Яўген Зялкоўскі ў судовай "клетцы". Фота аўтара.

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Алеся Осіпава 18 мая пакарала Яўгена Зялкоўскага 3,5 гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Трыццаціаднагадовы гамяльчанін прызнаны віноўным у «злосным хуліганстве» – паводле часткі 1 і 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса.

Бомба, якой не было

Летась у кастрычніку прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава паведаміла, што ў Гомелі «сілавікі знайшлі самаробнае прыстасаванне, падобнае на бомбу». Апроч таго, у ноч на 26 кастрычніка «ў гомельскім Telegram-чаце апублікавалі фотаздымак БЧБ-сцяга», які ўстанавілі ў раёне возера Абкамаўскае. Бел-чырвона-белы сцяг стаў сімвалам пратэсту.

«Супрацоўнікі АМАПа, якія выехалі на месца, звярнулі ўвагу на закапаны пад дрэўкам прадмет. Ён быў схожы з выбуховым прыстасаваннем», – пісала Чамаданава.

Выклікалі і сапераў – яны дасталі падазроны прадмет, які, паводле афіцыйнага паведамлення, можна было прыняць за выбуховую прыладу.

Следчыя завялі крымінальную справу за «асабліва злоснае хуліганства». Пачаліся пошукі асобаў, датычных да гэтага хуліганства. Зялкоўскага затрымалі ў студзені. Па словах Яўгена, яго моцна збілі, патрабавалі прызнання не толькі наконт устаноўкі бел-чырвона-белага сцяга, але і падпале шапіка «Табакерка».

Нядзельны сюрпрыз

Дзяржабвінаваўца з пракуратуры Данчанка запрасіў для абвінавачанага 4 гады зняволення. Казаў на судзе, што ў дзеяннях Яўгена бачыцца намер на грубае парушэнне грамадскага парадку. Ён двойчы ўсталёўваў бел-чырвона-белы сцяг са знешне небяспечнай прыладай, выбіраў для гэтага нядзельныя дні, калі ў горадзе праводзіліся «незаконныя мітынгі».

Насамрэч гэта быў нават не стандартны сцяг, а белае палотнішча з намаляванай пасярэдзіне малінавай паласою, а ў скрынках знаходзіліся пара падшыпнікаў, пустая петарда ды карыкатура на АМАП. Нават эксперт-тэхнік па выбуховых рэчывах на адным з судовых пасяджэнняў адзначыў: «Адзінае, што могуць паразіць гэтыя прыстасаванні – гэта толькі чыёсьці ўяўленне».

Абвінавачванне ў «асабліва злосным хуліганстве» ўрэшце змянілі на «злоснае хуліганства» – з часткі 3 артыкула 339 КК на частку 2, якой прадугледжана адказнасць да 6 гадоў пазбаўлення волі, а не да 10, як раней.

Пра хулігана і герояў

Напярэдадні прысуду ў апошнім слове Яўген Зялкоўскі сказаў, што ён – «звычайны рабацяга, любіць сваю краіну і свой народ, і як грамадзянін сваёй краіны мае права супрацьстаяць гвалту». І працягваў: «За той час, які я правёў у СІЗА, я яшчэ раз пераканаўся, наколькі ў нас добрыя людзі. Зусім незнаёмыя пісалі мне лісты, прапаноўвалі дапамогу маёй сям’і. Калі гэты прыгожы мірны народ супрацоўнікі міліцыі збіваюць і труцяць газам, я не магу заставацца раўнадушным. Мае ўчынкі могуць падасца камусьці дзіўнымі і смешнымі. Ну і што. Я рабіў хоць штосьці, каб спыніць гвалт. І ў той дзень нікога не затрымалі і не пабілі. Я хуліган пасля гэтага, а яны хто – героі?».

Спасылаючыся на існуючае заканадаўства, Яўген заявіў, што «не ўчыняў хуліганства», бо “не парушаў грамадскі парадак, нікога не патурбаваў”. Абвяргаў некаторых сведкаў і “дастатковасць доказаў” у справе, згадваў пра маніпуляцыю рэчавымі доказамі і здымкамі. Казаў таксама, што ў яго дзеяннях няма і «палітычнай варажнечы», у чым вінаваціў пракурор.

«Напэўна, яе (варажнечу) можна згледзець у дзеяннях тых, хто, збіваючы мяне, крычаў мне ў твар: «бэчэбэшная поскудзь!». Напэўна, палітычнай варажнечы больш у дзеяннях супрацоўнікаў органаў, якія, пасля майго змяшчэння ў ІЧУ, хлусілі ў твар маёй цяжарнай жонцы, што не ведаюць, дзе я знаходжуся», – зазначыў Зялкоўскі.

Віны сваёй у хуліганстве ён не прызнаў, заявіў: «Усё гэта ліпа ад пачатку і да канца».

Сястра Зялкоўскага Надзея, якая прысутнічала на судзе, распавяла, што лепшага брата яна не ведае. Ён любому паспрыяе і дапаможа. Яўген скончыў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і аспірантуру. Працаваў наладчыкам станкоў у прыватнай фірме.

Жонка Яўгена Зялкоўскага Юля плакала ў зале суда. А перад гэтым расказала журналісту «Народнай Волі»:

«Муж у інтэрнэце пабачыў, як несправядліва паступаюць сілавікі з беларускім народам – ганяюць, б’юць ні за што. Раман Бандарэнка загінуў, Аляксандр Віхор… Муж хацеў, каб амапаўцы хоць крыху задумаліся над тым, што яны робяць. Ён хацеў нейкім чынам пераключыць увагу сілавікоў з гвалту над людзьмі на ахову правапарадку. У Жэні і ў думках не было камусьці рэальна нашкодзіць».

У маладой пары ў ліпені мае нарадзіцца дзіця, і Яўген быў сур’ёзна занепакоены тым, якая краіна дастанецца новаму пакаленню.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»