Валерыя Латош

«Усё было вельмі душэўна»

Палітвязень Міхаіл Юдзін і Валерыя Латош пабраліся шлюбам у гродзенскай турме. Яны пражылі разам амаль 15 гадоў, і толькі цяпер жыццёвыя абставіны прымусілі іх паставіць штамп у пашпарце.

…Валерыя толькі што выйшла з турмы, дзе адбывае пакаранне яе муж. Яе сустракаюць сябры і незнаёмыя людзі з кветкамі, шампанскім. Віншаванні, пажаданні… Жанчына выглядае як сапраўдная нявеста – у белым касцюме з прыгожым чырвоным букетам у руках. На правай руцэ – заручальны пярсцёнак. Хаця няцяжка ўявіць, што творыцца ў яе душы.

– Цырымонія ў турэмным пакоі – рэч незвычайная, – распавядае Валерыя. – Я зайшла туды, а ў куточку ў невялікай клетцы сядзіць Міша. Я адразу працягнула руку і першы раз больш як за 7 месяцаў дакранулася да яго…

Жаніх быў апрануты так, як звычайна ў турме: майка, швэдр…

– Пра тое, што сёння будзем браць шлюб, яго ніхто не папярэдзіў, – кажа жанчына.

Потым Міхаіла выпусцілі з клеткі, яна абняла і пацалавала нарачонага. Ён быў уражаны, убачыўшы Валерыю, захапляўся яе прыгажосцю і не мог на яе наглядзецца.

– А як жа, я усё ж такі нявеста! – усміхаецца Валерыя.

Пакуль афармляліся дакументы, паспелі пагаварыць. Жанчына прызнаецца: ніколі не бачыла каханага такім скаваным.

– Рэгістратар казала прыгожыя словы, і мы з Мішам паўтаралі іх. Праўда, ад хвалявання я пра шмат што забыла, але ўсё было вельмі душэўна.

Шлюбнага пярсцёнка Мішу не пакінулі, яго паклалі ў прыгожы куфэрак, і Валерыя забрала яго з сабой. А на яе правай руцэ пярсцёнак адметна пабліскве.

«Прычынай стала турма»

Валерыі Латош – 39 гадоў, Міхаілу Юдзіну – 45. У іх дзве дачкі – 12 і 8 гадоў. На пытанне, чаму не распісліся раней, Валерыя нават не ведае, як адказаць. Кажа: пэўна, быт зацягнуў, было не да ўрачыстасцяў.

– Хаця мы ўсё ў сям’і планавалі, у тым ліку і дзяцей, – згадвае яна. – Задумваліся над тым, каб абвянчацца ў храме, але не дайшло да гэтага.

– Пасля таго як Мішу асудзілі, я не магла перадаць яму перадачу, не магла прасіць аб спатканні, бо юрыдычна лічылася для яго чужым чалавекам, – кажа жанчына. – А ў яго, акрамя мяне і дзяцей, з родных людзей нікога ўжо няма. Таму я прыйшла і сказала: будзем афармляць адносіны юрыдычна.

Валерыя і Міхаіл вучыліся ў адной школе, пачалі сустракацца на дыскатэках, але потым іх дарогі разышліся. Міша пабраўся шлюбам з іншай жанчынай, у яго нарадзіўся сын, але сумеснага жыцця не атрымалася. Праз нейкі час ён сустрэўся з Валерыяй, і больш яны не расставаліся.

Міша ў мінулым спартсмен – прафесійна займаўся плаваннем і барацьбой, але кар’еру па стане здароўя давялося спыніць. Пракарміць сям’ю на стаўку трэнера не было магчымасці.

– У яго залатыя рукі – ён займаўся будаўніцтвам і мог сам пабудаваць дом ад фундамента да даху, – распавядае жанчына. – Пасля таго як у Беларусі стала праблематычна зарабіць, ездзіў за мяжу і працаваў на будоўлях.

Валерыя паводле адукацыі юрыст, працавала па спецыяльнасці, але пасля таго, як Мішу арыштавалі, ёй кантракт не працягнулі.

Усё здарылася нечакана

Міхаіла Юдзіна затрымалі 27 верасня 2020 года побач з кінатэатрам «Усход» у Гродне. Яны з Валерыяй выходзілі з кіно, а на вуліцы хапалі пратэстоўцаў. Міша ўступіўся за дзяўчыну, якую цягнулі амапаўцы, і яго затрымалі. Напачатку Юдзіна аштрафавалі на 15 базавых велічынь, а пазней Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу паводле артыкула 364 КК – насілле альбо спроба насілля ў адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. 30 сакавіка яго і яшчэ траіх мужчын асудзілі да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Праваабаронцы прызналі асуджаных палітычнымі вязнямі.

– Пасля суда Міша вельмі асунуўся. Ён, напэўна, яшчэ на нешта спадзяваўся, але спадзяванні не спраўдзіліся, – распавядае Валерыя. – Аднак на наступным спатканні я ўбачыла іншага чалавека. Ён распавядаў, што ў дзень атрымлівае па 5–6 лістоў ад незнаёмых яму людзей, якія падтрымліваюць яго дух. Гэта было нешта незвычайнае!

Зараз у «Фэйсбуку», распавядае жанчына, знаходзіць паведамленні, у якіх людзі пішуць, што атрымалі ад Міхаіла ліст, і цытуюць яго. Валерыя збірае такія рэчы для архіва, каб потым паказаць мужу.

Дзеці вельмі перажываюць за тату, увесь час пытаюцца пра яго і ўсё разумеюць. 

– Я ад іх нічога не ўтойваю, кажу ўсё як ёсць, – гаворыць Валерыя.

Трохі задумаўшыся, дадае: не ўяўляе, як бы перажыла ўсе пакуты, калі б не людзі, якія не пакідаюць у адзіноце.

– Напачатку мяне здзіўляла тое, што тэлефануюць зусім незнаёмыя людзі, нават не з нашага горада, падтрымліваюць, падбадзёрваюць, дапамагаюць чым могуць. Гэта неверагодна, гэта тое, што дае сілы жыць далей!

Публікацыя – з № 34 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»