Інжынера-фізіка пакаралі за «Хуліганства» са сцягам

Суддзя Цэнтральнага раёну Гомеля Віктар Казачок 15 траўня пакараў інжынера-фізіка Кірыла Брыгу адным годам і шасцю месяцамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу. Інакш кажучы, прысудзіў маладому інжынеру паўтара гады хатняй «хіміі». Акрамя таго Брыга павінен сплаціць 863 рублі працэсуальных выдаткаў.

Крымінальная справа за «хуліганства» паводле часткі 2, артыкула 339 КК была распачата супраць Кірыла Брыгі за тое, што 16 жніўня, на цэнтральнай плошчы Гомеля, ён прыняў удзел у замене афіцыйнага чырвона-зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы.

«Хуліганства» са сцягам: абвінаваўца запрасіла для падсуднага хатнюю
Фота: МУС РБ

Дзеянні гараджан, якія выйшлі ў жніўні на плошчу пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў і замянілі афіцыйны сцяг на нацыянальны, следства расцаніла як наўмыснае хуліганства, выказванне свавольства, грэбаванне нормамі маралі, «яўную непавагу да грамадства, парушэнне грамадскага парадку з выключным цынізмам».

У апошнім слове 23-гадовы інжынер раскаяўся, запэўніў, што «болей ніколі не будзе ўчыняць злачынстваў і парушаць закон». Прасіў «не караць строга і даць магчымасць працаваць на карысць грамадства».

Інжынера-фізіка пакаралі за «хуліганства» са сцягам
У судзе. Фота: Анатоль ЛІПСКІ / “Народная Воля”

Пакаранне цалкам адпавядае запыту дзяржабвінаваўцы з гарадской пракуратуры Алесі Жураўлёвай.

Цяперашняя крымінальная справа за «хуліганства» са сцягам на плошчы Леніна – другая па ліку. У лістападзе мінулага года за замену афіцыйнага сцяга быў асуджаны на два гады «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу 26-гадовы гомельскі прадпрымальнік Георгій Васіленка. Акурат яму дапамагаў Кірыла Брыга.

Больш жорсткі прысуд Васіленку вынесены праўдападобна таму, што ён не прызнаў свае дзеянні хуліганствам. На пачатку СК сапраўды пачынаў крымінальную справу супраць Васіленкі на падставе артыкула 370 – як за здзек над дзяржаўнымі сімваламі, а пасля перакваліфікаваў на артыкул 339 – «злоснае хуліганства», пакаранне за якое больш суворае. Пракуратура падтрымала такую перакваліфікацыю. Але нават у крымінальнай справе Брыгі дзяржабвінаваўца Жураўлёва зазначала, што «узняты дзяржаўны сцяг увасабляў квітнеючую стабільную Беларусь. Зняцце яго з’явілася непавагай да дзяржаўнага сцяга», што падпадае пад прыкметы менавіта здзеку над дзяржаўнымі сімваламі.

За працэсам над 23-гадовым інжынерам Кірылам Брыгам, а раней і за судом над Васіленкам, назіраў грамадскі актывіст і палітык Васіль Палякоў.

«Я не бачу ва ўчынках маладых гамельчан складу хуліганскага злачынства. Гэта палітычна матываваныя справы, пераслед людзей за іх перакананні, за іх імкненні да свабоды, дэмакратыі – да таго, каб над Беларуссю луналі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, а не былі нейкія штучна прыдуманыя сімвалы, якія не маюць ніякага дачынення да гісторыі Беларусі. Замена сцяга ў жніўні адпавядала сітуацыі, настрою, адпавядала таму, што людзі, што ссінелымі пальцамі трымаюцца за ўладу, прайгралі выбары і не могуць прэтэндаваць на тое, каб навязваць сваю волю і свае сімвалы», – сказаў журналісту «Народнай Волі» грамадскі актывіст Палякоў.

Анатоль ЛІПСКІ.

Поделиться ссылкой: