Валерый Костка. Фота: Белсат

«Народная Воля» пацікавілася, як падпалкоўнік у адстаўцы Валерый Костка адрэагаваў на тое, што застаўся без пагонаў.

– Калі на ўсё рэагаваць, што адбываецца ў нашай краіне, то можна з’ехаць з глузду! – гаворыць Костка. – Акадэмікаў і дактароў навук пазвальнялі, пазабіралі званні ў дыпламатаў! А хто такі Костка? Я ж не знакавая фігура…

Канешне, гэта абсурд. І тое, што робіцца, на мой погляд, за межамі законаў і Канстытуцыі.

Лукашэнка лічыць, што ён гэта можа рабіць, а я лічу, што мне пенсію з бюджету плаціць не ён, а народ. Дык якое права мае Лукашэнка, які, між іншым, законна не абраны на выбарах, нешта вырашаць? На маю думку, рашэнне пазбавіць мяне звання можа прыняць толькі суд, ён павінен мяне прызнаць у нечым вінаватым, і калі я нешта сапраўды парушыў, то, магчыма, і пазбавіць звання.

Лукашэнка, які пакуль утрымлівае ўладу ў сваіх руках, можа пазбавіць звання тых, хто служыць у войску, а я ўжо знаходжуся ў адстаўцы пяць гадоў, з усіх улікаў зняты і ніякаму Лукашэнку не падпарадкоўваюся. У нас з ім няма адносін «начальнік – падначалены». Я ўжо 20 гадоў як фермер! Ну і што гэта за дробныя спробы ўкусіць Костку за пятку?

У гэты спіс разам са мной трапіў і Уладзімір Барадач – «афганец», палкоўнік, двойчы ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі! Сяргей Аніська таксама ў нашай кампаніі – і ён у Афганістане выконваў інтэрнацыянальны доўг. І менавіта за гэта атрымлівае сваю пенсію!

Тое, што нас пазбаўляюць званняў і пенсій за пункт погляду на тое, што адбываецца ў краіне, – гэта нечуванае парушэнне Канстытуцыі! Я маю права мець свой погляд, сваю грамадзянскую пазіцыю і маю права на яе распаўсюджванне – гэта канстытуцыйная норма. Як і грамадзяне Беларусі маюць права выходзіць на плошчу і мірна пратэставаць супраць беззаконня. А тут атрымліваецца, што гарант Канстытуцыі з’яўляецца парушальнікам Канстытуцыі.

А ўвогуле гэта часовая з’ява, нядоўга засталося Лукашэнку кіраваць і ўтрымліваць уладу. Не бывае нічога бясконцага, вечнага. І, калі прыйдзе час, я ўсё гэта адыграю наадварот, тым больш што ў гэтым выпадку спакусіліся на мае гонар і годнасць афіцэра. З цягам часу атрымаю маральную і матэрыяльную кампенсацыю – у дзесяціразовым памеры. Усё вернецца да нормы.

Між іншым, не першы раз ужо на мяне наязджаюць. У 2011 годзе мяне выкраслілі са спісаў Камітэта дзяржбяспекі – я з’яўляўся апошнія дзесяць гадоў падпалкоўнікам Міністэрства абароны. Я тады гаварыў: ну і правільна, што пагналі з КДБ, бо я з’яўляюся супрацоўнікам спецслужб, а Камітэт дзяржаўнай бяспекі апошнім часам ператварыўся ў палітычны вышук. КДБ не павінен займацца ўнутрыпалітычнай барацьбой, са сродкамі масавай інфармацыі ў тым ліку. Задача спецслужбаў заўсёды была – забяспечыць спакойнае жыццё грамадзян: шпіянаж, знешнія ворагі, разведка, антытэрор і гэтак далей. А цяпер спецслужбы займаюцца захоўваннем інтарэсаў не дзяржавы, а дыктатара і ягонага атачэння.

Як падпалкоўнік ў адстаўцы я атрымліваў 800 рублёў пенсіі. Апошні раз меў такую суму ў маі. Якую пенсію буду атрымліваць у чэрвені – сацыяльную ці яшчэ якую, – не ведаю, паглядзім. Можа, у чэрвені ўжо і Лукашэнкі не будзе, што тут наперад забягаць. А калі будзе – пражыву! Кіну курыць і буду жыць на сто рублёў. Зараблю грошы, не застануся галодны, усё будзе нармальна. Я за гэта не вельмі перажываю. Мая нервовая сістэма ў парадку, я абсалютна спакойны. І атрымліваю задавальненне ад таго, што працую на зямлі і ёсць нейкі вынік. І я тым больш добра ўсведамляю: тое, што ў мяне сёння адбяруць, я вярну праз нейкі час, як ужо казаў, у дзесяціразовым памеры.

Трэба спакойна ўспрымаць тое, што адбываецца цяпер. Гэта не катастрофа, не трагедыя. Такі перыяд у гісторыі, калі кожны зрывае з сябе маску, паказвае свой сапраўдны твар, у тым ліку і афіцэры. Мы перажываем зараз лёсавызначальны час для Беларусі! А гэтыя дробныя паскудствы – як у той песні спяваецца? Перажывём!

Публікацыя – з № 34 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»