З Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі звальняюць за палітыку
Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. Ілюстрацыйны здымак

Апошні месяц у НЦПІ, які падпарадкоўваецца Адміністрацыі прэзідэнта, праходзяць палітычныя чысткі. Працу страцілі ўжо 15 чалавек, і гэта далёка не канец.

Пра тое, як там рэпрэсуюць іншадумцаў, Радыё Свабодзе расказалі дзеючыя і звольненыя дзяржаўныя службоўцы і супрацоўнікі НЦПІ. Рэдакцыя ведае іх сапраўдныя імёны, пасады і мае здымкі працоўнага пасведчання.

Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі займаецца зборам, апрацоўкай і распаўсюдам прававых актаў. Менавіта пасля публікацыі цэнтрам дакументу на партале pravo.by ён і набывае законную моц. Функцыя НЦПІ – гэта акурат абслугоўванне згаданага парталу.

«Дырэктар казаў, што мы служым прэзідэнту»

У красавіку, як расказвае Вольга, у цэнтры нечакана праз дзень або два пачаліся незразумелыя звальненні.

«Спачатку былі чуткі, што 15 чалавек мусяць звольніць. Выклікалі нават дзяўчыну, якой яшчэ месяц заставаўся ў дэкрэце. І звольнілі. Яна расказала потым, што падпісвалася за Бабарыку, і так мы зразумелі, што пайшлі палітычныя чысткі. Але яны шукалі любую фармальную зачэпку, каб было ўсё законна. Гэта ж Адміністрацыя прэзідэнта. Уявіце, што будзе, калі яшчэ і яна пачне бунтаваць», – кажа супрацоўніца НЦПІ.

Начальнікі аддзелаў, паводле яе, самі былі ў шоку ад такіх дзеянняў кіраўніцтва. Усе звольненыя гадамі працавалі ў цэнтры, і начальства ніколі ня мела да іх пытанняў або прэтэнзій.

«Дырэктар выклікаў людзей і казаў, што нібыта на іх паступіла нейкая папера з Адміністрацыі, і маўляў, вашыя погляды не супадаюць з нашымі падыходамі, а мы служым аднаму прэзідэнту, Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Прапаноўваў напісаць заяву па ўласным жаданні». – расказвае Вольга.

«Скандаліць і трымацца за гэтую працу пасля ўсяго, што сталася, ня бачыў сэнсу»

Адзін са звольненых спецыялістаў – Мікалай (рэдакцыя Радыё Свабоды ведае яго сапраўднае імя). Прычын, з якіх Мікалая звольнілі, яму ніхто не патлумачыў. Падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў падчас выбарчай кампаніі ён не паспеў, пасля выбараў ён не сядзеў на сутках, нават не затрымліваўся.

«Калі б я падпісаўся за Бабарыку ці Ціханоўскую, то ведаў бы, за што звольнілі. Але я не падпісаўся. Прызнаюся, тады я яшчэ ня верыў, што нешта можа ў краіне замяніцца. У мяне ў вакне нейкі час вісеў бел-чырвона-белы сцяг, але ня ведаю, ці яны пра такое маглі ведаць. Я таксама катэгарычна адмовіўся ўдзельнічаць у першым праўладным мітынгу, на якім выступаў Лукашэнка. Можа, і за гэта маглі затаіць крыўду. Тады, 16-га жніўня, я пайшоў на свой мітынг, на бел-чырвона-белы. Магчыма, яны праверылі, дзе ў выходныя дні, калі былі маршы, знаходзіўся мой тэлефон. А я летам і ўвосень па нядзелях «гуляў« па Мінску».

Нягледзячы на тое, што афіцыйна Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі падпарадкоўваецца Адміністрацыі прэзідэнта, Мікалай кажа, што ніколі не галасаваў за дзейную ўладу і не падтрымліваў яе. Калі і выхадзіў раней на выбары, то стараўся рваць бюлетэнь на дзве часткі, каб паказваць дзецям дома, што ягоны голас ня скралі. Сваю працу ён заўсёды лічыў важнай, бо яна ня мела ніякага дачынення да рэпрэсій ці да парушэння Канстытуцыі.

«Само існаванне нашага цэнтру ня мела палітычнай падаплёкі. Але скандаліць і трымацца за гэтую працу, хоць я і няблага зарабляў, ужо не хацелася. Ня бачыў сэнсу пасля ўсяго, што сталася. Я першы дзень пасля выбараў плакаў, калі ехаў на працу. Сядзіш, спрабуеш прабіцца праз блакаду інтэрнэту, каб хоць нешта даведацца. А яны ж у цэнтры, як я цяпер разумею, цудоўна ведалі, колькі дзён ня будзе сувязі. У нас былі запланаваныя ютуб-канферэнцыі на чацвёрты дзень пасля выбараў. Уявіце, тры дні ў краіне няма інтэрнэту, а яны там спакойна ходзяць, усё плануюць на чацвер, ніхто не хвалюецца, нічога не адмяняюць. Іх пэўна папярэдзілі, што інтэрнэту ня будзе тры дні. Я з таго часу моцна схуднеў, не магу па начах спаць».

«Цэлыя аддзелы не падпісалі ліста афіцыйных прафсаюзаў»

Мікалай кажа, што ня верыў у магчымасць нейкіх зменаў ажно да дня выбараў, калі пабачыў на ўчастку амаль усіх сваіх суседзяў са 100-кватэрнага дому.

«Былі чэргі, камісіі не хапала бюлетэняў. Мяне гэта моцна натхніла. Нават назіральнікі дзівіліся, што калі 40% прыйшлі афіцыйна датэрмінова, то з днём выбараў будзе разам 140%. Увечары мы пайшлі на ўчастак. Нас разагналі з міліцыяй і АМАПам, а настаўнікаў з камісіі выводзілі ў аўтобус пад канвоем. Сумневы, што нешта будзе, былі і пасля першага дня. Але калі і пасля першага разгону людзі ўсё роўна выйшлі, то стала зразумела – нешта замянілася. І мы таксама далучыліся. Мая жонка была ў «ланцугах салідарнасці», я хадзіў на нядзельныя маршы».

Як даведалася Свабода, хаця НЦПІ і структура Адміністрацыі прэзідэнта, некалькі дзяржаўных службоўцаў падпісалі там ліст, які ініцыяваў Павал Латушка. А шмат людзей не падпісалі ліста афіцыйных прафсаюзаў супраць санкцыяў.

«Здавалася б, Адміністрацыя прэзідэнта, але іх не змаглі прымусіць. Але пагрозамі і дробным шантажом спрабавалі націснуць. І цяпер тыя, хто не падпісаў таго ліста, чакаюць, што іх таксама могуць звольніць. А ў нас жа цэлымі аддзеламі не падпісвалі гэтыя лісты. Хаця мы і не завод, але ўсіх у адзін момант яны звольніць ня могуць, нехта мусіць працаваць. Але кропкава, па чалавеку з аддзелу, звальняюць. Вядома, што плануюцца чарговыя звальненні». – расказвае Свабодзе іншы звольнены з Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі.

Паводле яго, адкрытых праціўнікаў улады ў цэнтры – каля 30% супрацоўнікаў. Сярод іх ёсць і начальнікі аддзелаў. Недзе 10% могуць шчыра са сцягамі пайсці на праўладны мітынг. А рэшта – пасіўныя людзі, якія будуць «сядзець і чагосьці чакаць».

«А начальства паставіла сабе ўстаноўку: «Нічога ня бачу, нічога ня чую». Але ўсё яны цудоўна разумеюць, яны ж адукаваныя людзі. Яны сябе прадалі ня толькі за грошы, але і за статус. У нас у цэнтры ўвялі сістэму кантролю доступу, калі па картках адбіваецца прыход і адыход з працы. Зразумела, што дырэктарам і намеснікам трэба часам выходзіць на нейкія нарады, і яны таксама мусяць адбіваць картку. Зрэшты, ніхто б яго ні лічыў, выйшаў ты пазней ці раней. Але не, яны выходзяць, і ахоўнік ім адчыняе браму. Ім трэба паказаць, што ў іх статус. Вы, маўляў, халопы, хадзіце праз сістэму, а мы нават картку адбіваць ня будзем, каб нас ніхто не кантраляваў». – расказвае мужчына.

«Ідэю, за якую яны выходзілі, ніякімі палкамі з галавы ня выб’еш»

Звольнены нядаўна Мікалай пакуль ня ведае, чым будзе займацца і як зарабляць на жыццё, каб пракарміць сям’ю. Але спадзяецца, што, пабачыўшы такую хвалю салідарнасці беларусаў з мінулага лета, з голаду не памрэ.

«Цяпер беларус беларусу беларус, у добрым сэнсе. Свет поўны добрых людзей, а тым больш беларусаў… Нешта будзе. Пасту ў цюбік ужо не запхнеш. Я ў 1996 годзе быў на Чарнобыльскім шляху, спачуваў людзям у 2010-м. Людзей тады было шмат, але цяпер гэта іншы свет. Беларусь моцна замянілася, і гэтага не спыніць. Хтосьці кажа, што пратэсты здзьмуліся. Дык і ў 1943 годзе можна было выйсці ў цэнтр Мінску і спытаць, дык а дзе вашыя партызаны, чаму ж ніхто не супраціўляецца? Нельга ісці супраць кулямёта з вінтоўкай. Хто быў на мітынгах улетку і ўвосень, бачыў гэтыя сотні тысяч людзей, мільёны за ўвесь час, і ніколі не паверыць, што беларусы могуць здацца. Гэтае адчуванне, калі ты сярод сваіх людзей, разумных і прыгожых, якія жадаюць перамен, словамі нельга перадаць. Людзей можна на некаторы час пасадзіць, але ідэю, за якую яны выходзілі, ніякімі палкамі з галавы ня выб’еш».

Поделиться ссылкой: