Юзаф Нямера

Як у Гродне судзілі 64-гадовага пенсіянера Юзафа Нямеру

У Гродзенскім абласным судзе была перагледжана справа 64-гадовага пенсіянера Юзафа Нямеры, які ўжо быў асуджаны на два з паловай гады хатняй хіміі за выспятак амапаўцу падчас акцый пратэсту. Перад гэтым калегіяй суддзяў былі разгледжаны апеляцыйныя скаргі як з боку пракуратуры, так і асуджанага, але прысуд быў пакінуты без змен. І вось пасля чарговага пратэсту пракуратуры рашэнне суда змянілася: Юзаф Нямера асуджаны на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму.

Рэтраспектыва

Юзаф Нямера быў асуджаны Кастрычніцкім судом Гродна 12 лістапада мінулага года па двух крымінальных артыкулах – за актыўны ўдзел у акцыі пратэсту (ч.1 арт.342 КК РБ) і за насілле ў дачыненні супрацоўніка АМАПа (арт.364 КК РБ). Суддзя Вольга Бекушава прызначыла тады пакаранне – 2,5 года «хатняй хіміі».

На акцыі 6 верасня Нямера быў у калоне пратэстуючых. Убачыўшы, што па дарозе амапаўцы цягнуць за валасы жанчыну, заступіўся за яе і даў выспятка аднаму з праваахоўнікаў. Суд палічыў, што гэтым ён нанёс маральную шкоду супрацоўніку АМАПа і да ўсяго яшчэ запэцкаў яго абмундзіраванне.

За кратамі Нямера адбыў тады больш за два месяцы. Дарэчы, у судзе не адмаўляў свайго ўдзелу ў масавым мерапрыемстве. Але пры гэтым падкрэсліваў, што нікога не агітаваў, не ўзначальваў калону і не блакаваў дарогу.

Прысуд тады не задаволіў ні пракуратуру, ні абвінавачанага. І адзін і другі бок падалі апеляцыйныя скаргі. Пракуратура прасіла зрабіць прысуд больш жорсткім, а Нямера прасіў апраўдаць яго па артыкуле 342. Абласная калегія суддзяў пакінула прысуд раённага суда без змен.

У сакавіку абласная пракуратура накіравала апеляцыйны пратэст і на гэта рашэнне, і тады яно было адменена, а справа накіравана на новы разгляд. Судовая калегія ў складзе суддзяў Кулеша, Бубенчыка і Рачынскага правяла новы разгляд справы.

«Суд не ў поўнай меры ўлічыў…»

Гэтым разам абласная пракуратура канстатавала, што судом не ў поўнай меры быў улічаны характар супрацьпраўных дзеянняў абвінавачанага.

«З даследаваных відэаматэрыялаў бачна, што Нямера актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве і супрацьстаянні з праваахоўнымі органамі, – зачытваў з паперы дзяржабвінаваўца Шалковіч. – Прымяніў насілле да супрацоўніка АМАПа, ударыў яго нагой па целе. Распальваў нянавісць да праваахоўных органаў, яго дзеянні былі скіраваны на дэстабілізацыю грамадскага парадку і палітычнай сітуацыі…»

Пракурор прывёў новыя факты. Аказалася, што Нямера больш за 20 разоў за 10 гадоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па пратаколах супрацоўнікаў ДАІ, а ў 2003-м прыцягваўся да адказнасці паводле артыкула 153 КК РБ. А таму прысуд пракуратура прасіла змяніць на 2 гады пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію і штраф у памеры 5400 рублёў.

Праўда, непасрэдна дзяржабвінаваўца Шалковіч у судзе падтрымаў апеляцыйны пратэст толькі часткова і запрасіў для Нямеры пакаранне ў выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

«Я прыйшоў на плошчу дзеля мірнага пратэсту…»

Нямера ў сваю чаргу таксама падаў апеляцыйную скаргу і прасіў апраўдаць яго.

І вось у чарговы раз спадар Юзаф перад трыма суддзямі зноў распавядаў сваю гісторыю. Ён не адмаўляў, што прыйшоў на плошчу, каб разам з іншымі гродзенцамі мірна выказаць пратэст супраць насілля і нязгоду з вынікамі выбараў. Не адмаўляў, што ішоў разам з іншымі ў калоне, распавёў, што рух перакрываў АМАП, а не пратэстоўцы. Яшчэ раз сведчыў, што не быў актыўным удзельнікам пратэсту і не ўзначальваў калону, а ішоў у сярэдзіне.

«Амапаўца я ўдарыў, але зрабіў гэта імпульсіўна, бо бачыў, як двое з іх цягнулі па асфальце дзяўчыну, не мог стрымацца, – у чарговы раз распавядаў Нямера. – У судзе той амапавец прызнаў, што ніякага фізічнага болю не адчуў».

За гэты час пажылы чалавек перажыў сем судовых пасяджэнняў. Пасля прысуду яго паставілі на ўлік ў міліцыі, было праведзена 57 праверак – ніводнай заўвагі зроблена не было.

Спадар Юзаф таксама прасіў суд улічыць той факт, што разам з ім жыве 91-гадовая маці, якая хоць і ў свядомасці, але ў ляжачым стане, а ён ёю апякуецца.

Што тычыцца больш як 20 адміністрацыйных пратаколаў ад ДАІ, дык гродзенец патлумачыў: «Машынай маёй карысталася ўся сям’я, а таксама блізкія сябры, і добрая частка пратаколаў была складзена на іх”.

Таксама мужчына распавёў, што да адказнасці паводле артыкула 153 прыцягваўся за бойку з суседам, які кідаўся на яго з сякерай, і яму даводзілася абараняцца.

Юзаф Нямера катэгарычна не пагадзіўся з абвінавачваннямі кшталту «распальваў нянавісць да праваахоўных органаў, яго дзеянні былі скіраваны на дэстабілізацыю грамадскага парадку і палітычнай сітуацыі».

Адвакат Нямеры сцвярджаў, што аргумент пракуратуры, нібыта раённы суд не ў поўнай меры ўлічыў характар супрацьпраўных дзеянняў абвінавачанага толькі таму, што калісьці на яго былі складзены больш за 20 адміністрацыйных пратаколаў і што ён прыцягваўся да адказнасці паводле артыкула 153 КК РБ, не можа быць улічаны.

«За ўсё гэта мой падабаронны панёс адказнасць, – канстатаваў адвакат. – Ды і самі падзеі былі 17 гадоў таму. А цяпер 57 праверак міліцыі засведчылі, што мой кліент паводзіць сябе законапаслухмяна».

Вердыкт

Вердыкт быў кароткі. Калегія суддзяў узяла пад увагу аргументы дзяржабвінаваўцы і прызначыла Юзафу Нямеру паўтара года калоніі агульнага рэжыму, улічыўшы той тэрмін, які ён ужо адбыў.

Пасля абвяшчэння прысуду па твары Юзафа Нямеры ад крыўды пацяклі слёзы…

Публікацыя – з № 36 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»