Фота: TUT.BY

У судзе Маскоўскага раёна Мінска абвясцілі прысуд па справе палітвязня Аляксея Санчука.

Яго абвінавацілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: чч.1 і 2 арт.342 (арганізацыя, падрыхтоўка дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч.3 арт.293 (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і ч.2 арт.293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

Нагадаем, што ў лістападзе мінулага года ў Мінску на рэпетыцыі сілавікі затрымалі групу барабаншчыкаў, якія восенню сталі адным з сімвалаў пратэстаў. Музыкантаў адміністрацыйна асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, але Аляксей пасля 15-сутачнага арышту так і не выйшаў на волю. Супраць яго распачалі крымінальную справу.

Згодна з версіяй абвінавачання, Аляксей Санчук «пад выглядам масавых мерапрыемстваў» у Мінску здзяйсняў дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак: перакрываў праезную частку, аказваў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам УУС, выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні, размахваў бел-чырвона-белым сцягам.

Дзяржабвінаваўца сцвярджаў, што з чэрвеня па 4 лістапада 2020 года Аляксей Санчук браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, купляў піратэхніку, адкрыў рахунак у «Тэхнабанку» для фінансавання пратэстаў.

За блакіраванне дарог 27 верасня, 18 кастрычніка, 4 кастрычніка, 25 кастрычніка, 1 лістапада «Мінсктранс» выставіў яму іск на суму 161.900 рублёў.

Таксама, паводле версіі следства, ён «арганізаваў супольнасць, дзе навучаў людзей, схіляў асоб да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Суддзя Таццяна Пірожнікава вынесла Аляксею Санчуку прысуд – шэсць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Скажыце, у якой цывілізаванай краіне мог быць вынесены такі вердыкт? Судзяць у нас не тых, хто нахабна сфальсіфікаваў вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, а тых, хто выступіў з пратэстам, хто патрабуе аднаўлення справядлівасці, правядзення любой палітычнай кампаніі дэмакратычна, без парушэнняў заканадаўства.

Публікацыя – з № 35 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: