Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Украінцы не пусцілі на сваю тэрыторыю аўтобус з Беларусі: ва ўсіх 35 пасажыраў былі фальшывымі даведкі аб тым, што яны не хворыя на кавід. Высветлілася, што гэтыя даведкі падрыхтавала фірма, якая арганізавала экскурсію.

Амаль што кожны ведае, бадай
(Ва ўсякім разе гэта не навіна):
На пераломе – а таму не рай –
Цяпер суседка наша Украіна.
Турыст звычайна ехаць не гатоў
Туды, дзе што ні дзень, то ператрусы.
І тым не менш у Кіеў, Роўна, Львоў
Дарогу не забылі беларусы.
У край для нас спрадвеку не чужы
Аўтобусы імкнуцца, хоць і рэдка.
Вось толькі пасажыру на мяжы
Патрэбна медыцынская даведка,
Што пасажыр не хворы на кавід,
Бо там і так задужа многа хворых –
Не аднаго адправіў у нябыт
Драпежны і няўмольны гэты вораг.
…Паехала чарговая гурма –
Хто па «горілку»,
Хто яшчэ й па сала.
Даведак жа такіх у іх няма.
Ды гэта, мабыць, мала хвалявала,
Бо ў фірме, што наладзіла ваяж,
Запэўнілі, што будзе шыта-крыта:
– Даведкі пра здароўе – клопат наш,
Праедзем праз мяжу мы, як праз сіта.
І сапраўды: даведак цэлы стос
Даставіў прадстаўнік тутэйшай фірмы.
Ён гэты стос памежнікам панёс,
Якія строга зыркалі з-за шырмы.
А выскачыў чырвоны, быццам рак,
Апараны гарачаю вадою.
– Якія ў нас праблемы? Што не так? –
Распытваць узяліся грамадою. –

Чаму стаім? Чаму не едзем мы?
Няўжо папасці ў Кіеў немагчыма?
А прадстаўнік чамусьці – як нямы
І толькі тупа лыпае вачыма.
Нарэшце растлумачыў афіцэр,
Сказаўшы на ўкраінскай «ріднай мове»:
– Мы выкрылі злачынны ваш намер:
Даведкі ў вас фальшывыя, панове!
Падробка дакументаў!
І таму
Пабачыць не далі ні Львоў, ні Кіеў,
Хаця маглі адправіць і ў турму
Ці проста ўсіх пагнаць дадому кіем…

***

Наш кіраўнік – як доктар Айбаліт,
Ён кажа, што залішняя трывога:
На шчасце, цяжка хворых на кавід
У Беларусі ёсць не надта многа,
А памірае ўвогуле няшмат –
Паказчык, як у свеце ўсім, не гэткі.
А можа, свету кіраўнік і ўрад
Паказваюць фальшывыя даведкі?..

Шчасце не купіш?

«Не купіць шчасце нават каралеўна!» –
Такое часта чуеш у жыцці.
Хто гэтак кажа, пошліну, напэўна,
За скасаванне шлюбу не плаціў…

Апошняе слова

Для злыдня шлях адзіны – у турму.
Ды нават у забойцы ёсць правы.
Суддзя ў яго пытаецца:
– Чаму
Ад слова адмаўляецеся вы?
– Карысці будзе з гэтага няшмат.
З пустою гаварыльняй – перабор.
Сказаў усё, што трэба, адвакат,
А што не трэба, выдаў пракурор…

І нашто распранаў?

Засвоіць мужыкам даўно пара:

Бяспечнасць не даводзіць да дабра.
Я ўласны прыклад вам, сябры, падкіну:
Бяспечна распрануў адну дзяўчыну
(У маладосці шмат было прыгод);
Яе ўжо апранаю сорак год…

Сентэнцыя

Цяпер, калі маю дарослых дзяцей,
Сентэнцыя ўбілася ў плеш:
Мужчыны падманваюць жонак часцей,
А жонкі падманваюць лепш…

Публікацыя – з № 35 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»