«Хуліганства» са сцягам: абвінаваўца запрасіла для падсуднага хатнюю
Фота: МУС РБ

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 14 траўня адбыліся спрэчкі ў крымінальнай справе пра «хуліганства», звязанай з заменай 16 жніўня на плошчы Леніна афіцыйнага дзяржаўнага сцяга на нацыянальны бел-чырвона-белы. На падставе часткі 2, артыкула 339 Крымінальнага кодэкса судзяць 23-гадовага інжынера-фізіка Кірыла Брыгу.

Прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачвання з гарадской пракуратуры Алеся Жураўлёва зазначала, што “ўзняты дзяржаўны сцяг увасабляў квітнеючую стабільную Беларусь. Зняцце яго з’явілася непавагай да дзяржаўнага сцяга”.

Пракурор прасіла пры вынясенні пакарання ўлічыць характар і ступень небяспекі дзеянняў, а таксама асобу падсуднага: ён працуе, раней не быў судзімы, па месцу працы і вучобы характарызуецца станоўча. Да таго ж Брыга прызнаў віну цалкам, раскаяўся. Абцяжарваючых віну абставін на судзе не ўстаноўлена. Дзяржабвінаваўца прапанавала пакараць Кірыла адным годам і шасцю месяцамі абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу. Інакш кажучы, прысудзіць маладому інжынеру паўтара гады хатняй “хіміі”.

«Хуліганства» са сцягам: абвінаваўца запрасіла для падсуднага хатнюю
У судзе. Фота: Анатоль ЛІПСКІ / “Народная Воля”

Паказальна, што Алеся Жураўлёва ў лістападзе мінулага года падтрымлівала абвінавачванне і ў дачыненні да Георгія Васіленкі, з якім Кірыла Брыга 16 жніўня мяняў на цэнтральнай плошчы афіцыйны чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы. На тым судзе Жураўлёва падтрымала перакваліфікацыю дзеянняў гамельчаніна Васіленкі са здзеку над дзяржаўнымі сімваламі (артыкул 370 КК) на хуліганства з асаблівым цынізмам, пакаранне за якое больш суворае. Тады ж і здарыўся інцыдэнт: прысутны ў зале грамадскі актывіст Уладзімір Няпомняшчых абурыўся прысудам, заявіў, што за фальсіфікацыю крымінальнай справы будуць адказваць усе: следчыя, суддзі, пракуроры. Алеся Жураўлёва палічыла, што актывіст ёй пагражаў і абразіў. Нядаўна, на закрытым судзе ў СІЗА, Уладзіміра пакаралі двума з паловай гадамі зняволення.

Гэтым разам ніякіх рэплік на адрас прадстаўніцы пракуратуры наконт прапановы аб пакаранні не было.

Адвакат Іван Калошын, які прадстаўляе інтарэсы Брыгі, прасіў прызначыць яго падабароннаму мінімальнае пакаранне. Бо Кірыла не толькі мае надзвычай станоўчыя характарыстыкі з працы і ўніверсітэта, дзе дадаткова вучыцца ў магістратуры, але і ўдзельнічае яшчэ ў грамадскіх справах, у прыватнасці, у ахове грамадскага парадку.

Заўтра, 15 мая, Кірыла Брыга выступіць на судзе з апошнім словам, пасля якога і будзе вынесены прысуд.

 Анатоль ЛІПСКІ.

Поделиться ссылкой: