Анастасія Перавошчыкава. Фота: Анатоль ЛІПСКІ, "Народная Воля"

Каля Буда-Кашалёўскага ізалятара  Анастасію сустракалі 9 траўня падвечар маці і сяброўкі, якія адмыслова прыехалі з Гомля за паўсотні кіламетраў. У гэты райцэнтр Насцю перавялі  яшчэ 9 сакавіка з ізалятара УУС Гомельскага аблвыканкаму, дзе ўжо бракавала месца для асуджаных на “суткі” за ўдзел у пратэсных акцыях супраць фальсікацыі выбараў. Да пераводу ў Буда-Кашалёва Перавошчыкава адседзела 45 сутак у Гомлі.

“Знайшлі сем фотаздымкаў на нейкіх сайтах ці чатах і сцвярджалі, што нібыта там ёсць і я, хоць разглядзець, хто на тых здымках, немагчыма. За гэта і судзілі сем разоў, давалі  кожны раз па 15 сутак. Гэта жаданне запалохаць, ціснуць на людзей, якія праяўляюць грамадзянскую актыўнасць”, – лічыць Анастасія Перавошчыкава.

“Наш крэмень, наша гераіня”, – кажуць пра яе сяброўкі.

Наколькі вядома,  на пачатку года міліцыя збілася з ног,  шукаючы пратэстны сцяг Навабеліцы. Макет сцяга распрацавала Анастасія. Вобшукі аператыўнікі рабілі ў жанчын дома, а таксама ў 89-гадовага Насцінага дзядулі , узнагароджанага  медалём “За самаадданую працу ў Вялікай Айчыннай вайне”. Забралі ўсю тэхніку.

Наш крэмень. Пасля 105 сутак арышту на волю выйшла Анастасія Перавошчыкава
Анастасія Перавошчыкава з маці Аленай. Фота: Анатоль ЛІПСКІ, “Народная Воля”

Ад Насці міліцыя патрабавала выдаць сцяг Навабеліцкага раёну, а яна не ведала, дзе той сцяг, і хто побач з ім фатаграфаваўся. Міліцыянты злаваліся і “накідвалі” мужнай дзяўчыне чарговыя “суткі”. Больш ім “партызанку” не было на каго вешаць,  бо ў некаторых дзеці, а іншыя наагул з’ехалі за мяжу.

Па словах маці Анастасіі Алены Леанідаўны, у аддзеле аховы правапарадку Навабеліцкага РАУС ёсць супрацоўнік Дзмітрый Кротаў. Дык ён адкрытым тэкстам казаў жанчыне, што раней ужо даваў камусьці 85 сутак арышту, а дачка гэты “рэкорд” паб’е. У гэтага Кротава  нібыта меліся нейкія сведкі, каб пакараць Насцю не тое што сем, а нават дзесяць разоў. Адміністрацыйныя пратаколы звычайна афармляў участковы міліцыянер Дзмітрый Прахарэнка.

Суды паводле міліцэйскіх пратаколаў у дачыненні да Перавошчыкавай праходзілі дэкаратыўна і пад завесай  неверагоднай сакрэтнасці. Праз адваката, кажа Анастасія, удалося аспрэчыць толькі два арышты, але абласны суд пакінуў абедзве пастановы Навабеліцкага райсуда без зменаў.

Умовы ўтрымання ў ізалятары  Буда-Кашалёўскага РАУС у красавіку пагоршыліся.

Наш крэмень. Пасля 105 сутак арышту на волю выйшла Анастасія Перавошчыкава
Анастасія Перавошчыкава з сяброўкамі. Фота: Анатоль ЛІПСКІ, “Народная Воля”

“Адбіралі матрасы, коўдры, падушкі. Абмяжоўвалі магчымасць карыстацца кніжкамі. Не лічу сябе нейкім парушальнікам ці заўзятай актывісткай. Але калі нават чалавек у чымсьці і вінаваты, то да яго ўсё роўна варта ставіцца па-чалавечы. Моцную падтрымку аказвалі людзі праз лісты. Пісалі з Гомля, Мінска. На волі гэта не так успрымаецца, а ў ізаляцыі вельмі важна”, – дадае Анастасія.

Перавошчыкава скончыла Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, патрэбныя гады пасля вучобы адпрацавала ў Светлагорску судмедэкспертам. Вярнулася ў Гомель.

Першы раз Анастасію пакаралі паводле “народнага артыкула” 23.34 КаАП за  нейкія здымкі на фоне бел-чырвона-белага сцяга,  імаверна,  і за фота з плакатам “Вярнуў Кандрусевіча? Вярні выбары!”. А далей міліцыянты штампавалі справы як на канвееры, відавочна, каб рапартаваць пра кіпучую дзейнасць у барацьбе з іншадумствам.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой: