Павел Северинец

Жонка палітыка Паўла Севярынца падзялілася ўражаннямі ад першага дня працэса над мужам.

Нагадаем, што 12 мая ў Магілёўскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць сямі палітвязняў: сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, блогера Зміцера Казлова, грамадскай актывісткі Ірыны Шчаснай, актывістаў “Еўрапейскай Беларусі” Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча.

Вядома, што іх абвінавачваюць па некалькіх частках “пратэснага” артыкула 293 Крымінальнага кодэкса. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Больш за ўсіх за кратамі ўтрымліваюць Паўла Севярынца – з 7 чэрвеня мінулага года.

“12 мая я прыехала ў Магілёў на суд разам з маці Паўла і яго сёстрамі, – кажа Вольга. – Таксама былі блізкія і іншых фігурантаў справы. Прыехалі за гадзіну да пачатку працэса, наўкол суда ўсё было ачэплена сілавікамі. Спачатку ў судзе перапісалі нашы пашпартныя дадзеныя, а затым людзей выганялі з будынка суда, некаторых кропкава затрымлівалі, хаця не думаю, што для гэтага былі падставы.

Гэта такое прыніжэнне! Спачатку мы планавалі ездзіць на суд кожны дзень, але зразумелі, што ў гэтым няма сэнсу. І Павел перадаў праз адваката, каб мы сюды не ездзілі і не трацілі на паездкі час.

У Магілёве да будынка суда немагчыма было падыйсці бліжэй чым на тры метры, нам нават не дазволілі паглядзець на Паўла. Таму лепш я ў Мінску больш для мужа буду што-небудзь рабіць ды маліцца за яго, чым там хвалявацца і перажываць гэты стрэс”.

Па словах Вольгі, адвакат па выніках першага дня працэсу ніякую інфармацыю не агучваў, бо знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

“Але, наколькі вядома, суд будзе ісці кожны дзень з ранку да вечара, таму да канца месяца, магчыма, вынесуць судовае рашэнне”, – дадае жонка плітыка. – З’езджу ў Магілёў яшчэ 14 мая, каб аддаць перадачу, а затым ужо адправімся толькі ў дзень, калі будзе агучаны прысуд”.

Публікацыя – з № 35 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: