«Хуліганства» са сцягам – чарговая крымінальная справа ў Гомлі
Фота: Анатоль ЛІПСКІ, Народная Воля

У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля 12 траўня разглядалася чарговая крымінальная справа за «хуліганства», звязаная з заменай 16 жніўня на плошчы Леніна афіцыйнага дзяржаўнага сцяга на нацыянальны бел-чырвона-белы.

Гэтым разам паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэкса судзяць 23-гадовага інжынера–электроншчыка Кірыла Брыгу. Справу разглядае суддзя Віктар Казачок.

За аналагічнае «злачынства» у лістападзе мінулага года гэтым жа райсудом пад старшынствам Сяргея Салоўскага ўжо быў пакараны двума гадамі «хіміі» гамяльчук Георгій Васіленка, які зараз адбывае пакаранне. Характэрна, што следчыя на пачатку распачалі справу супраць Васіленкі за здзек над дзяржаўнымі сімваламі, а пасля перакваліфікавалі на наўмыснае хуліганства з выключным цынізмам, санкцыі за якое больш суворыя.

У такім «хуліганстве» абвінавачваецца і Брыга. Малады інжынер прызнае віну.
«Я ж удзельнічаў ва ўсім гэтым», – сказаў Кірыл журналісту «Народнай Волі».
У нядзелю, 16 жніўня, Кірыл з прыяцелем гулялі ў цэнтры гораду. Былі і на цэнтральнай плошчы, дзе людзі пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў. Калі яны падыходзілі да трохшоставага флагштока побач з помнікам Леніну, чырвона-зялёны сцяг быў ужо амаль спушчаны долу. Зняць яго канчаткова не ўдавалася. У аўтамабіліста, што быў з машынай побач, знайшлі інструмент, і Брыга дапамог зняць сцяг.

У судзе дапыталі сведкаў, у прыватнасці, старшых оперупаўнаважаных УУС Гомельскага аблвыканкаму Канстанціна Мішчанку і Аляксандра Хіпуна, якія дзяжурылі ў парку і бачылі замену афіцыйнага сцяга на бел-чырвона-белы, але не спынілі гэтыя, як цяпер высвятляецца, супрацьпраўныя дзеянні. Замена аднаго сцяга на іншы цягнулася каля сарака хвілін. Але ні згаданыя міліцыянеры, ні іншыя патрульныя, што дзяжурылі паблізу драмтэатру, ніяк не рэагавалі на падзею. Сведкі сцвярджалі, што дакладвалі пра замену сцяга «у дзяжурку», але ім параілі «не абвастраць сітуацыю».

Пракурор цікавіўся ў міліцыянераў, як паводзілі сябе прысутныя, калі замена сцяга адбылася?

«Ажывіліся, адгукнуліся воклічамі: “Жыве Беларусь!”», – сцвярджалі супрацоўнікі УУС.
Яны, дарэчы, не змаглі апазнаць абвінавачанага, спасылаліся, што раней на папярэднім следстве давалі тлумачэнні, хто ў якім адзенні быў і што рабіў на плошчы. Зараз дэталяў не памятаюць.

«Хуліганства» са сцягам – чарговая крымінальная справа ў Гомлі
Фота: Анатоль ЛІПСКІ, Народная Воля

Цікава, што ў агучаных у судзе матэрыялах справы больш гаворыцца пра ўжо асуджанага Георгія Васіленку, чымсьці пра фігуранта новай крымінальнай справы. Як высветлілася, Кірыл Брыга мае надзвычай станоўчыя характарыстыкі з працы, універсітэту Францішка Скарыны, дзе ён вучыўся і знаходзіўся ў шэрагах БРСМ.
Напрыканцы тыдня запланаваны судовыя спрэчкі.

Анатоль ЛІПСКІ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: