Зыгмунт Мінейка (1840–1925) пражыў доўгае і незвычайнае жыццё. Лёс спрыяў яму, нібыта бярог для значных спраў.

Гэты «літвін з глыбокіх бароў», падхоплены вызваленчым рухам, адчуваў іншае прызначэнне ў жыцці: не змагара, а стваральніка і даследчыка, сем’яніна і грамадзяніна — словам годнага чалавека, які хоча быць карысным грамадству і краіне. Гэта і зрабіла яго тым, кім мы яго ведаем, — ганаровым грамадзянінам Грэцыі, адкрывальнікам легендарнага гораду Дадон, аўтарам цікавых мемуараў «З тайгі пад Акропаль», грамадскім дзеячом, піша “Звязда“.

Нарадзіўся Зыгмунт Мінейка ў 1840 годзе ў маёнтку Бальванішкі (цяпер вёска Зялёны Бор) Ашмянскага павета Віленскай губерні. Бацька Зыгмунта Станіслаў Юрый, удзельнік паўстання 1830–1831 гадоў, хацеў, каб яго сыны Яўстафій і Зыгмунт выраслі патрыётамі. Вельмі ўразіў маленькага Зыгмунта рэкруцкі набор, калі сялянскі юнак прасіў яго выратаваць. Неўзабаве паліцыя даведалася, што «кадэт Мікалаеўскага інжынернага вучылішча Зыгмунт Мінейка, які ходзіць, апрануўшыся селянінам, разносіць “гутаркі” і бунтуе народ супраць гасудара».

Ратуючыся ад арышту, Мінейка ў 1861 годзе патаемна пакінуў краіну, перайшоў румынскую мяжу, а пасля праз Стамбул дабраўся да Італіі. Ён паступіў у вайсковую школу ў Генуі, але неўзабаве пакінуў яе і працаваў тапографам пры праектаванні чыгункі Стамбул — Адрыянопаль, а пасля нелегальна жыў у Галіцыі.

Як не дзіўна, а месца ў паўстанні Мінейку не знайшлося. Калі ён 17 сакавіка 1863 года прыбыў у мястэчка Харозба да атрада Марыяна Лянгевіча, на паўстанцаў напалі царскія войскі. У вэрхале і ўцёках нікому не было справы да невядомага юнака. Адбіваючы варожую атаку, Мінейка некалькі разоў стрэліў з рэвальвера, і «адчуваў сябе шчаслівым, што ўзяў чынны ўдзел у баі». А пасля пачаліся пакутлівыя мытарствы, цяжкае адступленне, холад і голад, адчуванне пакінутага ўсімі. «Здавалася мне, што такая мая доля, і што ў будучыні павінен спадзявацца на самога сябе, не хвалявацца, не жадаць нічога ад іншых». Гэта і дапамагло Мінейку вытрымаць усе нязгоды і выпрабаванні, не зламацца. Не змірыўся ён са сваім арыштам аўстрыйскімі ўладамі і ўцёк з лагеру палонных паўстанцаў. Па загадзе паўстанцкага кіраўніцтва Мінейка адправіўся на Літву. Дабіраўся акружной дарогай з падробленым пашпартам праз Вроцлаў і Кёнігсберг, перайшоў расійскую мяжу. У сваіх рамантычных марах Зыгмунт уяўляў сабе, што ён «найздольнейшы за астатніх дзеячоў і адпаведна стану вялікім правадыром, быў унутрана перакананы, што здолею дасягнуць перамогі». Ён марыў стварыць сялянскую армію (нават замовіў кавалям вырабіць дзве тысячы кос для касіянераў), вызваліць Вільню і ўзяць у палон самаго Мураўёва. Атрымалася інакш. Яго невялічкі атрад без баявога вопыту, дастатковай зброі і рыштунку ў першым жа баі з царскімі карнікамі 15 чэрвеня 1863 года ў Бакштанскім лесе разбегся. Сам правадыр застаўся адзін. Яго схапілі мясцовыя ляснікі, у хату якіх ён зайшоў, і выдалі ўладам. Салдаты збілі Зыгмунта да страты прытомнасці. Ачуняў ён толькі ў шпіталі. Палявы суд прыгаварыў Мінейку да расстрэлу. Каты чакалі, пакуль ён падымецца на ногі. Выратаваў Зыгмунта візіт у Вільню нямецкага канцлера Бісмарка, пры якім Мураўёў паасцярогся ладзіць смяротныя пакаранні. Сыграў сваю справу і хабар (9 тысяч рублёў), які дала маці старшыні следчай камісіі генералу Весяліцкаму. Смяротны прысуд быў заменены на 12 гадоў катаржных прац. Мінейка знайшоў сілы адолець цяжкую дарогу па этапу ў Сібір, выкарабкацца з тыфу, перанесці цяжкасці.

«Любоў і самота да страчанай Айчыны праз гэта толькі ўзмацняліся, і жылі і зносілі ўсялякія засмучанні, ажыўленыя надзеяй вяртання да яе. Іначай лёгка было стаць вар’ятам і здзейсніць самагубства», — пісаў Мінейка.

Не высветлена, як Мінейка выдаў сябе за памерлага на этапе паўстанца Струміла, сасланага на жыхарства ў Томск. Факт застаецца фактам: Мінейка пад прозвішчам Струміла застаўся ў Томску. Неўзабаве Мінейка абжыўся ў Томску, яго запрашалі ў лепшыя дамы горада. Прыемны ў абыходжанні ссыльны між тым быў «галоўным кіраўніком Томскай змовы». Улады западозрылі Струмілу. Тады Мінейка разам з двума сябрамі 15 мая 1865 года ўцёк з Томска. Выдаючы сябе за купцоў, яны дабраліся на таратайцы да Цюмені, адтуль праз тайгу Мінейка, арыентуючыся па компасе, дабраўся з сябрамі да Кунгура.

Далей шлях уцекачоў ляжаў да Пермі, на параходзе па Каме і Волзе яны прыбылі ў Казань, а з яе па чыгунцы ў Маскву. Пры дапамозе маскоўскіх рэвалюцыянераў, у прыватнасці беларуса Баляслава Шастаковіча (дзеда кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча), Мінейка прыехаў у Пецярбург з пашпартам эстляндскага барона фон Маберта. Мінейка так увайшоў у ролю барона, што адурачыў нават пецярбургскага генерал-губернатара Аляксандра Суворава, атрымаўшы ад яго дазвол на замежны пашпарт.

Апынуўшыся за мяжой, Мінейка асеў у Парыжы. У 1868 годзе ён скончыў Акадэмію Генеральнага штаба і набыў патрэбную прафесію ваеннага інжынера.

Свой далейшы лёс Зыгмунт Мінейка звязаў з Турцыяй, дзе працаваў інжынерам на будаўніцтве чыгунак, а пасля быў прызначаны галоўным інжынерам-тапографам у грэчаскія правінцыі Эпір і Фесалію. Апроч сваіх прамых абавязкаў ён вывучаў мову і быт мясцовага насельніцтва і склаў этналагічную карту Эпіра. А зацікавіўшыся легендамі аб славутым свяцілішчы горада Дадон, ён прысвяціў шмат часу і намаганняў яго пошуку. Атрымаўшы дазвол на археалагічныя раскопкі, Мінейка у 1875 годзе раскапаў руіны легендарнага горада.

З Грэцыяй, куды ён перабраўся, Мінейку звязала не толькі жаніцьба на грэчанцы Празарпіне Манарыс, а шчырае служэнне сваёй новай Радзіме, дзе ён адчуваў сябе свабодным чалавекам. Падчас вайны Турцыі і Грэцыі за востраў Крыт у 1886 г. Мінейка ўзначаліў тапаграфічную секцыю Генеральнага штаба. А ў першую Балканскую вайну (1912–1913 гг.) Мінейка распрацаваў планы руху грэчаскай арміі да Салонікаў і ўзяцця самаго горада. Паводле яго плана адбылася аблога сталіцы Эпіра Яніны, што прывяло да капітуляцыі 20-тысячнага турэцкага гарнізона. Вызваленыя ад туркаў Фесалія і Эпір былі далучаныя да Грэцыі. Ад удзячнага грэцкага народа Мінейка атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Грэцыі, вышэйшую ўзнагароду — Залаты Крыж і пашану нацыянальнага героя.

Мінейка дажыў да часоў, калі аднавілася Польская дзяржава, і ён як ветэран паўстання атрымаў Ордэн «Virtuti Militari» і «Крыж змагарных».

Да самай сваёй смерці 16 студзеня 1925 года Зыгмунт Мінейка пісаў успаміны, жадаючы расказаць новаму пакаленню аб гераічным мінулым.

Поделиться ссылкой: