Псіхіятр паведаміла ў міліцыю пра наведвальніка, які “абразіў” Лукашэнку
Юры Кавалёў з унучкай. Фота: Радыё Свабода

На актывіста Юрыя Кавалёва, які жыве ў Чачэрску Гомельскай вобласці, завялі крымінальную справу паводле артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу («абраза прэзідэнта»), паведамляе Радыё Свабода.

«На мяне крымінальную справу распачалі за тое, што сказаў праўду. Быў на прыёме ў лекара-псіхіятра, праходзіў камісію на права кіравання аўтамабілем. Ну і выказаўся…. А лекарка паведаміла ў міліцыю тое, што я сказаў», – распавёў Свабодзе Юры Кавалёў.

Ён у 2020-2021 годзе шмат разоў трапляў на «суткі» за «несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы».

«Дзе я толькі не сядзеў: і ў Брагіне, і ў Гомлі, і ў Чачэрску, і ў Буда-Кашалёве. Цяпер яшчэ і праводзілі са мной судова-мэдыцынскую экспертызу», – дадаў жыхар Чачэрску.

Падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі Юры Кавалёў агітаваў за Святлану Ціханоўскую. Ягоны сын Арцём уцёк ад пераследу амапаўцаў. Нявестка Кавалёва Кацярына засталася з дваімі дзецьмі, малодшаму – 4 месяцы, а старэйшаму – 4 гады.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»