ліку, у Вільне і Маскве) і іншыя.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»