Уладзімір Гундар. Фота: Радыё Рацыя

12 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Брэста распачаўся крымінальны працэс над баранавіцкім актывістам, фігурантам так званай «справы Аўтуховіча» 60-гадовым Уладзімірам Гундарам.

Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка падсуднага. Судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме. На працэс не змаглі трапіць і родныя актывіста. У будынак суду на праспекце Машэрава 8, жонку Гундара не пусцілі нават да дзвярэй залі, таму яна стаіць на вуліцы, бачыла, як на працэс прыехалі сведкі.

Уладзіміра Гундара судзяць праз абвінавачанне ў «гвалце або пагрозе гвалту да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі».

Паводле следства, 30 снежня (у гэты дзень былому «аўганцу», інваліду 2-й групы Уладзіміру Гундару прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу «Акт тэрарызму») падчас ператрусу ў хаце Гундар нібыта пагражаў следчым і разбіў свой мабільны тэлефон.

Па словах жонкі актывіста Алены, гэты эпізод вылучылі ў асобную справу. Пасля чаго Гундару выставілі абвінавачанне паводле арт. 366 КК (Гвалт або пагроза ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак). Паводле гэтага артыкулу Уладзіміру Гунадару пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Па словах Алены, віны яе муж не прызнае.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 снежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 – «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў.

На пачатку лютага абноўлены спіс арганізацый і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, з’явіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле КДБ, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» уваходзілі 12 чалавек. Гэта святар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі з ім сувязь і, па версіі следства, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.

Поделиться ссылкой: