Былы падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Азараў аб настроях сярод сілавікоў
Аляксандр Азараў, былы падпалкоўнік міліцыі

Падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Азараў у жніўні мінулага году перайшоў на бок народу. У сваім інтэрв’ю для Белсату былы начальнік аддзелу Галоўнага ўпраўлення ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, а таксама выкладчык Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў распавёў пра настроі сярод сілавікоў і ці варта чакаць, што яны пяройдуць на бок народу.

Белсат: Што цяпер адбываецца ў нашай так званай праваахоўнай сістэме?

Аляксандр Азараў: Цяпер сістэма стамілася ад барацьбы са сваім народам. Людзям сорамна. Першыя дні, я памятаю, форму трэба было ў пакет схаваць і везці, каб ніхто не бачыў. І потым надзяваць яе на працы. Людзям сорамна, бо працаўнік сам працуе, яму прамываюцца мазгі. А ў цывільных арганізацыях працуюць усе ягоныя сваякі, сябры і знаёмыя, якія ведаюць, што адбываецца, і яму пастаянна пра гэта кажуць. Я ведаю, што шмат хто разрываў адносіны. Але яны не бачаць сваёй будучыні без працы ў міліцыі. На сённяшні момант яны лічаць, што пасля звальнення іх ніхто на працу не возьме. Таксама ў іх багата крэдытаў, розных праблемаў, жонкі ў дэкрэтах, і гэтак далей. Іх цяпер сталі заганяць у такія рамкі, што праца становіцца невыноснай. Пры любым падазрэнні яны рэгулярна праходзяць паліграф.

У тым жа ГУБАЗ паліграф прайшлі працаўнікі, якія не праявілі сябе і не білі грамадзянаў на вуліцах. Частку з іх перавялі ў іншыя падраздзяленні. Кагосьці адправілі на пенсію і г. д. Яны імкнуцца пазбавіцца ад такіх. Ім патрэбныя цяпер толькі тыя, хто замараў сябе і каму адступаць больш няма куды, таму ён будзе надалей здзяйсняць злачынствы. У іх рэгулярна правяраюць мабільныя тэлефоны, прымушаюць падпісвацца на «Жёлтые Сливы», на праўладныя каналы. Усё астатняе павінна быць выдаленае. <…>

Вядома, шмат хто мае некалькі тэлефонаў, удома – адзін тэлефон, на працы – другі, пусты. Людзі самаразвіваюцца. Я ведаю, што шмат хто імкнецца таемна атрымаць нейкую прафесію. Здаць на правы, каб з’ехаць пры магчымасці. Але цяпер іх там загналі ў такія рамкі, што паставілі ўсім забарону на выезд.

І я ведаю, што працаўнікі, якія спрабавалі паляцець у адпачынак, не ведалі, што пастаўленая забарона. Іх здымалі з самалётаў, а сям’я ляцела.

А працаўнікі КДБ – у іх паставілі не толькі працаўнікоў, але і сваякоў. Яны цяпер абмежаваныя ўва ўсім.

Белсат: Калі прыйдзе крытычны момант, ці будуць сілавікі абараняць Лукашэнку?

Аляксандр Азараў: Я думаю, што калі прыйдзе крытычны момант, тыя, хто замараў сябе ў крыві, вядома, будуць. Бо яны ведаюць, што безумоўна будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.

Усе астатнія – працаўнікі, якія сумняюцца і якія цяпер моўчкі ходзяць на працу, яны могуць у пэўны момант, калі будзе сабраная крытычная маса народу, адмовіцца і перайсці на бок народу.

Поделиться ссылкой: