Зорачку славы журналісткі Людмілы Гладкай доўга прыхоўвала захмаранае неба. Здаецца, і служыла яна ў адпаведным месцы – у ведамаснай міліцэйскай газеце, дзе зорачкі позна ці рана атрымліваюць усе. А вось жа не фарціла – хоць галавой аб сценку біся. Усе зорачкі праляталі міма, прызямляючыся на чыесьці пагоны.

Захмаранае неба над галавой шэранькай крымінальнай хранікёршы неспадзявана праяснілася ў мінулагоднім жніўні, калі ў дзяржаўных СМІ рэзка ўзрос попыт на пішучую брацію без тармазоў і стоп-сігналаў у галаве. Іх супрацоўнікам дазвалялася ўсё: хлусня, абразы, падтасоўкі, маніпуляцыі, перакручванне фактаў, паклёпы. Гэтая рабочая атмасфера і стала для Гладкай найспрыяльным асяроддзем. Яна перайшла на працу ў «СБ. Беларусь сегодня» і проста расцвіла, як лілея ў застаялай, пакрытай жабурыннем сажалцы.

«Минск благодаря действиям силовиков очищен от мрази», – тачыла адманікюраныя на ранейшай працы кіпцюрыкі аб камп’ютарную клавіятуру ў мары свайго жыцця – «прэзідэнцкай» газеце – Людміла Гладкая, расказваючы пра чарговы масавы хапун.

«Газовые баллончики, пневматика, ножи, металлическме трубы, б-ч-б символика и, возможно, наркотики», – без ценю сумнення на загад начальства «ўзбройвала» яна мірныя шэсці чым папала, што ў галаву прыходзіла.

А калі ва ўласным двары быў забіты Раман Бандарэнка, кіпцюрыкі цынічна набралі на клавіятуры словазлучэнне «сакральный труп». Маўляў, забойства тое таемна здзейснілі ўсё тыя ж «мрази» з апазіцыі, каб згуртаваць свае разрозненыя шэрагі над ахвярай рэжыму…

Хто ветру служыць, таму дымам плацяць – гаворыць народная прыказка. Але, надыхаўшыся тым заробленым «дымам», можна ўчадзець да страты прытомнасці. Падобна на тое, што Гладкая няслаба ўчадзела. І ў такім стане днямі ў сваім тэлеграм канале адгукнулася на нядаўнюю калонку Марыны Коктыш пра зладжаную ўладай блакаду «Народнай Волі».

Колькі ў аслабленым кругласуткавай інфармацыйнай вайной арганізме Гладкай СО2, мяркуйце самі, вось яе водгук: «Представьте ситуацию. 4 мая 1945 года. Недобитый рупор НСДАП «Фёлькишер беобахтер» пишет полную слез и обиды на Красную Армию заметку, что Совинформбюро и союзники отказывются печатать агитлисток «Штурмовик».

Прачытаўшы гэтае трызненне, перадрукаванае, дарэчы, «Желтыми сливами» і другімі пахнучымі фекаліямі тэлеграм-каналамі, хочацца прамыць вочы і прадэзінфікаваць рукі. Ад такіх вар’яцкіх параўнанняў на тым свеце ў пякельнай смале, відаць, зайздросна застагнаў Гебельс – у яго прапагандысцкай машыне гэткіх работнічкаў яўна не хапала.

Параўнаўшы «Народную Волю» з фашысцкімі газетамі, Гладкая, між іншым, шпурлянула важкі камень у агарод Міністэрства інфармацыі. Бо, нягледзячы на ўсе праблемы з друкарскім варштатам, «Народная Воля» працягвае заставацца выданнем легальным – мае адпаведную дзяржаўную ліцэнзію. Гэткую самую, як працадаўца Гладкай – «Беларусь сегодня».

Ведае пра гэта гора-журналістка? Ведае. І тым не менш, дагаджаючы сваім апекунам, валіць без сораму на любую сторану. Не забываючыся тузянуць за вяровачку, каб «жоўтыя злівы» разнеслі яе «прадукцыю» па ўсёй тэлеграм-каналізацыі.

А перад сваім заечым наскокам на «Народную Волю» Людміла Гладкая абвясціла свяшчэнную вайну «газават» парталу «TUT.BY» – напусціла чаду і на яго. Яе артыкул у «СБ» гучаў як прысуд – «О предателях, экстремистах и их подпевалах». І заканчваўся канкрэтным заклікам: «Пора признать его (TUT.BY) экстремистским – в интересах национальной безопасности».

Нагадаю: гэта словы не пракурора на судовым разбіральніцтве, а журналісткі дзяржгазеты з рэгістрацыйным нумарам 1 (бессаромна забраным адносна нядаўна ў куды больш старэйшай «Звязды»). Здавалася б, калі не поп, дык не ўбірайся ў рызы. І без цябе рызаносцаў хапае. Але Гладкая, відаць, вырашыла: калі буду вісець, то лепш за абедзве нагі. І – зноў пускае ў ход і кіпцюрыкі, і язык (спатрэбілася і на БТ).

Што ж, я не крыважэрны, і жадаю не паважанай мною Людміле Гладкай жыць доўга. Але калі ўсё ж прыйдзе пара развітацца з гэтым светам і згаданы вышэй сумна вядомы доктар прапаганды пакліча яе ў сваю кампанію, што застанецца?

У падшыўцы «СБ» віскатлівы радок і на беларускай зямлі грудок?

А на грудку тым хто што напіша?

Я не вялікі спецыяліст у пахавальнай сферы, але ў дадзеным выпадку, здаецца, прыйшоўся б да месца кароценькі верш Кандрата Крапівы пра адзін вёртка-паслужлівы язычок: «Вось дык гладзіць! / Вось дык ладзіць! / Вось дык ліжа! / Ніжай! Ніжай! / Яшчэ вазьмі / вось тут лізні / разоў ля ста / каля хваста… / Вось бы гэты язычок / у прыбіральню на цвічок!».

Не дай Бог заслужыць такую эпітафію.

Публікацыя – з № 34 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: