9 траўня ў Лідзе была заўважана чарга людзей, якія па спісах атрымоўвалі грошы. Відэа разышлося па сацсетках. Гледачы роліка высветлілі, што на відэа патрапілі работнікі будаўніча-мантажнага трэсту № 19.

Еўрарадыё даведалася, хто і каму плаціў 9 мая каля Кургана Бессмяротнасці ў Лідзе. На відэа бачна, як чатыры жанчыны з чырвона-зялёнымі стужачкамі, раздаюць людзям, паводле спісаў, па 30 рублёў.

Зрэшты, у прафсаюзе БМТ-19 свая версія падзей. Маўляў, грошы сапраўды раздавалі. Але не за ўдзел у масавым мерапрыемстве, а як прэмію да свята.

— Мы нічога крымінальнага не зрабілі. Па загадзе прэміявалі людзей, як на Дзень будаўніка, як на 8 сакавіка. Гэта нармальна, многія арганізацыі так робяць. А мы затупілі, што не на картку пералічылі? — пытаецца Алена Салуянова, старшыня прафкама БМТ-19. — Нічога дрэннага мы не рабілі, у нас і загад ёсць. Гэта ў нас усё жыццё практыкуецца. З нейкай лухты вось так вось зрабілі такую бязглуздзіцу.

— А як атрымалі выплату тыя, хто не прыйшоў на свята, калі вы выдавалі пад роспіс? 

— Ну, мы ўжо з нашымі работнікамі самі разбяромся. Я не хачу… А то вы мне зноў перакруціце ўсё, зробіце нас зладзеямі, — кажа Салуянава. — Вы гэта таксама інтэрв’ю будзеце выстаўляць у інтэрнэт, як і ўсе астатнія?

Яшчэ ў Дзень Перамогі чытачы Еўрарадыё выявілі падабенства паміж адной з “жанчын з лавачкі” і сябрам прафкама БМТ-19 Ларысай Ухалавой. Другая жанчына падобная на бухгалтарку арганізацыі Ганну Сяліцкую.

— Дык гэта бухгалтэрыя раздае. І на Дзень будаўніка раздае. Так калісьці ў Доме культуры было. Арандуем ДК, пад роспіс кожнаму чалавеку. Гэта на свята, гэта нармальная з’ява. Нічога дрэннага і крымінальнага мы не рабілі, — працягвае Алена Салуянава.

У аператыўным каментары райвыканкама гаворыцца, што жанчыны, якія раздаюць грошы, не маюць дачынення да арганізацыі свята. І наогул, гэта ўсё можа быць правакацыяй. Але ў многіх, хто паглядзеў відэа, думкі паўсталі супрацьлеглыя. Бо час ад часу на мерапрыемствах, арганізаваных уладамі, заўважаюць раздачу грошай. А пасля сакавіцкага пікету каля амбасады Украіны ў Мінску ўдзельнікі акцыі строем занеслі сцягі ў бліжэйшае аддзяленне Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Па словах Алены Салуянавай, у райвыканкаме пра раздачу грошай не ведалі. Чыноўнікі самі высветлілі падрабязнасці пазней.

— Так, вядома, дырэктару тэлефанавалі. Дайшло да адміністрацыі. Так нядобра зрабілі, паступілі. Я ведаю, што іншыя арганізацыі — яны хітрэйшыя, яны пералічылі на картку. Але ў нас жа гатоўка.

— Ну вы, напэўна, пасля гэтага не будзеце так “палеўна” рабіць?

— У нас напісана ў калектыўным дагаворы, што і наяўны, і безнаяўны разлік. Усё гэта законна ў нас зроблена. Проста такія людзі бессаромныя ўзялі і так зрабілі. Непісьменна напісалі.

Поделиться ссылкой: