Святлана Ціханоўская на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Паўночнай Македоніі Зоранам Заевым, 14.05.2021. Фота: @tsikhanouskaya

Роўна год таму Ціханоўская падала дакументы ў ЦВК. Тады пра яе амаль ніхто нічога ня ведаў: хто яна, як выглядае, чым займаецца. Радыё Свабода сабрала фота з прэзідэнцкай кампаніі Святланы Ціханоўскай.

Упершыню перад фотакамерамі Святлана Ціханоўская з’явілася раніцай 15 траўня, калі прыйшла падаваць дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. За дзень да гэтага ЦВК адмовіўся прымаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы яе мужа Сяргея Ціханоўскага. Ён у гэтыя дні знаходзіўся на «сутках».

Святлана Ціханоўская на шляху ад хатняй гаспадыні да палітычнага лідара
Першае фота Святланы Ціханоўскай падчас яе выбарчай кампаніі. 15 траўня 2020

«Я даведаўся, калі пазваніў ёй, выйшаўшы з ізалятару, – расказваў Сяргей Ціханоўскі пазней у інтэрвʼю Свабодзе. – Ажно прысеў. Думаў, што гэта мо падказаў ёй нехта з нашых актывістаў. Але яна сама, як высветлілася, так вырашыла».

15 траўня ля ЦВК Святлана Ціханоўская зʼявілася адна і размаўляць з журналістамі адмовілася, спаслаўшыся на занятасць. Дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы яна падала за гадзіну да завяршэння тэрміну падачы.

Святлана Ціханоўская на шляху ад хатняй гаспадыні да палітычнага лідара
Святлана Ціханоўская адыходзіць ад будынку ЦВК, 15 траўня 2020 году

Ініцыятыўная група па вылучэнні Святланы Ціханоўскай была зарэгістраваная 19 траўня. Ля ЦВК будучая кандыдатка ў прэзідэнты зʼявілася разам з паплечнікамі, выступіла з невялікай прамовай, падчас якой заявіла, што «марыла аб прэзідэнцкай пасадзе ўсё жыццё».

Збор подпісаў за вылучэнне Ціханоўскай пачаўся адразу пасля рэгістрацыі яе ініцыятыўнай групы. У першыя тыдні кампаніяй кіраваў Сяргей Ціханоўскі. Святлана па-ранейшаму не зʼяўлялася на публіцы і адмаўлялася ад каментароў журналістам. 29 траўня на выбарчым пікеце ў Горадні Сяргея затрымалі. Ён дагэтуль знаходзіцца кратамі.

Святлана Ціханоўская на шляху ад хатняй гаспадыні да палітычнага лідара
Сяргей Ціханоўскі на выбарчым пікеце Святланы ў Горадні за некалькі гадзінаў да затрымання. 29 траўня 2020

14 ліпеня 2020 году Святлану Ціханоўскую зарэгістравалі ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты Беларусі. Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу ў рэгістрацыі было адмоўлена. Праз два дні ў штабе Бабарыкі адбылася прэс-канферэнцыя абʼяднанага штабу, на якой Марыя Калеснікава паведаміла аб пачатку супольнай выбарчай кампаніі.

Святлана Ціханоўская на шляху ад хатняй гаспадыні да палітычнага лідара
Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава на агульнай прэс-канферэнцыі 17 ліпеня 2020 году

Адразу пасля аб’яднання выбарчых штабоў пачаліся паездкі Святланы Ціханоўскай па Беларусі. Яна наведала ўсе абласныя цэнтры, а таксама буйнейшыя раённыя. Самым масавым стаў перадвыбарны мітынг на плошчы Бангалор у Менску 30 ліпеня 2020 году, куды прыйшло каля 60 тысяч чалавек. Наступны мітынг абʼяднанага штабу на Бангалор улады ўжо не дазволілі, правёўшы там у прызначаны тэрмін свята з нагоды Дня чыгуначных войскаў, якія не існуюць у Беларусі з 2006 году.

Святлана Ціханоўская на шляху ад хатняй гаспадыні да палітычнага лідара
На перадвыбарным мітынгу ў Слоніме. 1 жніўня 2020

Перадвыбарныя мітынгі Святланы Ціханоўскай праходзілі без бачных праблем. Але ў некаторых гарадах улады адмовілі ў правядзенні сустрэч у апошні момант. Так адбылося ў Салігорску, Пінску, Слуцку і шэрагу іншых месцаў. Найбуйнейшыя выбарчыя мітынгі Святланы Ціханоўскай па-за Менскам прайшлі ў Горадні і Берасці. Там на сустрэчу з кандыдаткай у прэзідэнты прыйшло каля 20 тысяч чалавек.

Святлана Ціханоўская на шляху ад хатняй гаспадыні да палітычнага лідара
На перадвыбарным мітынгу ў Баранавічах. 2 жніўня 2020

Выбарчая кампанія Святланы Ціханоўскай суправаджалася рэпрэсіямі супраць сяброў яе ініцыятыўнай групы. Сяргей Ціханоўскі быў прызнаны палітвязнем яшчэ ў канцы чэрвеня. У перапынках паміж мітынгамі Ціханоўская прыязджала на суды і да месцаў утрымання сваіх паплечнікаў за кратамі. Дзеці Ціханоўскіх выехалі ў Літву.

Асноўны дзень галасавання праходзіў 9 жніўня 2020 году. Напярэдадні з Беларусі зʼехала Вераніка Цапкала. Штаб Святланы Ціханоўскай атрымліваў паведамленні аб магчымасці затрымання Святланы. У апошнюю ноч перад асноўным днём галасавання яна выехала са сваёй кватэры.

Святлана Ціханоўская на шляху ад хатняй гаспадыні да палітычнага лідара
Святлана Ціханоўская ля падʼезду свайго дому ў Менску 8 жніўня 2020 году
Святлана Ціханоўская на шляху ад хатняй гаспадыні да палітычнага лідара
Галасаванне на выбарчым участку 9 жніўня 2020

Дзень 9 жніўня Святлана Ціханоўская амаль цалкам правяла ў памяшканні выбарчага штабу Віктара Бабарыкі, куды прыехала адразу пасля галасавання. Яна не выходзіла да журналістаў і ніяк не каментавала навінаў з выбарчых участкаў. Яе першая паслявыбарная прэс-канферэнцыя была прызначаная на 22:00.

Святлана Ціханоўская на шляху ад хатняй гаспадыні да палітычнага лідара
Першая прэс-канферэнцыя Святланы Ціханоўскай пасля заканчэння выбараў 9 жніўня. І адзін з апошніх яе здымкаў, зроблены ў Беларусі

Увечары 10 жніўня Святлана Ціханоўская разам з адвакатам Максімам Знакам зайшла ў будынак ЦВК на плошчы Незалежнасці ў Менску, каб падаць скаргу на афіцыйныя вынікі выбараў. З ЦВК Максім Знак выйшаў ужо адзін, Святлана вымушана выехала з Беларусі ў Літву ўначы разам з паплечніцай Марыяй Мароз і ейнымі дзецьмі.

14 жніўня 2020 году з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай была створаная Каардынацыйная рада. Сама Святлана праводзіць сустрэчы з лідарамі еўрапейскіх краін і патрабуе вызвалення палітвязняў, адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў. Суд у справе яе мужа Сяргея павінен пачацца ў чэрвені 2021-га. Яму пагражае да 12 гадоў зняволення.

Фота: Uladz Hrydzin (RFE/RL)

Поделиться ссылкой: