Янкель і Шыфра (Зинаіда) Готлібы. Фотаздымак Вольгі Івановай з помніка на пахаванні.

У 1930-я гады ў Ліплянскай прыгараднай гаспадарцы на Палессі, якой кіраваў Янкель Готліб, вырошчвалі кавуны. У вайну яўрэйская сям’я Готлібаў загінула, а іх магіла стала месцам калектыўнай памяці. Піша кандыдатка гістарычных навук Вольга Іванова на старонках часопісу «Наша гісторыя».

У № 9/2019 «Нашай гісторыі» ў артыкуле «Гадамі хавалася ў лясах, каб зноў не саслалі» расказвалася гісторыя вялікай заможнай сям’і млынароў Ранчынскіх з вёскі Ліпляны пад Лельчыцамі, якую ў 1930-я гады панішчылі і расцярушылі па свеце калектывізацыя і сталінскія рэпрэсіі. Тут жа гаворка пойдзе пра лёс іншай мясцовай сям’і — яўрэяў Готлібаў, для якіх катастрафічным стаў пачатак ужо наступнага дзесяцігоддзя.

Прадпрымальнік і кіраўнік

Ліпляны месцяцца ўсяго за 4 кіламетры ад Лельчыц, цяперашняга райцэнтра на паўднёвым захадзе Гомельскай вобласці. Лельчыцы былі мястэчкам, а таму ў іх, як і ў любым іншым беларускім паселішчы такога тыпу, жыло шмат яўрэяў. Былі тут і кагал, і малітоўны дом. У суседніх жа Ліплянах яшчэ ў 1920-я гады прысутнасць яўрэяў была хутчэй сімвалічнай: тут жылі толькі тры яўрэйскія сям’і.

У канцы 1920-х — пачатку 1930-х, часы суцэльнай калектывізацыі, у Ліплянах з’явілася яшчэ адна яўрэйская сям’я — Янкеля Готліба. Акрамя самога гаспадара, яна складалася з ягонай жонкі Шыфры, якую мясцовыя жыхары называлі Зінаідай, і трох дзяцей: дваіх сыноў і адной дачкі.

Готлібы пастаянна жылі ў Лельчыцах, але Янкель быў кіраўніком т.зв. «прыгараднай гаспадаркі», якая знаходзілася ў Ліплянах. Тут вырошчвалі капусту, памідоры, моркву, буракі, агуркі, цыбулю, клубніцы і нават экзатычныя для таго часу кавуны.

Гаспадарку і яе кіраўніка дагэтуль памятаюць цяперашнія вяскоўцы. Постаць Янкеля Готліба ў памяці ліплянцаў спалучае і тыпізаваныя рысы яўрэя-прадпрымальніка, і арыгінальнае ўспрыняцце яго як кіраўніка-пана. Згадваюць, што вырашчаная ў гаспадарцы прадукцыя адпраўлялася нават у Ленінград. Янкель разбіраўся не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і ў іншых галінах эканомікі, таму, як кажуць вяскоўцы, «у наш час быў бы вялікім бізнэсменам». Успаміны пра яго і ягоную сям’ю надзвычай цёплыя і душэўныя: вяскоўцы сябравалі з Готлібамі і высока цанілі гаспадарчыя здольнасці Янкеля.

Янкель і Шыфра. Як жыхары вёскі пад Лельчыцамі хавалі, але так і не змаглі выратаваць сваіх яўрэяў
Магіла Гоблібаў. Фота Вольгі Івановай.

Перад самай вайной ужо дарослы старэйшы сын Янкеля і Шыфры, імя якога ніхто з вяскоўцаў ужо не памятае, быў прызваны ў войска і стаў лётчыкам. З бацькамі засталіся двое малодшых дзяцей: шаснаццацігадовая дачка Хана, якую і цяпер згадваюць як даўгакосую неймаверную прыгажуню, і дванаццацігадовы сын Майсей, якога па-вясковаму называлі Муся.

Дзве расправы

Улетку 1941 года пачалася вайна, і неўзабаве ў Лельчыцы і Ліпляны прыйшлі немцы. З самага пачатку ў іх планах было поўнае фізічнае вынішчэнне яўрэйскага насельніцтва.

Першыя масавыя расстрэлы яўрэяў у Лельчыцах адбыліся 4 верасня 1941-га. У той дзень нямецкія салдаты сагналі ў двор былога НКВД і раённага Дома культуры каля 700 яўрэяў, у тым ліку і тыя сем’і, што ўцяклі сюды з суседняга Тураўскага раёна. Пасля іх пагналі ва ўрочышча Загор’е. Там яўрэяў прымусілі выкапаць глыбокія ямы, а пасля ставілі тварамі да іх і расстрэльвалі. Для закопвання магілаў спачатку пакінулі 15 чалавек, але пасля расстралялі і іх. Усяго, паводле нямецкіх справаздач, тады загінула больш за 720 чалавек.

Пра ўсё гэта добра ведалі ліплянцы. Паводле сведчання адной з іх, Клаўдзіі Лось, яна сама, хоць і не бачыла расстрэлаў на ўласныя вочы, чула адчайныя крыкі ахвяраў — яны разносіліся далёка навокал. Магчыма, гэта ўсяго толькі дзіцячая інтэрпрэтацыя тых падзей, бо Загор’е знаходзілася далёка ад Ліплян. Але, несумненна, жыхары вёскі ведалі пра тое, што адбывалася, пераказвалі адзін аднаму і глыбока перажывалі гэтую трагедыю. Іван Лось прыгадваў, што пасля вайны з той гары бралі пясок для падсыпання вуліц і ў тым пяску нібыта знаходзілі залатыя рэчы, што былі ў кішэнях забітых яўрэяў.

Увосень таго ж 1941 года ў Лельчыцах арганізавалі гета, куды сабралі рэшту ацалелых яўрэяў з усяго Лельчыцкага раёна. Вясной 1942-га, калі тут набралася каля 200 чалавек, расстралялі і іх.

Янкель і Шыфра. Як жыхары вёскі пад Лельчыцамі хавалі, але так і не змаглі выратаваць сваіх яўрэяў
Памятны знак на месцы масавага яўрэйскага пахавання ў былым урочышчы Загор’е. Цяпер новы мікрараён горада Лельчыцы. Фота Вольгі Івановай.

Калі ўлічыць ахвяр першага расстрэлу, то ў Лельчыцах у тыя месяцы загінула каля тысячы яўрэяў. Для жыхароў прылеглых Ліплян гэта быў час этычнага выбару і перажывання маральнай траўмы, якая захавалася нават ва ўспамінах пасляваеннага пакалення. Ніне Лось маці расказвала, што пасля знішчэння яўрэяў яны з сяброўкай пайшлі ў Лельчыцы паглядзець на пакінутыя яўрэйскія хаты. У адной з іх дзяўчаты панабіралі прыгожых гузікаў, але бацькі, пабачыўшы, насварыліся на іх і загадалі адразу ж занесці ўсё назад.

Як загінулі Готлібы

Сям’і Янкеля Готліба спачатку пашчасціла ацалець. Падчас першай аблавы Готлібы збеглі з Лельчыц у Ліпляны і тут хаваліся каля месяца — па розных звестках, ці да канца верасня, ці да пачатку кастрычніка 1941-га. Спрыяць ім было небяспечна, бо за дапамогу яўрэям расстрэльвалі. Але некаторыя ліплянцы ўсё ж рызыкавалі і дапамагалі няшчасным, як, напрыклад, маці пяцярых дзяцей Хрысціна Лось. Не толькі Готлібам, але і некаторым іншым яўрэям, што здолелі ўцячы з Лельчыц.

Але выратавацца сям’я Готлібаў усё ж не здолела. Іх гібель у памяці ліплянцаў звязваецца з дзеяннямі паліцэйскіх. Па адной версіі, апошнія былі мясцовымі, па другой — паходзілі з вёскі Дуброва, а па трэцяй — былі прышлымі ўкраінцамі, што жылі ў гэтай мясцовасці яшчэ да вайны.

Часам гавораць, што паліцэйскія толькі схапілі сям’ю Готлібаў і перадалі немцам. Апошняе, аднак, малаверагодна: карны атрад войскаў СС, які знішчаў лельчыцкіх яўрэяў у пачатку верасня, да канца месяца ўжо змяніў месца дыслакацыі. У той жа час у Лельчыцах пачало стварацца гета, куды Готлібы, несумненна, спачатку трапілі б, каб іх сапраўды перадалі немцам.

Янкель і Шыфра. Як жыхары вёскі пад Лельчыцамі хавалі, але так і не змаглі выратаваць сваіх яўрэяў
Вокладка кнігі Вольгі Івановай пра Ліпляны.

Насамрэч, як выглядае, падзеі развіваліся вельмі імкліва. Готлібы ратаваліся ўцёкамі ў бок Лельчыцаў, але пераследнікі нагналі іх ужо каля самага мястэчка. І на тым самым месцы, дзе злавілі, іх і расстралялі. Відаць, была нейкая прычына для такіх спешных дзеянняў: ці то каты былі раззлаваныя пагоняй, ці то спадзяваліся на матэрыяльную выгаду. Пра гэта мы, відаць, ужо не даведаемся, як не высветлім таксама, кім дакладна былі тыя забойцы.

Пра абставіны ж расстрэлу захаваліся ўспаміны. Некаторыя бачылі ўсё з недалёкага лесу і пазней расказвалі іншым. Кажуць, што старэйшых Готлібаў прымусілі капаць сабе магілу. Спачатку расстралялі бацькоў, а потым дзяцей. Казалі, у дзяўчынкі ад страху здарыўся сардэчны прыступ і яна ўпала ў магілу сама.

Зорка Давіда на месцы чырвонай

Старэйшы сын Янкеля і Шыфры ў час гэтай трагедыі быў на фронце. Ён служыў у авіяцыі, прайшоў праз усю вайну і застаўся жывы. У 1950-я ён паставіў помнік на месцы расстрэлу сваёй сям’і, зрабіўшы надпіс: «Погибли. Сентябрь 1941 г. Готлиб Я. Х., Готлиб Х. Я., Готлиб Ш. А., Готлиб М. Я. Всегда скорблю и помню. Ваш сын и брат». Некалькі разоў ён прыязджаў у Ліпляны і пасля таго.

Янкель і Шыфра. Як жыхары вёскі пад Лельчыцамі хавалі, але так і не змаглі выратаваць сваіх яўрэяў
Фрагмент помніка Готлібам. Фота Вольгі Івановай.

А пахаваннем гэтым, якое знаходзіцца ва ўрочышчы Елье ў лесе паміж Ліплянамі і Лельчыцамі, з таго часу пачалі апекавацца вучні і настаўнікі Ліплянскай школы. Першапачаткова ўверсе на помніку была пяціканцовая чырвоная зорка. Але не так даўно гэты знак знік, а пад памятным надпісам з’явілася шасціканцовая жоўтая зорка Давіда.

Месца пахавання Готлібаў, як і сама гісторыя гэтай сям’і, сталі часткай калектыўнай памяці ліплянцаў. Лідзія Мешчанка прыгадвала: «Мая мама пры жыцці мне, можа, 20 разоў гэта расказвала. І ўсе суседкі. Сядзяць на вуліцы і заўсёды вось гэта расказвалі. І я так запомніла. Памятаю ўсё гэта слова ў слова».

Трагедыю мясцовага яўрэйскага насельніцтва ліплянцы ўспрынялі вельмі блізка да сэрца. Верагодна, што менавіта яна змяніла стаўленне вяскоўцаў да нямецкай улады: ад асцярожнага чакання напачатку да разгортвання пэўнага супраціву і падтрымкі партызанскага руху пасля. Гэтыя ж падзеі падзялілі вяскоўцаў на тых, хто хаваў, дапамагаў і спачуваў яўрэям, і тых, хто так ці інакш спрычыніўся да іх гібелі.

Адметна, што пахаванне Готлібаў для ліплянцаў стала месцам памяці яшчэ ў савецкія часы, у той час як месцы масавых расстрэлаў у Лельчыцах доўгі час былі цалкам занядбаныя.

Поделиться ссылкой: