Алег Гулак. Фота https://www.racyja.com

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта пракаментаваў «Народнай Волі» тыя змены, якія могуць трапіць у Працоўны кодэкс, і адказ дэпутата на зварот грамадзян.

Нагадаем: некаторы час таму былі анансаваны прапановы па зменах у Працоўны кодэкс, згодна з якімі работнікаў можна будзе звальняць, калі яны трапяць пад адміністрацыйны арышт.

З прапановай не ўносіць такія змены ў Працоўны кодэкс да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў звярнуліся больш за 3 тысячы чалавек – іх зварот быў апублікаваны на сайце «Зручны горад». Падпісанты «выказалі занепакоенасць у сувязі з ўзаконьваннем нормаў і практык, якія супярэчаць не толькі міжнародным стандартам у сферы правоў чалавека, але і патрабаванням нацыянальнага заканадаўства».

Днямі прыйшоў адказ з Палаты прадстаўнікоў за подпісам намесніка старшыні пастаяннай Камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Івана Гардзейчыка.

Ён лічыць, што «неабходнасць і прапанаваныя меры дадатковага ўдасканалення асобных падыходаў у рэгуляванні пытанняў дысцыпліны і парадку ў працоўных калектывах накіраваны ў першую чаргу на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі і абарону грамадскага парадку ў краіне».

– Раней адміністрацыйны арышт не лічыўся прагулам на працы і не з’яўляўся падставай для звальнення, – кажа Алег ГУЛАК. – Чалавек жа не сам сябе арыштоўваў.

Зараз жа ўводзяць норму, што знаходжанне пад адміністрацыйным арыштам – парушэнне працоўнай дысцыпліны. З юрыдычнага пункта гледжання гэта поўны абсурд і прававы нонсэнс! Такая норма супярэчыць усёй прававой канцэпцыі.

Па-першае, у такім выпадку чалавека караюць двойчы – «суткамі» і звальненнем. Па-другое, сам факт прыцягнення да адказнасці не звязаны з яго функцыямі на працы.

Да таго ж чалавека маглі незаконна асудзіць, а яго ўжо звольнілі. Што рабіць у такім выпадку?

Але відавочна, што гэтую норму ўводзяць для таго, каб у людзей не было жадання выходзіць на вуліцу з пратэстамі.

Дэпутат Іван Гардзейчык лічыць, што такія змены ў Працоўны кодэкс накіраваны «ў першую чаргу на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі і абарону грамадскага парадку ў краіне».

– Гэта дастаткова крывая логіка. Улада лічыць, што яна і ёсць «нацыянальная бяспека і грамадскі парадак». А ўсе астатнія, хто не згодны, аўтаматычна становяцца па-за законам. Гэта ўсё, што трэба ведаць пра сённяшнія законы.

Адным словам, на суткі цябе заўтра могуць адправіць нават за шкарпэткі ў чырвона-белай афарбоўцы ці за фіранкі з нацыянальным арнаментам ва ўласнай кватэры, і гэтага будзе дастаткова для звальнення з працы.

Гэта не толькі парушае ўсе міжнародныя стандарты, але нават не ўпісваецца ў канцэпцыю нацыянальнага заканадаўства. Таму з правам новыя змены ў Працоўны кодэкс не маюць нічога агульнага.

Публікацыя – з № 35 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»