На мінулым тыдні беларуская тэнісістка Арына Сабаленка, якая на гэты момант займае чацвёрты радок у рэйтынгу Сусветнай тэніснай асацыяцыі, саступіла на стадыі 1/8 фіналу турніру ў Рыме 17-гадовай амерыканцы Коры Гауф.

Cенсацыі тут не было (Сабаленка пакуль не тая зорка, каб выйграваць усе матчы запар), але пройгрыш быў даволі нечаканы, калі ўлічваць, што крыху раней Арына стала пераможцай турніру ў Мадрыдзе. Да таго ж прайграла Сабаленка юнай амерыканцы практычна без барацьбы – 5:7, 3:6.

А вось на чым зрабілі акцэнт многія СМІ пасля вышэйзгаданага матча, дык гэта на тым, што ў Італіі за гульнёй Сабаленка з трыбуны, дзе знаходзілася група падтрымкі тэнісісткі, назіраў і былы капітан зборнай Беларусі па хакеі, а цяпер галоўны трэнер «Дынама-Маладзечна» Канстанцін Кальцоў.

Нагадаем: год таму жонка Кальцова размясціла пост, у якім распавяла аб расставанні з мужам. На фотаздымку Юлія адзначыла Арыну Сабаленка і напісала:

«А вось зараз убачым, хто чытае пост. Мы жывём у свеце сацыяльных сетак, і назбіралася вельмі шмат пытанняў. Гэта будзе мой апошні фотаздымак з Канстанцінам у маім «Інстаграме», дзе мы разам і дзе мы былі вельмі шчаслівыя!

Хутка будзе чортаў тузін, як мы ў шлюбе. І мы разышліся… Так здараецца. І гэта балюча. На гэтым усё!

І яшчэ звяртаюся да ўсіх дзяўчат, якія вешаюцца на чужых мужоў з малымі дзецьмі ў сям’і: гэта подла! Можа так здарыцца, што і вы калі-небудзь там будзеце».

Юлія засталася з трыма дзецьмі, і многія жонкі спартсменаў эмацыйна адрэагавалі на гэта.

«Як гэта магчыма? – абуралася жонка футбаліста Аляксандра Глеба Святлана. – Такая прыгожая сям’я. Такі цудоўны малы, якому не хапае ўвагі абодвух бацькоў. Вельмі сумна.

Юля, вы прыгожая! З усім справіцеся, і з вамі такая падтрымка ў асобе дзетак. Упэўнена, што гэта проста выпрабаванне, якое вы з часам пераадолееце, якое дапаможа расставіць прыярытэты і зразумець, што нічога выдатней за сям’ю няма. На жаль, ваш муж аказаўся проста слабы. Але час дапаможа».

У той жа час сам Канстанцін Кальцоў заявіў, што тэнісістка Арына Собаленка да іх раводу з жонкай ніякага дачынення не мае.

«Я ўжо забыўся пра такую ўвагу да майго жыцця, – заявіў спартсмен. – Сардэчна запрашаем! Вы хочаце чымсьці дапамагчы? Я цвёрда перакананы, што ў сваім асабістым жыцці я ў стане разабрацца сам. Дзякуй за ўвагу!

Вялікая просьба: людзі, калі вы людзі, пакіньце ў спакоі Арыну Сабаленка, якая да ўсяго гэтага не мае ніякага дачынення! Гэта цудоўны чалавек і спартсмен, які не заслугоўвае сусветнага гневу. Спадзяюся на разуменне!»

Тым не менш, як бачым, Кальцоў з некаторых часоў усё-такі палюбіў тэніс. Пераважным чынам – матчы з удзелам Сабаленка…

Публікацыя – з № 36 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»