Пенсіянера Адама Шпакоўскага не выпусцілі на волю пасля 15 сутак арышту
Пенсіянер Адам Шпакоўскі. Скрыншот з відэа: YouTube/МВД Беларуси

Пенсіянер Адам Шпакоўскі, на якога паскардзіліся суседзі за тое, што ён «дастаў усіх беларускай мовай», не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту. На мужчыну склалі дадатковы пратакол і далі яшчэ 12 сутак, паведамляе “НЧ”.

21 красавіка да 65-гадовага мінчука прыйшлі з ператрусам, які працягваўся 6 гадзін. Прэс-служба МУС назвала пенсіянера адным з двух адміністратараў раённага чата для жыхароў Уручча. У яго кватэры знайшлі “незарэгістраваную сімволіку, улёткі і літаратуру з заклікамі да пратэстнай дзейнасці”, якія ён нібыта вырабляў і распаўсюджваў сярод суседзяў. Таксама у МУС заявілі, што ў кватэры мужчыны нібыта знайшлі каля 65 тысяч еўра і больш за 87 тысяч долараў ЗША.

Як стала вядома праваабаронцам, на пенсіянера паскардзіліся суседзі за тое, што ён «даставаў усіх беларускай мовай» (Адам Шпакоўскі ўвесь час размаўляе па-беларуску). Пасля гэтага затрыманага павезлі на Акрэсціна. Суд пакараў мужчыну арыштам на 15 сутак.

12 мая стала вядома, што на пенсіянера склалі дадатковы пратакол па арт. 19.10 Каап (Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі). Пенсіянера асудзілі яшчэ на 12 сутак, ён правядзе амаль цэлы месяц не на волі.

Поделиться ссылкой: