Як беларускія балельшчыкі адрэагавалі на адмену этапу Кубка свету па біятлоне ў Мінску

Днямі стала вядома, што Міжнародны саюз біятланістаў вырашыў не праводзіць у 2022 годзе этап Кубка свету па біятлоне ў Мінску ў сувязі з той сітуацыяй, якая апошнім часам склалася ў Беларусі.

Такім чынам, «мінскі» этап Кубка адбудзецца ў фінскім Канціялахці.

Нагадаем: раней быў адменены чэмпіянат свету па хакеі-2021, які павінен быў прайсці ў беларускай сталіцы і Рызе. Пазней Міжнародны саюз сучаснага пяцібор’я перанёс з Мінска чэмпіянат свету па пяцібор’і, а ў сакавіку стала вядома, што наша краіна не прыме і камандны чэмпіянат Еўропы па настольным тэнісе.

Вось некаторыя каментарыі балельшчыкаў на форумах спартыўных сайтаў з нагоды адмены этапу Кубка свету па біятлоне:

«Усё лагічна. Што ўлады пасеялі, такі ўраджай і сабралі».

«Пасля адмены чэмпіянату свету па хакеі ў краіне «Шкоду» забаранілі, «Нівею» забаранілі. Цяпер біятлон забароняць? Калі ўжо забараняць, то трэба забараняць усё. Хакей таксама. Трэба даць адказ на абразы нашай улады. Прапаную забараніць наогул усё!»

«Колькі сіл, часу, грошай было выдаткавана, каб у Мінску прайшоў этап Кубка свету па біятлоне. Трэба было ўсё пралабіраваць, а колькі радасці было! А на выхадзе – пшык…»

Поделиться ссылкой: