Ігар Банцэр

Рок-музыкант з Гродна распавёў «Народнай Волі» пра наступствы сухой галадоўкі і суд, які павінен адбыцца 20 мая.

Нагадаем, што Ігара Банцэра затрымалі па крымінальнай справе аб хуліганстве – за тое, што ён танцаваў перад міліцыяй без штаноў.

3 сакавіка суд Ленінскага раёна Гродна пачаў разглядаць справу Ігара Банцэра, і непасрэдна на працэсе ён заявіў, што ў знак пратэсту распачынае сухую галадоўку, якую працягваў 16 сутак.

У рэшце рэшт яму прысудзілі 1,5 года «хіміі». На час апеляцыі ён знаходзіцца на свабодзе…

– 20 мая Гродзенскі абласны суд будзе разглядаць маю апеляцыйную скаргу, але вялікіх ілюзій не маю, кажа Ігар. – У лепшым выпадку рашэнне пакінуць такім жа, як і было раней.

Ці ёсць наступствы пасля сухой галадоўкі, якую вы праводзілі за кратамі?

– Ужо амаль два месяцы займаюся тым, што цягаюся па паліклініках, кабінетах лекараў і стаю ў чэргах да іх.

Я ведаў, што будуць праблемы са здароўем пасля галадоўкі, але не думаў, што такія сур’ёзныя. Калі адправяць на «хімію» адразу пасля 20 мая, то бачу свае перспектывы даволі змрочнымі. Бо мне яшчэ лячыцца і лячыцца.

Самая сумная навіна: пасля таго як у сакавіку мяне адпусцілі на волю да разгляду апеляцыі, высветлілася, што ў мяне гепатыт С. Хачу адзначыць, што ў Гродзенскім СІЗА ў лістападзе мінулага года мне рабілі тэст крыві на гепатыт і СНІД, і вынікі былі адмоўныя. Затым, калі ў снежні адвезлі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках, таксама бралі кроў на тое ж самае. Я яшчэ запытаўся: «Навошта? Толькі ж нядаўна ў Гродзенскім СІЗА тэсціравалі». – «Мы гэта робім усім, хто да нас трапляе», – быў такі адказ. Але і там вынікі былі адмоўныя.

Як тады атрымалася, што ўжо ў красавіку ў мяне выявілі гепатыт С? З гэтай нагоды ў мяне, безумоўна, ёсць пэўныя здагадкі, але ж на сто працэнтаў не дакажаш, што так яно і ёсць.

Акрамя таго, пасля галадоўкі з’явіліся праблемы са страўнікам, маюцца пэўныя праблемы з аналізамі крыві. Магчыма, усё гэта развіваецца на фоне гепатыту.

Таму пра такія дробязі, як хворыя суставы і пагоршаны зрок, на што я пастаянна скардзіўся ў турме, зараз ужо нават не ўспамінаю.

Для лячэння гепатыту С патрэбны вельмі дарагія лекі…

– Знаёмыя, якія лячыліся ад гэтай хваробы, казалі, што давялося выкласці каля 5 тысяч еўра. Праўда, чуў, што ў Беларусі ёсць нейкія эксперыментальныя міжнародныя праграмы, якія прадугледжваюць бясплатнае лячэнне, але там вялізныя чэргі.

Адным словам, пакуль знаходжуся як быццам у прастрацыі, бо наперадзе чакае поўная невядомасць і сумныя перспектывы адбыццё пакарання ў якой-небудзь глыбінцы, дзе нейкай глабальнай медыцынскай дапамогі, відаць, не будзе. Маральна сябе да гэтага рыхтую. У рэшце рэшт, я ведаў, на што ішоў.

Калі 20 мая абласны суд пакіне рашэнне ў сіле, адразу паедзеце на «хімію»?

– Шчыра кажучы, нават не ведаю, як уся гэта працэдура адбываецца. Ці то адразу забяруць, ці то дадуць пэўны час сабрацца, і будзе магчымасць яшчэ падлячыцца на волі. Пабачым, што далей…

Публікацыя – з № 35 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: