Вольга Севярынец, жонка палiтвязня, падзялілася ўражаннямі ад суда над мужам на сваёй старонцы ў facebook. Нагадаем, суд над Севярынцам закрыты і «матэрыялы справы адносяцца да таямніцы».

— Суд над Паўлам працягваецца, працэсы ідуць кожны дзень і ідуць ў даволі хуткім тэмпе, а гэта значыць, што праз пару тыдняў мы можам даведацца прысуд. На працэсе Павел маўчыць. Ён не гаворыць ні-чо-га, не адказвае на пытанні. Ён падкрэсліваў гэты момант некалькі разоў у лістах. Кажа, што ўсё, што хацеў, ён сказаў у сваіх кнігах. Гэта вельмі важна для яго. Прашу звярнуць на гэта ўвагу СМІ і сяброў, — піша Вольга Севярынец.

Яшчэ з навінаў: Паўла паставілі на ўлік як экстрэміста.

Гэта ў тэорыі цягне за сабой цэлы комплекс мер, які падбіраецца да кожнага індывідуальна, наколькі я зразумела з апісанняў іншых родных. Патрэбна гэта толькі для таго, каб ламаць чалавека ў турме.

У выніку нам ад Пашы перасталі прыходзіць лісты, увогуле. У яго камеры правялі такі шмон, што з матрасам выставілі за дзверы не толькі яго, як «экстрэміста», але і ўсіх астатніх сукамернікаў, намякаючы, што церпяць яны вось з-за гэтага аднаго.

Але заўсёды ёсць і добрыя навіны. Вось учора я была ў Магілёве і перадала яму пернікі з любімай цытатай. Спадзяюся, што спадабаюцца.

Паўла Севярынца паставілі на ўлік як экстрэміста
Пернікі для Паўла Севярынца ад жонкі. Фота: Вольга Севярынец / facebook

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»