Віктар Бабарыка. Фота https://profile.ru

Прэс-сакратар штаба экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі распавёў «Народнай Волі» пра тое, на якой стадыі зараз знаходзіцца працэс стварэння новай партыі «Вместе».

Нагадаем, што 29 сакавіка гэтага года паплечнікі Віктара Бабарыкі, які зараз знаходзіцца ў СІЗА, аб’явілі, што ў Беларусі можа з’явіцца новая партыя «Вместе», якая аб’яднае апазіцыйныя сілы.

– На дадзены момант мы атрымалі ўжо больш за 6500 заявак на ўступленне ў партыю, – кажа Глеб ГЕРМАНЧУК. – Зараз праходзіць этап, калі мы знаёмімся з гэтымі людзьмі, каб разумець іх матывы. Апрацавана ўжо каля 1500 заявак.

Як вядома, па законе для правядзення з’езда і стварэння партыі неабходна не менш за тысячу сябраў арганізацыі, таму зараз на гэтым пытанні і сканцэнтраваліся.

– Нярэдка атрымліваецца, што ў спіс сябраў партыі трапляюць людзі, якія затым адклікаюць свае подпісы і заяўкі…

– Разумеем гэта, таму зараз і праходзіць сур’ёзная праверка тых, хто жадае ўступіць у партыю. Хачу толькі дадаць, што сацыяльныя слаі ў нас прадстаўлены самыя розныя: і простыя рабочыя, і кіраўнікі фірм, і прадстаўнікі IT-сферы…

– Што патрэбна для таго, каб падаць заяўку на ўступленне ў партыю «Вместе»?

– Збор заявак вядзецца праз наш сайт, які лёгка можна знайсці ў інтэрнэце. Трэба запоўніць анкету і такім чынам далучыцца да ствараемай арганізацыі.

– Якім будзе наступны этап пасля праверкі подпісаў?

– Трэба актыўна папрацаваць у рэгіёнах. І, натуральна, будзем шліфаваць сваю праграму.

Правесці з’езд і падаць дакументы на рэгістрацыю партыі мы плануем у гэтым годзе.

Публікацыя – з № 35 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: