Усё менш часу застаецца да старту чэмпіянату свету па хакеі.

Першынство, як вядома, павінна было прайсці ў гэтым годзе ў Мінску і Рызе, але пасля вядомых падзей у Беларусі Міжнародная федэрацыя хакея вырашыла ў мэтах бяспекі адабраць чемпіянат у Мінска і правесці яго толькі ў Рызе.

Тым не менш беларуская нацыянальная каманда не адмовілася ад удзелу ў гэтым першынстве і актыўна рыхтуецца да турніру ў Латвіі.

Вось на гэтых іграках галоўны трэнер зборнай Міхаіл Захараў спыніў свой выбар, хаця канчатковы склад будзе вызначаны пасля таварыскіх гульняў з камандай Казахстана:

варатары: Дэні Тэйлар («Дынама» (Мн), КХЛ), Аляксей Коласаў («Дынама» (Мн), КХЛ), Канстанцін Шостак («Северсталь», КХЛ);

абаронцы: Нік Бэйлен («Трактар», КХЛ), Крысціян Хенкель («Ак Барс», КХЛ), Сцяпан Фалькоўскі, Дзмітрый Знахарэнка, Ілля Шынкевіч, Ілля Салаўёў, Уладзіслаў Яроменка (усе – «Дынама» (Мн), КХЛ), Яўген Лісавец, Дзмітрый Корабаў (абодва – «Салават Юлаев», КХЛ), Андрэй Антонаў («Юнацтва» (Мн));

нападаючыя: Ілля Усаў, Арцём Дзямкоў, Ігар Мартынаў (усе – «Дынама» (Мн)), Франсіс Парэ («Авангард», КХЛ), Шэйн Прынс («Автомобилист», КХЛ), Джэф Плат («Салават Юлаев», КХЛ), Андрэй Бялевіч («Торпедо», КХЛ), Мікіта Камароў («Авангард», КХЛ), Уладзіслаў Кадола («Северсталь», КХЛ), Сяргей Касціцын («Браціслава Кэпіталс», Славакія), Андрэй Касціцын (без клуба), Сяргей Дрозд, Станіслаў Лапачук (абодва – «Юнацтва» (Мн)), Герман Несцераў («Гомель»).

Дарэчы, сёння да зборнай далучыцца ў Рызе і беларускі форвард «Нью-Джэрсі» Ягор Шаранговіч (на фота), які правёў свой першы сезон у НХЛ і выглядаў там даволі прыстойна.

«У «Нью-Джэрсі» я навучыўся, што трэба прытрымлівацца сістэмы, выконваць задачы, якія ставіць трэнер, гуляць больш жорстка ў кожным матчы, – кажа Ягор. – Калі слухаемся настаўніка, то перамагаем. Калі дапускаем памылкі, то сапернікі гэтага не даруюць.

Я адчуваў сябе выдатна на працягу ўсяго сезона, быў добра падрыхтаваны фізічна, калі прыехаў у НХЛ.

У Рыгу адпраўлюся 14 мая, на чэмпіянаце, натуральна, буду выступаць. Затым два летнія месяцы, думаю, правяду ў Беларусі, а ў жніўні адпраўлюся ў Фларыду, дзе жыве мой агент. Мая задача на наступны сезон – згуляць лепш, чым у гэтым годзе».

ДА ВЕДАМА

На папярэднім этапе чэмпіянату свету – 2021 у Рызе зборная Беларусі згуляе ў групе «А», якая будзе праводзіць свае матчы ў Алімпійскім спартыўным цэнтры.

Сапернікамі каманды Міхаіла Захарава стануць зборныя Славакіі (21 мая, пачатак – 20.15 па мінскім часе), Швецыі (23 мая, 16.15), Чэхіі (24 мая, 20.15), Вялікабрытаніі (26 мая, 20.15), Даніі (28 мая, 20.15), Швейцарыі (30 мая, 16.15) і Расіі (1 чэрвеня, 20.15). Чатыры лепшыя каманды з групы выйдуць у чвэрцьфінал.

У групе «В» згуляюць зборныя Канады, Фінляндыі, ЗША, Германіі, Латвіі, Нарвегіі, Італіі і Казахстана.

Публікацыя – з № 35 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»