Затрыманні ў Мазыры: хто яны, заўзятары «Славіі»?
Скриншот видео МВД

Прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што ў Мазыры затрымалі 11 мясцовых жыхароў, якія ўдзельнічалі ў жніўні ў «масавых беспарадках». Узрост затрыманых – ад 18 да 27 гадоў. Аднаму з падазраваных 54 гады і “ён не ўваходзіць ў групіроўку”, – паведамляе афіцыйны канал.

Паводле інфармацыі МУС, «спецаперацыя па іх затрыманні праводзілася 4 траўня пры сілавой падтрымцы байцоў ГУБАЗіКу і САХР».

«Увечары 11 жніўня на бульвары Юнацтва агрэсіўна настроеныя асобы распылялі ў праваахоўнікаў газавыя балончыкі, кідалі ў іх камяні. У выніку адзін супрацоўнік пацярпеў, службовыя аўтамабілі былі пашкоджаныя. Спыняць парушальнікаў прыйшлося папераджальнымі стрэламі ў паветра. Вядома, што дзесяць фігурантаў (ад 18 да 27 гадоў) уваходзяць або раней уваходзілі ў мясцовую каляфутбольную групоўку праварадыкальнай накіраванасці», – напісала прэс-служба МУС.

У Мазыры мясцовыя праваабаронцы праз знаёмых і сяброў высветлілі прозвішчы большасці затрыманых. Гэта: Вадзім Свінцецкі, Сяргей Гадыеў, Аляксандр Сузько, Мікіта Бандарэнка, Віталь Мелех, Данііл Скіпальскі, Эдгар Максіменка, Павел Дворак, а таксама 54-гадовы Уладзімір Панфіленка, які не належыць да фанацкага руху.

Затрыманні ў Мазыры: хто яны, заўзятары «Славіі»?
Калаж з тэлеграм-канала gubopRB

Паводле крыніц мазырскіх праваабаронцаў, затрыманыя хлопцы насамрэч заўзелі за футбольны клуб «Славія», але ніякіх праяваў радыкалізму не выяўлялі. Не былі яны заўважнымі і на шматтысячных шэсцях, якія адбываліся ў Мазыры ў жніўні і верасні. Аднак не выключана, што хтосці з іх удзельнічаў у мірных сходах, што ладзіліся вечарамі ў першыя дні пасля выбараў спачатку на плошчы Леніна, ў цэнтры гораду, а потым на бульвары Юнацтва. Людзі спрабавалі дамагчыся агалошвання сапраўдных вынікаў галасавання на кожным выбарчым участку.

Тады, міліцыянты, разам са службоўцамі ўнутраных войскаў, ужывалі супраць удзельнікаў мірных сходаў нематываваны гвалт, жорстка затрымлівалі і збівалі гараджанаў, гаворыцца ў паведамленні праваабаронцаў.

Зазначаецца таксама, што мінулай восенню ў Мазыры ўжо асудзілі двух не паўнагадовых хлапцоў – Юрыя Мельчанку і Сяргея Лягуна, якія 11 жніўня 2020 году кінулі камяні ў бок аўтамабіля ўнутраных войскаў. Маладзёнаў прызналі вінаватымі ў парушэнні грамадскага парадаку і непадпарадкаванні супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой: