Юзэф Нямера на судзе 13 траўня. Фота Рамана Юргеля

13 траўня ў абласным судзе Гродна адбыўся перагляд крымінальнай справы ў дачыненні да 63-гадовага пенсіянера Юзэфа Нямеры. Дзяржабвінаваўца Антон Шалковіч настойваў на замене раней вынесенага пакарання – 2,5 гады “хатняй хіміі” на 2 гады калоніі.

Нагадаем, Юзэф Нямера ўдзельнічаў у маршы пратэсту ў Гродна 6 верасня і абараняў жанчыну ад жорсткіх дзеянняў АМАПу. Пры гэтым ён штурхнуў аднаго з міліцыянтаў. Да першага суда, які адбыўся ў лістападзе мінулага года, ён знаходзіўся ў СІЗА. Тады суд палічыў Нямеру вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса – 342 КК (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).Прызначанае судом пакаранне – 3 гады. Кожны дзень утрымання пад вартай палічылі за два, а таму ў выніку – 2,6 года “хіміі” без накіравання ў выпраўленчую ўстанову.

Як паведамляюць праваабаронцы, пракурор палічыў пакаранне занадта мяккім і падаў апеляцыйны пратэст. У студзені Гродзенскі абласны суд перагледзеў справу, але тады рашэнне было пакінутае ў сіле. У сакавіку Гродзенская абласная пракуратура накіравала апеляцыйны пратэст і на гэта рашэнне, і тады яно было адменена, а справа накіравана на новы разгляд.

Сёння ў судзе дзяржабвінаваўца Антон Шалковіч патрабаваў пакараць Нямеру пазбаўленнем волі на два гады і штрафам у 200 базавых велічынь. Прадстаўнік Юзэфа  Нямеры і сам пенсіянер даказвалі, што няма дастатковых доказаў яго віны па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса і прасілі ранейшы прысуд па гэтым артыкуле адмяніць.

Калегія абласнога суда не прыняла пад увагу ніякія аргументы асуджанага і яго адваката. Ні тое, што на ўтрыманні Нямеры знаходзіцца 91-гадовая маці, ні тое, што Юзэф Нямера падчас адбыцця  хатняй хіміі” (адбыў ужо 6 месяцаў) не здзейсніў ніякіх парушэнняў. Пры тым дома яго правяралі за гэты час аж 57 разоў. Не былі ўлічаныя ў судзе і ранейшыя станоўчыя характарыстыкі абвінавачанага.

Судовая калегія ў складзе суддзяў Кулеша, Бубенчыка і Рачынскага, вынесенае паўгода таму пакаранне – 2,6 гады “хатняй хіміі” – замянілі на 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пад варту Нямеру пакуль не ўзялі. Пенсіянера этапуюць да месца зняволення праз некалькі дзён.

Поделиться ссылкой: