Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ, "Народная Воля"

Чарнобыльская зона, адкуль выселілі людзей з-за радыяцыі, ажывае раз на год на Радаўніцу, калі беларусы ўшаноўваюць памерлых продкаў. Гэта адзінае свята ў нашым беларускім календары, якога няма ў календарах іншых народаў.

Шлагбаўмы падымаюцца на ўезд нават на моцна заражаныя тэрыторыі, дзе ёсць могілкі. У гэтым годзе наведваць магілы сваякоў дазваляецца без пропускаў на працяу ўсех чатырох выходных, з 8 па 11 траўня.

Пакацілася фарбаванае яечка

Вёску Халочча Чачэрскага раёна выселілі на пяты год пасля Чарнобыля. Яе жыхары апынуліся хто дзе: рассялілі па розных мястэчках Беларусі.

Бацькі Наталлі Дзмітраковай перасяліліся ў вёску Рудня Марымонава, што пад Гомелем. Сама Наталля жыве ў Буда-Кашалёве. На могілкі прыехала з дачкою Аксанай і зяцем Аляксандрам. Тут пахавана не толькі бабуля, але і бацькі. І маці і бацька, калі былі яшчэ жывыя, наказвалі пахаваць іх на могілках менавіта ў роднай вёсцы, нягледзячы на тое, што яна выселена.

Радаўніца – Вялікдзень для памерлых
Наталля Дзмітракова з дачкой Аксанай. Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ, “Народная Воля”

– На Радаўніцу магілкі абавязкова павінны быць прыбраныя. Вось мы і прыязджаем прыбрацца. Пасля хрысцімся, жадаем нашым родным, каб Бог дараваў ім усе грахі, вольныя і нявольныя. Малітву гаворым. Яечкі фарбаваныя качаем па магільных грудках, велікодны пачастунак на сподачках пакідаем. Радаўніца гэта ж як бы Вялікдзень для памерлых, – кажа Наталля Васільеўна.

Жыла-была вёска Ліпа

Недалёка ад Халочча, але ўжо ў Буда-Кашалёўскім раёне, жыла-была вёска Ліпа. У 1991-1992 гадах адсюль выселілі 127 двароў, 312 вяскоўцаў. Вёску проста засыпала радыяцыйным цэзіем – замеры паказвалі 40 кюры на квадратны кіламетр.

Радаўніца – Вялікдзень для памерлых
Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ, “Народная Воля”

З прычыны высокай радыяцыі хаты закапалі ў зямлю. Засталіся тут толькі могілкі ды дом адзінага гаспадара – Алега Досева. Па першым часе ўлады проста выпіхвалі яго з вёскі, штрафавалі, а пасля – махнулі рукой. Але ўжо і яго не стала – памёр гадоў сем таму, не дажыўшы нават да 55 гадоў, бо займеў праблемы з сэрцам.

У гэтыя дні на могілкі ў Ліпу едуць былыя яго жыхары ды іх сваякі, каб пакланіцца родным магілам. Людзей ужо не столькі, як раней. Шмат хто сышоў у іншы свет Да таго ж каранавірус – на дадатак да радыяцыі.

Радаўніца – Вялікдзень для памерлых
Уладзімір Канавалаў каля родных могілак. Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ, “Народная Воля”

– Мае бацькі пасля высялення апынуліся ў вёсцы Любань Акцябрскага раёна. Маці памерла праз адзінаццаць гадоў пасля тых пярэбараў – ёй было толькі 65. А яшчэ праз пяць гадоў і бацькі не стала. Яго век крыху даўжэйшы – пражыў 76 гадоў. Абое прасілі прывезці іх на вечны спачын у Ліпу, – распавядае Уладзімір Канавалаў, які сам жыве ў Гомелі.

Уладзімір пачысціў надмагільныя помнікі, прыбраў з жонкай усё вакол іх. Пакінулі бацькам і пачастунак, як здаўна водзіцца ў беларусаў на Радаўніцу.

“Боль адчуваю”

У Зінаіды Юрковай на ліпаўскіх могілках пахаваныя бацькі, тры браты, цёткі, дзядзькі – уся блізкая радня.

Радаўніца – Вялікдзень для памерлых
Зінаіда Юркова з нявесткай і ўнучкай Анечкай. Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ, “Народная Воля”

– Боль адчуваю, калі прыязджаю сюды, – кажа Зінаіда. – І родных шкада, хто заўчасна пайшлі з жыцця, і вёскі. У нас жа тут пасля Чарнобыля асфальт паклалі, чысцілі ўсё, зямлю здымалі, вадаправод рабілі. Пяць гадоў жылі пасля выбуху ў Чарнобылі. А потым раз – і высяленне. А цяпер, паглядзіце, свінакомплекс у Новай Ліпе будуюць. Гэта кіламетраў тры адсюль. Зноў жа землі непадалёку пачалі засяваць. Я не прафесар, не ведаю як яно і што. Але не ўкладваецца ўсё ў свядомасці: тут у нас “брудна”, а побач нібыта ўжо і “чыста”.

Дзеці ў пяску, рабочыя – у спецамуніцыі

У гамяльчанкі Таццяны з Ліпай звязаны самыя светлыя ўспаміны. Тут, у бабулі, яна праводзіла летнія канікулы. Побач рэчка Ліпа, за ракою ў лесе – грыбы і ягады. Па вясне Ліпа з ракой Сож разліваліся так, што ўтваралі мора. Гэтыя мясціны нібыта былі нейкім правобразам мясцовасці пры напісанні Янкам Маўрам прыгодніцкай аповесці “Палескія рабінзоны”.

Да Чарнобыля наўкола вёскі вырошчвалі клубніцы, гародніну. У дзіковіну былі нават звычайныя кабачкі. Сад быў. А пасля аварыі, успамінае Таццяна, наогул адбывалася дзіва: вясковая дзятва гуляе ў пяску, а па вёсцы ў спецамуніцыі ходзяць рабочыя, што на загад уладаў “ачышчалі” вёску ад радыяцыі.

Радаўніца – Вялікдзень для памерлых
Таццяна каля бабулінай магілы. Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ, “Народная Воля”

– У мяне тут не толькі бабуля, але і прабабуля пахавана. Сваіх нарачоных мае бабулі рана страцілі. Жаночыя сем’і ў іх былі. Вось зараз прывезлі бабулям на Радаўніцу цукеркі, вафлі – тое, што яны не маглі сабе дазволіць у жыцці з-за нястачы. Кажуць, на Радаўніцу душы памерлых спускаюцца на зямлю. Хочам, каб нашы даражэнькія бабулі таксама парадаваліся: мы іх памятаем, – кажа Таццяна, не стрымліваючы слёз.

Яе муж Ігар звяртае ўвагу, што на некаторых надмагільных агароджах зніклі веснічкі. Выглядае, пагаспадарылі “металісты”, што здольныя здаць любую жалезіну на металалом, абы толькі займець капейку. Здзіўляе аднак, што адбылося гэта ў “зоне”, куды ў звычайныя дні паход ці заезд без пропуска забаронены.

“Пяршыла ў горле, хацелася спаць”

Ліпаўскія могілкі былі на дзве вёскі. Апошняе прыстанішча тут знаходзілі і жыхары суседняга Зацішша, паселішча таксама закапанага ў дол амаль чарнобыльскай катастрофы.

Ала Сядая, якая зараз жыве пад Гомелем у Новай Гуце, кажа, што запомніла паездкі ў вёску, на радзіму продкаў.

Радаўніца – Вялікдзень для памерлых
Ала Сядая за фарбоўкай аградкі. Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ, “Народная Воля”

– У мяне заўсёды пяршыла ў горле, хацелася спаць. На другі год пасля Чарнобыля былі асабліва вялікія яблыкі на нашай пепенцы. Мабыць, радыяцыя нагадвала пра сябе. А ў людзей зараз амаладзіліся інфаркты, інсульты. Анкалагічныя захворванні пачасціліся, зрок часцей падводзіць. Здаецца, японскія навукоўцы папярэджвалі, што чарнобыльская катастрофа заявіць пра сябе гадоў праз дзесяць. Так яно і атрымалася, – дзеліцца Ала сваімі разважаннямі.

Магілы ўпрыгожваюць штучнымі кветкамі. Яны хоць і лічацца экалагічна непрыдатнымі, але адмаўляцца ад іх людзі не збіраюцца. На пагостах у “зоне” даглядаць жывыя расліны не выпадае, зрэшты як і ў іншых месцах.

Радаўніца – Вялікдзень для памерлых
Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ, “Народная Воля”

У Пятра Кусянкова на могілках спачываюць бацька, маці, бабуля, дзве сястры. Бацькоўскую хату ў Зацішшы і пасля Чарнобылю сям’я выкарыстоўвала як лецішча – да самага высялення. Саджалі агарод і ўсё з яго спажывалі. Дазвалялася.

– Прыехалі машынай з сваякамі загадзя, прыбралі родныя магілы. Зараз стол арганізуем, пачастуемся самі, памерлым пачастунак пакінем. На будучы год маем зноў прыехаць на Радаўніцу, – кажа 75-гадовы Пётр Кусянкоў, ураджэнец зніклага пасёлка Зацішша.

Радаўніца – Вялікдзень для памерлых
Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ, “Народная Воля”

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»